Электронны варыянт для бібліятэк

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Рамана МАТУЛЬСКАГА, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь сфарміравана і дзейнічае бібліятэчная сетка, якая ўключае каля 9300 публічных і спецыяльных бібліятэк. Асноўную колькасць сярод іх складаюць публічныя і школьныя бібліятэкі— 3887 і 3851 адпаведна. Погляд на бібліятэкі Беларусі як на адзіную сістэму зараз вельмі важны, таму што, у адрозненне ад папярэдніх перыядаў, праца на базе сучасных інфармацыйных камп’ютэрных тэхналогій без узаемадзеяння практычна немагчымая.

У мінулым годзе бібліятэчная справа краіны развівалася стабільна, і ў нас ёсць шэраг дасягненняў, якімі можна ганарыцца. Галоўнымі з іх з’яўляюцца захаванне бібліятэчнай сеткі і фондаў бібліятэк, недапушчэнне іх абвальнага скарачэння, што дазваляе грамадзянам нашай краіны рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права. Узмоцнена матэрыяльная база бібліятэк: апошнім часам, хаця і не часта, але ўсё ж адкрываюцца новыя бібліятэкі. Значнымі таксама з’яўляюцца зрухі ў галіне аўтаматызацыі ўстаноў: амаль трэцяя частка з іх — гэта значыць каля 1300 публічных бібліятэк — абсталявана камп’ютэрнай тэхнікай.  

Але такія пасяджэнні, як калегіі міністэрстваў, праводзяцца не столькі дзеля таго, каб падвесці вынікі, колькі дзеля таго, каб высветліць праблемы і шляхі іх вырашэння.

Новы 2010 г. аб’яўлены ў нашай краіне Годам якасці. Амаль усе галіны вытворчасці пераходзяць на выпуск прадукцыі і паслуг згодна з міжнароднымі і нават еўрапейскімі стандартамі.  

Як выглядае бібліятэчная справа краіны з гэтага пункта гледжання? З пазіцый нарматываў UNESCO, гэта значыць міжнародных нарматываў, якія з’яўляюцца больш нізкімі, чым еўрапейскія, таму што разлічаны як на ЗША, так  і Гвінею-Бісаў. 

Калі па адным з асноўных паказчыкаў — колькасці жыхароў на адну публічную бібліятэку — мы амаль адпавядаем нормам UNESCO (на 2,4 тыс. жыхароў прыпадае адна публічная бібліятэка), то па іншых паказчыках нашы справы выглядаюць далёка не так паспяхова.

Мы заўсёды ганарыліся і ганарымся вялікім аб’ёмам фондаў нашых бібліятэк. Гэты паказчык з’явіўся на досвітку савецкай улады і адлюстроўваў спачатку паспяховую барацьбу з непісьменнасцю, а потым стаўся доказам таго, што савецкі народ— самы чытаючы народ у свеце.   

Аб’ём фонду — гэта колькасны паказчык. Якасць фондаў бібліятэк адлюстроўвае другі паказчык — абарачальнасць фондаў. Па ім мы амаль у 5 разоў (на 76%) адстаём ад міжнародных норм. І гэтаму ёсць тлумачэнне.   

Нягледзячы на Указ Прэзідэнта, які выратаваў фонды бібліятэк, даў глыток свежага паветра, неабходна канстатаваць, што фонды, асабліва кніжныя, амаль поўнасцю састарэлі. Большасць публічных бібліятэк на 15-працэнтны бюджэтны ліміт могуць набыць толькі 2 — 3 газеты, для кніг сродкаў не хапае. Згодна з рэкамендацыямі UNESCO, фонд  публічнай бібліятэкі павінен абнаўляцца кожныя 10 гадоў і ў ім павінна прысутнічаць 10% кніг, выдадзеных за апошнія два гады,  а таксама 30 — 40% кніг, выдадзеных за апошнія пяць гадоў. Адпаведна, абнаўленне фонду павінна складаць 10% на год. У нашых жа публічных бібліятэках яно складае каля 2%.  

 Згодна з тымі ж стандартамі, публічныя бібліятэкі на 1 тыс. жыхароў павінны набываць 250 экземпляраў кніг і 55 найменняў перыядычных выданняў штогод. У бібліятэках рэспублікі колькасць новых паступленняў на 1 тыс. жыхароў у сярэднім складае 70 экземпляраў кніг і каля 20 найменняў перыядычных выданняў. Пры сённяшніх тэмпах —аб’ёме новых паступленняў — 1,5 млн. на год і аб’ёме фондаў публічных бібліятэк каля 60 млн. экземпляраў — мы абновім нашы фонды толькі праз 40 гадоў. Наўрад ці гэта адпавядае сучасным патрабаванням сацыяльнаэканамічнага развіцця грамадства.  

Каб забяспечыць абнаўляльнасць фондаў і іх запатрабаванасць чытачамі, неабходна павялічыць колькасць новых паступленняў і, адпаведна, фінансаванне камплектавання фондаў, як мінімум, у 4 — 5 разоў,  пры гэтым не баючыся пазбаўляцца ад макулатуры, захоўванне якой, дарэчы, патрабуе штогод значных сродкаў. 

 Гэта асноўныя праблемы, звязаныя з традыцыйнай часткай бібліятэчных фондаў. Але калі мы хочам захаваць бібліятэку як рэальны інстытут культурна-інфармацыйнай прасторы нашага грамадства, то павінны звярнуць увагу і на другую — электронную — частку бібліятэк. Асноўная маса карыстальнікаў бібліятэк — да 80% — гэта школьнікі і студэнцкая моладзь, тая частка грамадства, якая цяпер больш ахвотна працуе з электроннай, чым з традыцыйнай кнігай. Электронныя ж носьбіты патрабуюць не толькі будынка бібліятэкі і нескладанай мэблі, але і сучаснага абсталявання, ліній сувязі.

 За апошнія гады мы абсталявалі камп’ютэрамі амаль трэць публічных бібліятэк, але, каб адпавядаць міжнародным стандартам, згодна з якімі на 1 тыс. наведвальнікаў бібліятэкі павінна быць не менш чым адно аўтаматызаванае працоўнае месца, колькасць камп’ютэраў у публічных бібліятэках рэспублікі трэба павялічыць да 9672 — гэта значыць, як мінімум, у тры разы. Пры гэтым трэба ўлічваць, што перыяд старэння камп’ютэрнай тэхнікі складае 3 — 5 гадоў. Таму неабходна прадугледжваць не толькі набыццё новага абсталявання, але і мадэрнізацыю існуючага камп’ютэрнага парку. Не менш складанымі з’яўляюцца пытанні праграмнага забеспячэння і ліній сувязі.

Але камп’ютэрная тэхніка — гэта толькі сродак для таго, каб палепшыць бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва. Якія ж вынікі выкарыстання ўжо ўстаноўленага ў бібліятэках абсталявання? Шмат станоўчых. Асноўным сярод іх з’яўляецца стварэнне электронных каталогаў і сайтаў бібліятэк. Але гэта толькі першы крок, паколькі чытач хоча атрымаць у бібліятэцы не столькі даведачную, колькі паўнатэкставую інфармацыю.   

Для вырашэння дадзенай праблемы Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў пазамінулым годзе адпрацавала ў тэставым рэжыме, а ў мінулым укараніла тэхналогію абслугоўвання карыстальнікаў у аддаленым рэжыме праз сістэму віртуальных чытальных залаў. Такія залы былі адкрыты ў 36 бібліятэках па ўсёй краіне, у тым ліку, на жаль, толькі ў шасці абласных бібліятэках з амаль 4 тысяч публічных. І тое толькі таму, што мы знайшлі магчымасць адкрыць іх на бясплатнай аснове (для бібліятэк іншых ведамстваў доступ — платны). Эфектыўнасць іх выкарыстання пакуль што даволі нізкая. Але калі ў гэтым выпадку ў якасці асноўнай прычыны маруднасці можна назваць фінансавыя цяжкасці, то ў іншым выпадку, як кажуць, грошы ні пры чым. 

Электронная інфармацыйная прастора— гэта, у асноўным, замежныя мовы. Каб выправіць такую сітуацыю, НББ, у сілу сваіх магчымасцей, пачала ствараць нацыянальныя паўнатэкставыя інфармацыйныя рэсурсы. Напрыклад, “Літаратурная спадчына Беларусі ХІ— сярэдзіны ХХ стст.”, “Электронная бібліятэка— школьнікам: хрэстаматыя” (змяшчае поўныя тэксты твораў школьнай праграмы па беларускай і рускай літаратуры для 9 — 12 класаў), “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…” (прысвечана 170годдзю з дня нараджэння Францішка Багушэвіча), “Запаветны напеў, запаветная даль…Белавежская Пушча” (мультымедыйнае выданне, прысвечанае 600годдзю ўсталявання запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы), “Жыве паміж намі Дудар наш...” (DVDROM, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння паэта, драматурга, класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, юбілей якога ў 2008 г. адзначаўся пад эгідай UNESCO), “Падпольны і партызанскі друк Беларусі” (выданне прысвечана 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Гэта фактычна электронныя бібліятэкі, што ўтрымліваюць тысячы поўных тэкстаў твораў, біяграфічныя і крытычныя крыніцы, гука і відэазапісы, матэрыялы, якія часам ёсць у нас толькі ў адным экземпляры, а некаторыя копіі спецыяльна набываліся за мяжой. З імі, а таксама другімі выданнямі НББ вы мелі магчымасць пазнаёміцца ў холе нашай канферэнцзалы. Яны накіраваны на папулярызацыю беларускай культурнай спадчыны, фарміраванне патрыятычных пачуццяў і ўсведамленне нацыянальных каштоўнасцей у нашых чытачоў, але могуць выконваць і прагматычную функцыю: дапамагчы школьніку з далёкай вёскі ці  мястэчка выдатна падрыхтавацца да ўступных экзаменаў у ВНУ.

 Як гэтая магчымасць выкарыстоўваецца публічнымі бібліятэкамі краіны? Амаль ніяк. Дыск “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…” набылі 54 бібліятэкі, — гэта значыць, што адзін дыск прыходзіцца на 72 бібліятэкі, ці адзін дыск на 2 раёны. 

Пры такіх падыходах аўтаматызацыя публічных бібліятэк, на маю думку, увогуле пазбаўленасэнсу.

Для станоўчых зрухаў у гэтым напрамку неабходна змяніць падыходы да перападрыхтоўкі кадраў, іх самаадукацыі, метадычнай дзейнасці, статыстыкі і крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці бібліятэк, а галоўнае — змяніць псіхалогію іматывацыю дзейнасці галоўнага чалавека ў бібліятэцы — бібліятэкара.  

 Але не ўсё так сумна. Сёння можна канстатаваць, што бібліятэкі з’яўляюцца адным з базавых элементаў інфарматызацыі грамадства. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі былі абагульнены дасягнутыя вынікі і праблемы бібліятэчнай справы краіны і перададзены ў выглядзе прапаноў для ўключэння ў раздзел “Бібліятэчная справа” Канцэпцыі Дзяржаўнай праграмы “Культура” на 2011— 2015 гг. На нашу думку, асноўныя намаганні неабходна накіраваць на стварэнне: 

 — зводнага электроннага рэсурсу нацыянальнай бібліяграфіі, які прадставіць беларусам, а таксама сусветнай грамадскасці дасягненні кніжнай культуры нашага народа — ад першага рукапісу да сучасных выданняў; 

 — зводнага электроннага каталога бібліятэк краіны, што дазволіць нашым чытачам атрымаць не толькі інфармацыю аб наяўнасці выданняў у бібліятэках краіны, але і аб месцы іх знаходжання;

— сістэмы размеркаванага доступу карыстальнікаў да нацыянальных і замежных электронных інфармацыйных рэсурсаў, якая дазволіць ператварыць бібліятэкі ў пункты доступу жыхароў нашых населеных пунктаў, у тым ліку аддаленых, да нацыянальнай і сусветнай інфармацыйнай прасторы.

НББ таксама распрацавала Канцэпцыю пад праграмы “Стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі”, якая ўключана ў праект Канцэпцыі  Дзяржаўнай праграмы развіцця інфармацыйнага грамадства на 2011—2015 гг. Яе мэта — стварэнне на карпаратыўных пачатках паўнацэннай паўнатэкставай электроннай бібліятэкі Беларусі.   

Усе праекты прадугледжваюць цесную сумесную працу ўсіх бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў краіны незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. 

 

Раман МАТУЛЬСКІ, 

дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі