Што працуе на імідж раёна?

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Уладзіміра ШЭЛЯГОВІЧА, начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама

 Культуралагічныя працэсы, якія апошнім часам адбываюцца ў нашым грамадстве, у большасці сваёй аднолькавыя для кожнага рэгіёна Беларусі. І тое зразумела, бо асноўнымі арыенцірамі ў гэтай справе з’яўляюцца галіновыя заданні дзяржаўных праграм, зацверджаных Прэзідэнтам краіны і Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. 

Аднак, каб быць запатрабаванымі патэнцыйнымі спажыўцамі культурнага прадукту, безумоўна, кожнаму рэгіёну неабходна мець свой багаты культурна-іміджавы патэнцыял. А гэта прадугледжана абласнымі і раённымі праграмамі развіцця галіны.

Іванаўшчына— адзін з раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе добра захоўваюць традыцыі краю, жыве багаты фальклор, ёсць свая гісторыка-культурная спадчына і пэўныя дасягненні культурнага развіцця рэгіёна.

Шырокую вядомасць не толькі ў раёне набылі унікальны музей народнай творчасці ў в. Моталь, асноўны фонд якога складае звыш 28 тысяч экспанатаў, адзіная ў рэспубліцы школа бондарства, Музей Ф.Дастаеўскага, раённы Музейны комплекс Н.Орды ў в. Варацэвічы, што ствараецца ў гонар знакамітага земляка, музыканта, мастака еўрапейскага маштабу, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі”, 22 калектывы мастацкай самадзейнасці з найменнем “народны”, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі абласных, рэспубліканскіх святаў і міжнародных фестываляў. 

У рамках Праграмы адраджэння сяла адрамантаваны і набылі сучасны выгляд установы культуры аграгарадкоў, камп’ютэрызаваны бібліятэкі.  За апошнія  тры гады капітальна адрамантавана, начынена тэхнічным абсталяваннем раённая цэнтральная бібліятэка ў г. Іванава — сучасны інфармацыйна-асветніцкі цэнтр, пабудаваны і адкрыты летні амфітэатр у г. Іванава, паслядоўна вядуцца работы па адраджэнні спадчыны Н.Орды і стварэнні на яго радзіме музейнага комплексу. 

 Брэндавымі для раёна сталі рэгіянальныя фестывалі “Фальклор без  межаў”, “Мотальскія прысмакі”, які збірае шмат гасцей не толькі з Рэспублікі Беларусь, але і зза мяжы, новы подых культурнаму жыццю края даў творчы праект “Музычная гасцёўня Н.Орды” з удзелам Нацыянальнага аркестра пад кіраўніцтвам прафесара М.Фінберга, абласныя, рэспубліканскія канферэнцыі, міжнародныя пленэры разьбяроў, мастакоў таксама атрымалі прапіску ў нашым краі.

Спалучэнне традыцый краю з наватарствамі калектыву работнікаў-творцаў дапамагае на высокім арганізацыйным і прафесійным узроўнях ладзіць знакавыя культурныя падзеі рэгіёна, паспяхова рэалізоўваць галіновыя праграмы і праекты. Выніковасць крэатыўных спраў аддзела культуры дасягаецца дзякуючы правільнаму разуменню кожным  работнікам культуры пастаўленых задач,штодзённаму іх мінімуму творчай і арганізацыйна-гаспадарчай дзейнасці, а таксама вялікай падтрымцы ідэй Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам. Без усялякага перабольшвання адзначу, што, акрамя творчых спраў, у галіне культуры Іванаўскага раёна забяспечана стабільнасць выканання асноўных эканамічных паказчыкаў. Для 46 тысяч насельніцтва раёна аказваюцца 69 відаў платных паслуг. Выконваецца план платных паслуг. За мінулы год ён склаў 432 млн. рублёў, тэмп росту аб’ёмаў паслуг— 117 працэнтаў. Даведзенае заданне па росце заработнай платы па галіне культуры выканана на 101,4 працэнта. Сярэднямесячны заробак работнікаў культуры раёна склаў 611 тысяч рублёў. 

 На камплектаванне бібліятэчных фондаў з мясцовага бюджэту выдаткавана 130,2 млн. рублёў, што складае 15,4 працэнта сродкаў ад фінансавання бібліятэк.

 Капітальным і бягучым рамонтам з розных крыніц фінансавання адрамантавана 19 устаноў культуры, 48 помнікаў гісторыі і культуры, на што выкарыстана 1 млрд. 280 млн. рублёў. За пазабюджэтныя сродкі часткова праведзены касметычныя рамонты ва ўстановах культуры, набыта тэхнічнае абсталяванне, абноўлены сцэнічныя касцюмы, матэрыяльна прастымуляваны работнікі ўстаноў культуры на агульную суму 5,1 млн. рублёў.  

Планавы паказчык па энергазберажэнні склаў 12 працэнтаў. Называючы станоўчыя аспекты, здаецца, нават вартыя пераймання, адзначу, што не менш яшчэ і планаў. Каб і  надалей высока і годна трымаць “планку” культурнага іміджа раёна, неабходна:

— прадоўжыць работу па адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны мясцін, прапагандзе імён выбітных землякоў.

 Вядзецца вырашэнне пытання адраджэння сядзібы роду Дастаеўскіх, што паходзіць  з в. Дастоева Іванаўскага раёна. Праз бюджэт Саюзнай дзяржавы плануецца весці работы па рэалізацыі гэтага праекта. Дарэчы, ужо ёсць першыя крокі ў гэтай вялікай справе. 

 Існуе добры намер у перспектыве адрэстаўраваць сядзібна-паркавы комплекс Скірмунтаў у в. Моладава, Дом-сядзібу першага Прэзідэнта Ізраіля Хайма Вэйцмана ў в. Моталь, рэарганізаваць сельскі Дом культуры в. Стрэльна пад Дом-музей народнай медыцыны і кухні (ужо звыш дзесяці гадоў на базе гэтай установы дзейнічае грамадскі пакоймузей “Бабуліны   вышкі”, і, вывучаючы цікавасць турыстаў да гэтага аб’екта, разумеем, што ёсць патрэба яго развіваць), неабходна таксама пашырыць плошчы Музея народнай творчасці ў в. Моталь.  

Для забеспячэння не толькі іміджавага, але і камерцыйнага патэнцыялу школы бондарства ёсць вялікая неабходнасць на базегэтай навучальнай установы адкрыць вытворчы цэх па вырабе драўлянага посуду. 

У ліку першачарговых задач— працяг грандыёзнай работы па стварэнні раённага Музейнага комплексу Н.Орды і аднаўленні родавай сядзібы музыканта. На сённяшні дзень дзейнічае карцінная галерэя Н.Орды, пабудавана цэнтральная кацельня, выконваюцца рамонтныя работы на аб’екце “Музей Н.Орды”, створана праектна-каштарысная дакументацыя і распачаты работы па адраджэнні Домасядзібы Н.Орды. Вядома, што рэалізаваць увесь праект, агульная каштоўнасць якога — звыш 7 млрд. рублёў, за сродкі раённага і  абласнога бюджэтаў проста немагчыма. Таму ёсць вялікая просьба ад усіх жыхароў Іванаўшчыны да Міністэрства культуры дапамагчы нам у гэтай справе. Калі аб’ект уключыць у Спіс першачарговых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і крыху падтрымліваць рэспубліканскім фінансаваннем, дык у хуткім часе наведвальнікі— не толькі мясцовыя, але і замежныя— адкрылі б для сябе яшчэ адзін аб’ект міжнароднага значэння. А гэта, у сваю чаргу, дывідэнды не толькі нашага рэгіёна.

 І яшчэ. У культурным кантэксце  раёна маецца сапраўды вялікі культурна-турыстычны патэнцыял, каб развіваць экскурсійна-турыстычную дзейнасць, што спрыяла б яшчэ большаму ажыўленню работы па аказанні платных паслуг, аднак пакуль што існуе нявырашаная праблема з набыццём транспарту. 

 З улікам фінансавай дапамогі кіраўніцтва абласнога выканаўчага камітэта, райвыканкама, работнікі ўстаноў культуры зробяць усё магчымае, каб падтрымаць развіццё культуры рэгіёна на неабходным узроўні, адпавядаючы патрабаванням часу.