Узровень сацыяльнага партнёрства

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

У кантэксце калегіі. Мікалай ШАЎЦОЎ, старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

Па-першае, дазвольце выказаць усім вам шчырыя словы ўдзячнасці за плённую сумесную працу ў 2009 годзе, значны ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства з Беларускім прафсаюзам работнікаў культуры.

 Я перакананы, што мы і ў далейшым сумеснымі намаганнямі будзем добрасумленна выконваць і рэгуляваць  адносіны ў сацыяльна-працоўнай сферы, павышэння жыццёвага ўзроўню работнікаў арганізацый галіны  і прадухілення працоўных канфліктаў, кіруючыся падпісаным міністрам культуры і  старшынёй ЦК, зарэгістраваным у Міністэрстве працы Тарыфным пагадненнем на  2010 — 2012 гады.

Сёння, карыстаючыся магчымасцю, не магу не выказаць шчырыя словы падзякі былому міністру культуры Матвейчуку Уладзіміру Фёдаравічу за яго паважлівыя адносіны да выбарчага прафсаюзнага актыву і падтрымку.  Зразумела, толькі агульнымі намаганнямі, узаемапавагай мы зможам зрабіць як мага больш на карысць культуры і мастацтва роднай Беларусі.

У бягучым годзе, а дакладней — 28 мая, адбудзецца чарговы, VI  з’езд  Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, які падвядзе вынікі работы, вызначыць накірункі дзейнасці прафсаюза на чарговы перыяд, абярэ новы склад выбарчага органа.

Напярэдадні гэтай важнай падзеі праходзяць справаздачна-выбарчыя сходы і канферэнцыі ў прафсаюзных камітэтах. У прафсаюзных групах, цэхавых і пярвічных арганізацыях яны праведзены на высокім арганізацыйным узроўні, пры высокай яўцы і актыўнасці членаў прафсаюза. У студзені завершацца выбары ў раённых прафсаюзных арганізацыях. Я хачу яшчэ раз звярнуцца да кіраўнікоў раённых і абласных аддзелаў і ўпраўленняў культуры з просьбай прыняць непасрэдны ўдзел у іх правядзенні.

Трэба адзначыць, што пераважная большасць раённых і гарадскіх канферэнцый праходзіць з удзелам начальнікаў аддзелаў культуры, намеснікаў старшынь райвыканкамаў. Такая практыка адносіцца, перш за ўсё, да кіраўнікоў аддзелаў культуры Гомельскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцей. На жаль, асобныя кіраўнікі аддзелаў, а гэта, на шчасце, адзінкі, палічылі ўдзел у канферэнцыі прафсаюза работнікаў культуры не мэтазгодным. Мне шкада такіх кіраўнікоў, якія не ведаюць, што — першасна, а што — другарадна. Больш за тое: канферэнцыі праходзяць адзін раз на пяць гадоў.

У ходзе выбараў значна абнаўляецца склад старшынь прафсаюзных камітэтаў.  Амаль 40% старшынь пярвічных арганізацый абраны ўпершыню. Сярэдні ўзрост выбраных складае 36 гадоў. Да нас прыходзяць маладыя, энергічныя работнікі культуры. На жаль, у асобных раёнах зза вялікай колькасці культработнікаў ніяк не могуць падабраць прафсаюзнага лідэра. Раней здараліся выпадкі, калі галоўны бухгалтар аддзела культуры адначасова з’яўляўся і старшынёй раённага камітэта прафсаюза.

Пры ўсёй павазе да галоўных бухгалтараў: гэта фармальны падыход да выбараў. Якім памочнікам у такой сур’ёзнай справе можа быць чалавек, што суткамі не выходзіць са свайго службовага кабінета? Начальнік аднаго аддзела культуры Віцебскай вобласці рэкамендуе на пасаду старшыні райкама прафсаюза сакратара дырэктара ЦБС. Лічу, такі падыход не прынясе карысці нашай агульнай справе.

Вельмі прашу, з улікам вышэйсказанага, больш грунтоўна падысці да вырашэння гэтых пытанняў.

Наступнае, аб чым, безумоўна, трэба сказаць: наш галіновы прафсаюз за справаздачны перыяд павялічыўся амаль на 20 тысяч членаў. За гэты час 736 чалавек атрымалі ўзнагароды галіновага прафсаюза. Мы і надалей будзем адзначаць вашу добрасумленную працу.

На чарговым пасяджэнні Прэзідыума ЦК мы падвядзём вынікі конкурсу на лепшую “пярвічку”, лепшага грамадскага інспектара працы па выніках за 2009 год, лепшы калектыў па пытаннях эканоміі і беражлівасці, згодна з прынятымі палажэннямі.

Мы апошнім часам сталі практыкаваць прыняцце з Міністэрствам культуры сумесных пастаноў па аналагічных пытаннях. Лічу, што такую практыку работы трэба працягваць, таксама, як і добрую практыку правядзення сумесных мерапрыемстваў, такіх, як рэспубліканскія спартакіяды, культпаездкі і інш.

Сёння мы па-іншаму і не павінны працаваць. Убаку, у ролі наглядальнікаў мы не можам застацца, калі справа датычыцца абароны правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза.

 І мы на справе даказалі, што можам вырашаць па-сур’ёзнаму гэтыя пытанні. Згадайце, як мы абаранілі правы выкладчыкаў музычных школ пры прадастаўленні водпускаў.

Мы сфарміравалі на ўзроўні ЦК, абласных камітэтаў прававыя інспекцыі, якія, у асноўным, не інспектуюць, а аказваюць кансультацыйную дапамогу. Дадзена больш за 2400 кансультацый, праведзена 257 праверак, выяўлена 993 парушэнні заканадаўства аб працы. Вярнулі незаконна ўтрыманых грашовых сродкаў на суму звыш 7 800 000 бел. руб.

Лічу мэтазгодным і неабходным унясенне прапаноў аб дапаўненні ў штатны расклад абласных упраўленняў культуры пасады юрыста альбо юрысконсульта. Без іх, пры існуючым змяненні заканадаўчых і нарматыўных дакументаў, працаваць вельмі цяжка, практычна немагчыма.

Напрыканцы выступлення дазвольце адзначыць станоўчую работу Міністэрства ў мінулым годзе. Прыемна адзначыць, што яго кіраўніцтва працуе над удасканаленнем форм і метадаў працы. На парадак дня калегіі выносяцца актуальныя праблемы, ён не перагружаны вялікай колькасцю пытанняў, якія павінны вырашацца ў рабочым парадку. Сталі практыкавацца сумесныя калегіі з іншымі міністэрствамі, напрыклад, з Міністэрствам спорту і турызму — па развіцці турызму ў нашай краіне.

Толькі разам, агульнымі намаганнямі мы вырашым усе пытанні. Дзяржаўная падтрымка развіцця беларускай культуры і мастацтва сярод усіх краін СНД — самая высокая. Гэта відавочна. Адкажыце, калі ласка, у якой яшчэ краіне свету так шмат будуецца і рэканструюецца аб’ектаў культуры і спорту, дзе ствараюцца жыллёвыя кааператывы работнікаў культуры? 264 работнікі культуры г. Мінска напярэдадні Новага года атрымалі кватэры.

 За дзяржаўнай падтрымкай мы павінны актыўна працаваць па ўсіх накірунках нашай дзейнасці.

Мікалай ШАЎЦОЎ,

старшыня ЦК Беларускага прафсаюза

работнікаў культуры