— Пастаноўка нумара адбывалася ў Грэцыі, куды мы з дзяўчатамі з балета прыехалі на пяць дзён спецыяльна дзеля таго, каб стварыць нумар для прома-тура. Гэта яшчэ не канчатковы варыянт, таму не трэба рабіць канчатковыя высновы... Хоць некаторыя элементы могуць захавацца і да Хельсінкі. Усім вельмі падабаецца песня (не хачу ліслівіць ні сабе, ні Філіпу, але гэта сапраўды так), падабаецца мой голас і т. п. Мы працуем у вельмі жорсткім рэжыме: частыя пералёты, пастаянныя бяссонныя ночы, ну, і, натуральна, выступленні... Так што паглядзім, што атрымаецца ў выніку.
— Калі назіраеш за вамі, узнікае адчуванне, што ў сутках, як мінімум, 48 гадзін: столькі вам мусіць паспець зрабіць. Гэта на погляд чалавека, які знаходзіцца збоку працэсу. А што адчуваеце вы — галоўная дзеючая асоба гэтага праекта?— У сутках, канешне, не 48 гадзін, але калі б было і столькі, усё роўна не хапіла б. Я ў прынцыпе не магу дазволіць сабе ні хвіліны сядзець без таго, каб не даць каму-небудзь інтэрв’ю ці яшчэ раз не паўтарыць нумар з балетам. І спаць мне няма часу — толькі 4-5 гадзін, а часам і таго менш. Вось, калі ласка, наш расклад: пад’ём — 4.00, вылет у краіну прома-тура — 6.00, прыбыццё ў гасцініцу — 9.00, снеданне — да 10.00, прывядзенне сябе ў належны выгляд — да 10.15, рэпетыцыя — 12.00 — 16.00, інтэрв’ю — 18.00, канцэрт — 19.00 — 21.00, фотаздымка — да 22.00, адбой — 23.30, і гэта ці не штодзень. Мы ўсёй камандай, уключаючы аператара і Насцю Ціхановіч, лічым дзень выхадным, калі ёсць магчымасць паснедаць гарачым.
— Вы ўяўлялі сябе прыкладна гадоў пяць таму ў падобнай ролі?— Зусім не. Не думаў, што імкненне і жаданне прайсці ўвесь гэты
шлях здолеюць зрабіць немагчымае і змяніць лёс. Лічу, што мне пашанцавала, што гэта прадоўжыцца і ў будучыні, тады мы разам зможам усё!
— У мяне з Філіпам добрыя адносіны. Інакш і быць не можа і не магло. Калі Філіп паверыў у мяне як у артыста і ў шырокім сэнсе слова праавансіраваў маю “раскрутку”, хоць зусім не абавязаны быў рабіць гэта, — маёй удзячнасці няма межаў. Ён удыхнуў паветра ў ветразь фрэгата, на якім я магу зараз шпарка рассякаць хвалі Еўрапейскіх тэле- і радыёстанцый. Ніколі Філіп не дазволіў сабе нават павысіць голас на мяне, таму што ён як ніхто ведае, што артыста пад такім стрэсам лёгка дабіць крыкам і лаянкай.
— У нумары “Московского комсомольца” за 2 сакавіка журналіст Артур Гаспаран цэлую старонку прысвяціў “гісторыі з плагіятам” вашай кампазіцыі. Ён вельмі іранічна выкрываў гэтыя чуткі. А як бы вы пракаментавалі сітуацыю?
— Пракаментаваць разборкі я не магу, мяне пакуль няма ні ў Мінску, ні ў Маскве, ды ўвогуле я ўяўлення не маю, што там адбываецца. Але мне падаецца, што ў маю абарону павінны выказвацца не расійскія СМІ, а беларускія, чаго, на жаль, часам няма. Пакуль мы не навучымся крочыць у нагу, нічога ў нас не атрымаецца. Трэба разам перажываць, радавацца, разам вырашаць праблемы і даваць адлуп злым языкам і правакатарам. А што па тэме, дык мой клопат — годна прадставіць песню і краіну. І пакуль усе ламаюць галаву над тым, хто ў каго скраў і колькі, мы працуем суткамі, і на нашай працы гэта аніяк не адбіваецца.
— Чаго вы чакаеце ад удзелу ў песенным спаборніцтве? Як думаеце, можа змяніцца ваша кар’ера?— Чакаю перамогі, а як пашчасціць — не ведаю... Канешне, усе гавораць, што шоу-бізнес — гэта больш бізнес, чым шоу, але грошай мне не трэба. Дайце мне папулярнасць, народную любоў, — і я буду шчаслівы. А даць гэта сабе здольны толькі я сам, працуючы на радасць і шчасце сабе і людзям.
— Якую музыку вы слухаеце, калі адпачываеце? І хто або што ў гэтыя напружаныя перадфестывальныя дні вас падтрымлівае і натхняе?— Апошнім часам увогуле не слухаю музыку: вельмі стамляюся ад гукаў, а ўвогуле — Аўрыл Лаві, Бон Джові, Нікельбэк, Крыд і далей па гэтым спісе. Я сам — “энерджайзер”, хаця многія кажуць, што я — меланхолік, але гэта — толькі метад захаваць і акумуляваць энергію. Яна мне патрэбна на сцэне, тым больш — зараз.
— Што вы зробіце найперш, калі выйграеце конкурс? Патэлефануеце пахваліцца Клаусу Майну (з салістам “Scorpions” Дзмітрый выступаў на адной сцэне, атрымаў у падарунак гітару і, натуральна, пасябраваў — Д.А.)?— Калі выйграю, патэлефаную і нават з’езджу ў госці.
Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Здымкі прадастаўлены прэс-службай
Белтэлерадыёкампаніі