Як стаць сапраўднымі? І “сваімі”

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Анатоля Ярмоленкі, народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль “Сябры” ўстановы “Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія”

— Спачатку невялікі каментарый. Я за апошні год шмат разоў быў у кіно і хачу сказаць: мне падабаюцца нашы залы, мне падабаецца, што ў нас з’явіўся першы 3-Dкінатэатр, таму я хацеў бы выказаць падзяку ўсім людзям, якія мелі да гэтага дачыненне. Можа, хацелася б большага, але мы рухаемся наперад, і гэта добра. Я, напрыклад, стаў сапраўдным фанатам айчыннага кіно і за гэта шчыра вам дзякую.

 А цяпер хацеў бы сказаць пра свае праблемы. Але не пра асабістыя, а пра праблемы ў нашым эстрадным жанры.

 Канешне, за апошні час на беларускай эстрадзе з’явілася шмат артыстаў, і кожны год іх усё больш і больш. Але чаму, праслухаўшы адну-дзве песні, я, напрыклад, губляю цікавасць да выканаўцы? Можа, я адзін такі, але давайце будзем шчырымі. Менавіта ад Міністэрства культуры залежыць выбар тых выканаўцаў, якія з’яўляюцца абліччам нашай песеннай культуры. Я не маю на ўвазе “Сяброў”, хаця мне, зразумела, хацелася б, каб іншым разам адзначалі і поспехі нашага калектыву. Напрыклад, летась мы былі ў ЗША, дзе выдатна адпрацавалі. Але мне няёмка аб тым казаць, хоць, як падаецца, трэба звяртаць на гэта ўвагу, бо па нас, па нашай творчасці фарміруецца ўражанне аб нашай краіне, аб Беларусі.

Калі размаўляеш з дырэктарамі філармоній, разумееш, што ёсць некаторыя праблемы, якія так і не вырашаюцца.

Абавязкова патрэбна, каб была сістэма канцэртнай арганізацыі. Бо я, напрыклад, зарабляю на жыццё, на касцюмы для калектыву, на праграмы толькі тым, што працую. І іншага занятку ў мяне няма.

 Таму давайце разбяромся ў тым, чым мы займаемся: шоу-бізнесам ці культурай. Калі культурай — дык дапамагайце нам, а калі шоу-бізнесам — дык мы будзем, як цяпер кажуць, “рубіць бабло” (а менавіта так працуюць цяпер маладыя прадзюсеры, якіх у нас з’явілася апошнім часам шмат).

 Калі мы прыязджаем на гастролі, дык нам кажуць: навошта ісці на канцэрт і плаціць грошы за білеты, калі зараз на плошчы будзе бясплатнае мерапрыемства! А як філармоніі акупіць такі канцэрт? Дык давайце ўвядзём хаця б невялікую плату, нейкія квіткі, каб людзі хадзілі і бачылі, што тут трэба плаціць — плаціць за працу артыстаў, як гэта робіцца ва ўсім свеце, у нашых суседзяў.

Цяпер жа атрымліваецца так, што мы прыязджаем, і не можам падняць кошт квіткоў больш за 10 тысяч, бо людзей прывучылі да таго, што ніхто не ходзіць на “сваіх” артыстаў. Гэта няправільная пазіцыя.

 Я не скарджуся. Я магу паехаць у іншыя краіны, ды і ў нашай вывесіць афішы, і людзі прыйдуць, і купяць білеты менавіта па тым кошце, што мы ўстановім. Купяць тыя аматары, якія хочуць слухаць менавіта “Сяброў”. Але моладзь трэба прывучаць да таго, што за ўсё трэба плаціць.

 І яшчэ. Трэба ўводзіць інстытут прадзюсерства, як гэта робіцца ва  ўсіх цывілізаваных краінах.

 Бо раней было як? Як артысты вучыліся, як яны сталелі, як станавіліся сапраўднымі майстрамі? Яны ішлі ў філармоніі і займаліся ў сваіх калектывах. Заўсёды ў кожнай філармоніі быў эстрадны і камерны аддзелы. І так было, так мы раслі, глядзелі на старэйшых сяброў, — так павышалі свой узровень, сваё майстэрства.

А цяпер такога няма. Цяпер прадзюсер бярэ “з вуліцы” здатную, таленавітую дзяўчыну ці таленавітага хлопца і “раскручвае” так, як яму хочацца. І ў гэтым накірунку ідзе ўся наша эстрада.

Таму не з’яўляюцца песні, таму і песні Саюза кампазітараў ніхто не спявае, спяваюць, у асноўным, свае песні. Гэта праблема, якую трэба разгледзець, разабрацца ў ёй.

 Шмат у нас таленавітай моладзі, я яе бачу на тых конкурсах і мерапрыемствах, куды мяне запрашаюць у журы. Ёсць таленавітыя людзі, але гэта матэрыял, з якога толькі потым вырастуць тыя, хто прыйдзе на змену нам. А часу на ўсё не так ужо і шмат. Трэба разабрацца з гэтым і дапамагаць маладым творцам, каб было так, як павінна быць.

 І апошняе. Мне вельмі прыемна, што 2010 год аб’яўлены Годам якасці. І таму, як мне падаецца, цалкам лагічны наступны крок. Мы цяпер маем вялікую колькасць эстрадных выканаўцаў — давайце будзем выбіраць з іх якасных спевакоў. Каб мы зноў сталі флагманам у эстрадным жанры на постсавецкай прасторы, узорам для ўсіх, як было раней. Я думаю, у нас гэта атрымаецца.

 

 

Анатоль ЯРМОЛЕНКА,

народны артыст Беларусі,  мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль “Сябры” ўстановы “Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга  філармонія”