21 студзеня 2010 года Полацку нададзена высокае і ганаровае званне “Культурная сталіца-2010”. Для палачан відавочна: у Полацку ёсць усё, што робіць горад культурнай сталіцай. Гораду на Дзвіне ёсць чым здзівіць і чым прывабіць. Мяркуйце самі.
Які яшчэ горад у Беларусі і нават у Еўропе можа ганарыцца такімі духоўнымі святынямі? Спаса-Праабражэнская царква — адзіны будынак у Беларусі, дзе амаль цалкам захаваўся фрэскавы роспіс ХІІ ст. Непаўторны Сафійскі сабор — самы старажытны помнік манументальнай архітэктуры ў нашай краіне, што ў ХІ стагоддзі ўзвёў полацкі князь Усяслаў Брачыславіч. Прападобная Еўфрасіння Полацкая — асветніца беларускага народа, дзякуючы якой узводзіліся храмы… І гэты спіс можна доўжыць…
Вялікім гонарам для жыхароў горада і пацвярджэннем статуса духоўнай сталіцы стаў візіт у Полацк Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
Полацк з’яўляецца не толькі духоўнай сталіцай, але і цэнтрам зараджэння беларускай дзяржаўнасці, бо менавіта з гэтага горада пачаўся адлік беларускага радаводу, культуры.
Полацк — прызнаны гістарычны цэнтр. З 5 тысяч аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, 40 знаходзяцца ў Полацку. І гэты спіс увесь час папаўняецца. У 2009 годзе ў яго ўключаны помнік архітэктуры сярэдзіны ХХ стагоддзя — будынак былога Дома афіцэраў.
Сучасны горад знаходзіцца ў пастаянным руху, развіваецца…
За апошняе дзесяцігоддзе ўсталяваны помнікі Еўфрасінні Полацкай, Сімяону Полацкаму, полацкім князям Усяславу Брачыславічу і Андрэю Альгердавічу, свяціцелю Мікалаю Цудатворцу… У Полацк “вяртаюцца” тыя, хто ўславіў горад на стагоддзі, хто стаў яго аховай і апорай.
У бліжэйшы час будуць адноўлены помнік дойліду Іаану, які пабудаваў у ХІІ стагоддзі Спаса-Праабражэнскую царкву, бюст аднаго з заснавальнікаў беларускага кіно, ураджэнца Полацка Юрыя Тарыча. У межах святкавання Дня горада-2010 будзе адкрыты ўзноўлены помнік героям Айчыннай вайны 1812 года. У планах — стварэнне помнікаў полацкай князёўне Рагнедзе, героям Айчыннай вайны 1812 года Пятру Хрысціянавічу Вітгенштэйну, Якаву Пятровічу Кульнёву…
У горадзе ўсталяваны таксама памятныя знакі “Геаграфічны цэнтр Еўропы” і літары “Ў”, садова-паркавыя скульптуры “Полацкі купец” і “Шалі”…
Полацк — той горад, дзе да гісторыі можна дакрануцца рукой… Горад, дзе кожны жыхар з гонарам кажа: “Я — палачанін”, і ў гэтым стараславянскім слове — тысячагадовая сувязь з продкамі, са сваёй зямлёй, са сваёй краінай.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №647 ад 17 снежня 2007 года зацверджана “Комплексная праграма развіцця г. Полацка на 2008 — 2012 гады”, у межах рэалізацыі якой мяркуецца: будаўніцтва, рэканструкцыя і рэарганізацыя ўстаноў культуры г. Полацка; пашырэнне пераліку паслуг, што аказваюцца імі; здзяйсненне рэстаўрацыі і музеефікацыі помнікаў гісторыі і архітэктуры, аховы і рацыянальнага выкарыстання патэнцыялу гісторыка-культурнай спадчыны.
Полацк — буйны культурны цэнтр.
Аўтарытэт Полацка як культурнай сталіцы доказаў не патрабуе. На сённяшні дзень галіна культуры горада прадстаўлена 28 установамі: гэта 11 музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, 2 палацы культуры (гарадскі Палац культуры, Палац культуры ААТ “Полацк Шкловалакно”), Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур, дзіцячыя мастацкая школа і школа мастацтваў, 10 бібліятэк, камунальнае унітарнае прадпрыемства “Полацкі гарадскі парк культуры і адпачынку”, камунальнае унітарнае кінавідовішчнае прадпрыемства кінавідэапракату “Полацкая кінавідэасетка”.
У студзені 2006 года Указам Кіраўніка дзяржавы за значны ўнёсак у развіццё музейнай справы Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У 2009 годзе калектыў музея-запаведніка стаў дыпламантам Першай прэміі інтэрнет-конкурсу “ТІВО-2009” за партал “Музеі Беларусі”.
Менавіта ў Полацку знаходзіцца адзін з лепшых, калі не адзіны падобны, музей-запаведнік.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік — сапраўдны, жывы, яркі, з выстаўкамі сусветнага ўзроўню! Ён аб’ядноўвае музеі, што адлюстроўваюць спадчыну і багацце полацкай зямлі: беларускага кнігадрукавання, дзіцячы, краязнаўчы, традыцыйнага ткацтва Паазер’я, прыродна-экалагічны, баявой славы, “Домік Пятра І”, З.М. Тусналобавай-Марчанка, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Мастацкую галерэю, Сафійскі сабор.
Жыхары і госці нашага горада маюць магчымасць наведваць стаўшыя ўжо традыцыйнымі штогадовыя міжнародныя фестывалі, якія праходзяць у Сафійскім саборы: старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, арганнай музыкі “Званы Сафіі”, “Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі”…
У горадзе развіты і запатрабаваны паслугі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, калектыў якой адным з першых у рэспубліцы распачаў працу па камп’ютэрызацыі бібліятэк. Вядзецца вялікая краязнаўчая праца. Выдадзены шэраг бібліяграфічных матэрыялаў для школьнікаў і настаўнікаў у дапамогу вывучэнню прадмета “Полацказнаўства”. Ствараецца поўнатэкставая электронная база “Полаччына”. У 2009 годзе ў горадзе адкрылася спецыялізаваная бібліятэка для людзей са слабым зрокам.
У 2010 годзе калектыў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Полацка ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за стварэнне рэгіянальнай сістэмы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у бібліятэчным абслугоўванні насельніцтва, рэалізацыю шэрагу асветніцкіх і краязнаўчых праграм, актыўную дабрачынную працу з інвалідамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў.
Буйныя штогадовыя творчыя праекты ў сферы культуры Полацка — “Дзень горада”, Фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”. У 2009 годзе ўпершыню ў Полацку праведзены: акцыя “Ноч музеяў”, І Адкрыты конкурс “Ноч агню”, Фестываль ласкутнага шыцця “Полацк-Квілт-2009”, у якім узялі ўдзел майстры Беларусі і Расіі.
У 2009 годзе член народнага Літаратурнага аб’яднання “Надзвінне” Надзея Салодкая стала прызёрам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу і ўзнагароджана дыпломам за цыкл песень, прысвечаных Году роднай зямлі. Аб Полацку ведаюць далёка за межамі нашай краіны.
У 2009 годзе 17 навучэнцаў дзіцячых мастацкай школы і школы мастацтваў горада атрымалі званні лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, 7 навучэнцаў з’яўляліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
У снежні 2006 года калектыву Тэатра танца “Прэм’ерСпонайд” нададзена званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”; у снежні 2009 года гэтага высокага звання ўдастоены маладзёжны народны тэатр “Пілігрым”.
Дасягненні ў сферы культуры і мастацтва садзейнічаюць умацаванню аўтарытэту Полацка ў рэспубліцы і на міжнародным узроўні.
Горад тройчы ўдастоены права правядзення буйных рэспубліканскіх мерапрыемстваў: кірмашу-фестывалю працаўнікоў сяла “Дажынкі-2002”, Дня беларускага пісьменства, ІІІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму, якія прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні.
У нашага горада, акрамя пералічаных, ёсць яшчэ асаблівасці: Полацк — гэта горад-фестываль, месца, дзе віруе культурнае жыццё; горад-рэзідэнцыя, куды творчыя людзі могуць прыехаць спачатку ў госці, затым — працаваць, а потым — жыць; тут створаны ўмовы для прафесійнага росту і творчага развіцця; Полацк — горад творчых людзей!
Палачане ўдзячныя Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту за падтрымку ініцыятывы Міністэрства культуры ў наданні высокага і ганаровага звання Культурнай сталіцы-2010. 21 студзеня 2010 года падпісаны План мерапрыемстваў па правядзенні Рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца-2010” у Полацку. Цягам года ў горадзе пройдзе шмат найцікавых падзей, сярод якіх:
— мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю перанясення мошчаў Прападобнай Еўфрасінні Полацкай;
— Міжнародны фестываль праваслаўнай творчасці; І Адкрыты фестываль дзіцячай творчасці “Полацкі Анёлак”;
— мерапрыемствы, прысвечаныя 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, 600-годдзю Грунвальдскай бітвы;
— гастролі салістаў, лепшых творчых калектываў Рэспублікі Беларусь, творчыя сустрэчы, у тым ліку і са знанымі ўраджэнцамі Полацка;
— выстаўкі літаграфіі, жывапісу, графікі.
Сёння жыхары Полацка ганарацца тым, што да шматлікіх пачэсных званняў горада дадалося яшчэ адно: “Полацк— Культурная сталіца 2010 года”.
Наш горад— першы, хто ўдастоены гэтага высокага звання. І, як усім першаадкрывальнікам, першай Культурнай сталіцы краіны давядзецца паспытаць усё на ўласным вопыце. Наступным “сталіцам” пашанцуе больш: так бы мовіць, “улічаць недахопы”, “возьмуць на ўзбраенне” ўсё самае лепшае.
У Полацка таксама ёсць недахопы, але ўсе яны— працяг яго дасягненняў. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Сёння Полацк— адзін з лепшых гарадоў Віцебшчыны. Ён не заложнік свайго вялікага мінулага, і яго жыхары цудоўна ўсведамляюць, што падтрымліваць статус можна і патрэбна кожны дзень, кожны год, прад’яўляючы патрабаванні самага высокага парадку.
Уладзімір ТАЧЫЛА,
старшыня Полацкага гарвыканкама