Зрабіць закупкі цэнтралізаванымі

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Валерыя МАЛАШКІ, намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама

Сёння мы падводзім вынікі працы ў 2009 годзе, які па сваіх задачах і падзеях быў насычаным і няпростым. Тым не менш, ёсць усе падставы лічыць яго прадуктыўным. Вынікі дзейнасці галіны на Магілёўшчыне характарызуюцца станоўчай дынамікай асноўных паказчыкаў функцыянавання прафесійнага і аматарскага мастацтва, упарадкаваннем структуры і сеткі ўстаноў культуры, удасканаленнем падрыхтоўкі кадраў, развіццём навукова-даследчай дзейнасці.

У комплексе мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці галіны, якія ажыццяўляе аблвыканкам, планамерна вырашаюцца пытанні кадравага забеспячэння. На сёння кіраўнікоў і спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — 91 працэнт, а ў шэрагу гарадоў і раёнаў гэты паказчык дасягае 97 працэнтаў. Рашэннем аблвыканкама за два апошнія гады творчым работнікам у Магілёве выдаткавана 12 службовых кватэр, у тым ліку і маладым спецыялістам. Звыш 90 іншагародніх спецыялістаў уладкаваны для пражывання ў інтэрнатах.

Прынятыя Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла і галіновая Праграма захавання і развіцця культуры вызначылі прыярытэты дзяржаўнай культурнай палітыкі. Гэтыя праграмныя дакументы надалі асаблівы дынамізм развіццю культуры, і ў першую чаргу — сельскай. Культура атрымлівае сёння важкую матэрыяльна-тэхнічную і арганізацыйную падтрымку ў выглядзе новых камп’ютэрных тэхналогій, мабільных устаноў, камплектаў сучаснай гукатэхнічнай апаратуры, капітальнага рамонту ўстаноў культуры. За гады рэалізацыі мерапрыемстваў праграм у вобласці ўведзена ў эксплуатацыю больш за 200 устаноў культуры, за кошт сродкаў абласнога бюджэту набыта 52 адзінкі мабільных сродкаў, на набыццё гука і святлотэхнічнага абсталявання, музычных інструментаў для дзіцячых школ мастацтваў з бюджэту выдаткавана больш за чатыры з паловай мільярды рублёў. Для бібліятэк аграгарадкоў закуплена і падключана да Інтэрнета 178 адзінак камп’ютэрнай тэхнікі, 29 з іх — у мінулым годзе.

На тэрыторыі вобласці ёсць 660 матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключаных у Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на скарачэнне бюджэтных асігнаванняў, працягваюцца работы па рэканструкцыі Успенскага манастыра ў Мсціслаўскім раёне, па ўзнаўленні палацава-паркавага ансамбля ў Кіраўскім раёне, рэканструкцыі аб’ектаў Бабруйскай крэпасці, адкрыты Мастацкі музей імя Г.Г. Паплаўскага ў Бабруйску. Усяго летась рэстаўрацыйна-ўзнаўленчыя работы ажыццяўляліся на 14 аб’ектах Магілёўшчыны. На гэтыя мэты выкарыстана больш за 6 мільярдаў рублёў, а з улікам рэканструкцыі месцаў вайсковых пахаванняў — больш за 8 мільярдаў рублёў, 6,7 мільярда з якіх выдаткавана з абласнога бюджэту. У вобласці дзейнічае 77 дзіцячых школ мастацтваў і 149 іх філіялаў у сельскай мясцовасці. Пачатковай, мастацкай і эстэтычнай адукацыяй ахоплена больш за 18 працэнтаў, а ў асобных раёнах — да 26 працэнтаў навучэнцаў 1 — 9 класаў агульнаадукацыйных школ. За апошнія гады гэты паказчык павялічыўся на 4 працэнты.

Прыняты меры па актывізацыі дзейнасці прафесійных калектываў у абслугоўванні насельніцтва вобласці. У арганізацыі тэатральна-канцэртнага абслугоўвання ўвага акцэнтуецца на клопат пра сельскага гледача. Гэтаму спрыяе стварэнне тэатральна-філарманічных пляцовак, якіх у вобласці дзейнічае больш як 60, а 11 з іх былі адкрыты ў 2009 годзе.

Вядзецца мэтанакіраваная праца па прыцягненні жыхароў вобласці ў разнастайныя клубныя фарміраванні, аматарскія аб’яднанні. 411 калектываў маюць званні “народны” і “ўзорны”, 10 прысвоена званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, аднаму з іх — у мінулым годзе.

Летась на Магілёўшчыне праведзена звыш 100 конкурсных і фестывальных мерапрыемстваў па розных жанрах самадзейнага і прафесійнага мастацтва. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры, у вобласці ўзноўлены Фестываль нацыянальнай драматургіі, не скараціўся і пералік міжнародных фестываляў, што падтрымлівае статус Магілёва як аднаго з фестывальных цэнтраў рэспублікі. Фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, самадзейнага мастацтва “Вянок дружбы”, духоўнай музыкі “Магутны Божа”, у якіх штогод прымаюць удзел творчыя калектывы і выканаўцы больш чым з 12 краін бліжняга і дальняга замежжа, маюць пазітыўны рэзананс не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Зацікаўленасць раённага кіраўніцтва ў арганізацыі і правядзенні культурных акцый на яго тэрыторыі садзейнічае вырашэнню многіх арганізацыйных пытанняў, у тым ліку і фінансавых. З агульнай колькасці фестываляў у мінулым годзе — палова (4) прайшла ў раённых цэнтрах вобласці.

За 2009 год па Магілёўшчыне забяспечана выкананне зацверджаных параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны па платных паслугах, энергазберажэнні, росце заработнай платы. Вядзецца дэталёвы аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці сферы культуры для аптымізацыі сеткі, расходаў на яе ўтрыманне, а таксама карэкціруецца план сёлетніх мерапрыемстваў для рацыянальнага выкарыстання сродкаў, што выдаткоўваюцца на іх правядзенне. Сфарміраваныя рабочыя групы кантралююць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты, якія ўводзяцца сёлета ў аграгарадках, і сам ход работ. 2010 год з’яўляецца завяршальным у рэалізацыі шэрагу праграм. Як будуць выкананы даведзеныя заданні — залежыць ад кожнага прысутнага ў гэтай зале, ад сумеснай дзейнасці і ўзаемаразумення міністэрстваў і ведамстваў, выканаўчай улады на ўсіх узроўнях. А праблемных пытанняў хапае. План платных паслуг, які даводзіцца вобласці, — вельмі напружаны, а сама методыка — недасканалая, бо паранейшаму пры разліку аб’ёмаў паслуг пад увагу бяруцца фактычнае выкананне за папярэдні год і індэкс росту цэн на паслугі культуры, якія выводзяцца статыстычнымі органамі. Просім хадайніцтва перад Саветам Міністраў аб давядзенні мэтавага паказчыка па платных паслугах не ад рэальна дасягнутых вынікаў, а зыходзячы з разліку на аднаго жыхара, выкарыстоўваючы тэмп росту да аб’ёму ў абсалютных цэнах.

 Бяздзейнасць Барысаўскай фабрыкі музычных інструментаў з кожным годам усё больш адмоўна ўплывае на арганізацыю навучальнага працэсу ва ўстановах адукацыі сістэмы Міністэрства культуры. Набыццё піяніна, цымбалаў, скажам, кітайскай вытворчасці немагчымае як па якасці, так і па цэнах.

Маючы набытак у 660 матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, варта вырашыць пытанне аб стварэнні ў вобласці рэстаўрацыйна-мастацкіх майстэрняў. Гэта дапаможа планамерна даследаваць і рэстаўраваць помнікі гісторыі і культуры згодна з  планаваннем капітальных укладанняў на гэтыя мэты. Магчымы і такі варыянт: стварыць патрэбную ўстанову на базе былога вытворчага мастацкага камбіната “Мастацтва”, які знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці.

 Да сённяшняга дня не перададзены для запаўнення экспазіцыі музея Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве 32 этапныя работы мастака. З прычыны гэтага зацягваецца перадача філіяла Нацыянальнага мастацкага музея ў абласную ўласнасць.

Раней узнімалася пытанне аб фарміраванні сродкаў у рэспубліканскім бюджэце на цэнтралізаваныя закупкі фільмафонду, аўтатранспарту, гукатэхнічнай і святлотэхнічнай апаратуры. Я прашу вярнуцца да гэтай праблемы і, па магчымасці, яе вырашыць.

Будынак і матэрыяльная база педагагічнага факультэта Акадэміі музыкі ў Магілёве патрабуюць фінансавых укладанняў. Палову грошай выдаткуем з абласнога бюджэту, але прашу падтрымкі і з бюджэту рэспубліканскага...

Я спыніўся, безумоўна, далёка не на ўсіх пытаннях, якія нам удалося вырашыць, і трэба будзе разам вырашаць,якія з’яўляюцца прыярытэтнымі і важнымі. Але неаспрэчным застаецца адно: мацаванне культурнага багацця краіны — справа выключна адказная. Спадзяюся, што ў гэтым рэжыме адказнасці мы і будзем сумесна працаваць.

Хачу выказаць Міністэрству культуры ўдзячнасць за падтрымку ў ажыццяўленні творчых праектаў, садзейнічанне ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Упэўнены, што і надалей будуць улічвацца ўсе канструктыўныя прапановы па ўдасканаленні работы сістэмы ўстаноў Міністэрства культуры, з’явяцца новыя інструктыўна-прававыя акты па ўдасканаленні дзейнасці новых тыпаў устаноў, узаемаадносін працадаўцы і выканаўцы

Валерый МАЛАШКА, 

намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама