Зыходзіць з лічбаў, закладзеных у бюджэце

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Вячаслава ВАСІЛЕНКІ, намесніка міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь

— Перш за ўсё хачу падзякаваць за запрашэнне на такі прадстаўнічы форум, як калегія Міністэрства культуры. Так склалася, што я двойчы сустракаўся з прадстаўнікамі Міністэрства, абмяркоўваючы вынікі комплекснай праверкі, якія былі, так бы мовіць, не вельмі прыемныя. І сёння, хоць тэма калегіі іншая, адразу мушу сказаць, што падстаў для радасці будзе не вельмі шмат.

Разам з усёй краінай сістэма культуры перажыла няпросты ў фінансавых адносінах 2009 год. Не па нашай віне нам давялося скарачаць выдаткі на будаўніцтва, рамонт, на набыццё абсталявання, але нават у гэтых няпростых умовах нам удалося зрабіць галоўнае: забяспечыць стабільнае фінансаванне заробкаў, стыпендый, пенсій, іншых сацыяльных выплат. Мы захавалі ў належным стане нашы будынкі і памяшканні. Не спыняліся работы па рэканструкцыі найважнейшых культурных помнікаў, не адбылося і масавых скарачэнняў у сацыяльнай сферы, якія вы маглі бачыць на прыкладзе нашых замежных суседзяў. 2010 год будзе таксама няпростым.

Гістарычна склалася так, што большасць помнікаў культуры з’явілася на свет дзякуючы падтрымцы не дзяржавы, але людзей, якіх даўней называлі мецэнатамі, а сёння — спонсарамі. Францыск Скарына не атрымліваў заробку, разлічанага па інструкцыі Міністэрства працы, і будаўніцтва Мірскага замка не было ўключана ў інвестыцыйную праграму Вялікага княства Літоўскага. На жаль, сёння ў нас такой практыкі няма, і ўвесь цяжар па падтрымцы і развіцці культуры ляжыць на плячах дзяржавы. Але пры гэтым дзяржава можа браць на сябе толькі тыя абавязкі, якія падмацаваны наяўнасцю патрэбных для гэтага рэсурсаў. Такі прынцып быў пакладзены ў аснову пры распрацоўцы бюджэту 2010 года.

Кажуць, што бюджэт — гэта справядлівае і раўнамернае размеркаванне расчараванняў, але нават у “размеркаванні расчараванняў” Міністэрства культуры аказалася абдзеленым, атрымаўшы крыху больш за 2 адсоткі ад нашага плана 2010 года. Але ж зрушыцца наша прамысловасць, гандаль, іншыя сферы эканомікі, і ўсе дадатковыя даходы пасля ўдакладнення бюджэту будуць размеркаваны, у тым ліку і на карысць сістэмы культуры. Гэта — заўтра. А на сёння пры фінансаванні, альбо пры жаданні спансіраваць тыя ці іншыя мерапрыемствы, мы перш за ўсё павінны зыходзіць з тых лічбаў, якія закладзены ў нас у бюджэце на 2010 год і прапісаны ў адпаведных дакументах мясцовых органаў, не забываючыся пры гэтым пра тыя шырокія правы, што прадастаўлены ўстановам культуры па прыцягненні і выкарыстанні пазабюджэтных крыніц. Іншага на сёння не дадзена.

Вячаслаў ВАСІЛЕНКА,

намеснік міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь