Азірнуцца ў будучыню

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

27 студзеня ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб рабоце па выкананні галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на 2006 — 2010 гг.” і задачах арганізацый культуры на 2010 год”.

У канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сабралася больш за 500 работнікаў сферы, дзеячаў культуры і мастацтваў з усёй краіны, прадстаўнікоў зацікаўленых устаноў і арганізацый.

У працы выніковага пасяджэння прымалі ўдзел члены калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, адказныя асобы з Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў краіны і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Найбольш вялікай колькасцю ўдзельнікаў былі прадстаўлены міністэрствы і ведамствы нашай дзяржавы. Абмяркоўвалі дасягненні і праблемы сферы культуры супрацоўнікі Міністэрства фінансаў, Міністэрства статыстыкі і аналізу, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства замежных спраў, кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Сярод гасцей калегіі — таксама і супрацоўнікі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў беларускай сталіцы ды шэрагу іншых структур.  Кожная з падпарадкаваных Міністэрству культуры  ўстаноў (а гэта 155 удзельнікаў пасяджэння выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь) прадставіла на вялікі сход галіны дэлегацыі, у склад якіх увайшлі дырэктары, мастацкія кіраўнікі калектываў, а таксама вядучыя дзеячы культуры і мастацтваў.

Агульны лік рэгіянальных дэлегацый — 230 чалавек. Кожная з іх — гэта начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў, аддзелаў культуры рай і гарвыканкамаў, спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўленняў культуры рэгіёнаў краіны, кіраўнікі абласных камітэтаў прафсаюзаў работнікаў культуры, абласных навукова-метадычных цэнтраў, ССНУ, філармоній, тэатраў, бібліятэк, музеяў, кінавідэапракатных арганізацый, прадстаўнікі ўстаноў культуры абласцей —лаўрэаты прэмій і пераможцы конкурсаў 2009 года. Некаторыя з іх выказалі сваё меркаванне пра перспектывы на 2010 год на старонках гэтага нумара “Культуры”.