“Будзем жывыя — убачымся…”

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Невядомыя лісты Канстанціна Заслонава

/i/content/pi/cult/247/3580/15.jpg

Дзіцячы малюнак К.Заслонава “Хлопчык”.

Хто б мог падумаць, што імя хлопчыка, які нарадзіўся 7 студзеня 1910 года ў  вёсцы Асташкава Цвярской губерні, стане адным з сімвалаў Аршаншчыны, а ягоны  лёс да апошніх імгненняў жыцця будзе звязаны з беларускай зямлёй. Сёння ў гонар Героя  Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава ў гарадах нашай краіны ўсталяваны помнікі, памятныя дошкі, яго імем названы вуліцы Мінска, Санкт-Пецярбурга, Кіева, у Оршы створаны і дзейнічае Мемарыяльны музей, які і сёння папаўняецца сапраўды унікальнымі экспанатамі. Яны праз дзесяцігоддзі дадаюць  нечаканыя штрыхі да ягонага партрэта.  Пра адзначэнне 100годдзя з дня нараджэння Канстанціна Заслонава ў Оршы “К” паведамляла ўжо. У святочныя дні на адкрыцці выстаўкі “Чалавек з легенды: Заслонаў, якога мы не ведалі” пабываў наш карэспандэнт. Адным з першых ён пазнаёміўся з успамінамі  родных і сяброў героя, лістамі Заслонава да жонкі і дзяцей, датаванымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны і перададзенымі нядаўна ў Мемарыяльны музей.

 

 “Б’ёмся адчайна і вельмі сур’ёзна…”

 

Чытаючы лісты Заслонава дадому, адразу заўважаеш: літаральна кожнае яго пасланне з Оршы ў Маскву, да жонкі і дзяцей, пачынаецца са слоў “Любая мая Рытачка…”, “Мае Бусечкі”... Гляджу на гэтыя кароткія пісьмы, напісаныя, відаць, у рэдкую вольную хвіліну, на гэтыя пажоўклыя ад часу лісткі, якія цяпер, праз  шэсцьдзесят пяць гадоў пасля Перамогі, самі па сабе сталі гісторыяй. Сёння “Культура” мае унікальную магчымасць упершыню надрукаваць гэтыя радкі, што доўгія гады былі сямейнай рэліквіяй.

 Вось фрагмент аднаго з лістоў, якія напярэдадні 100-годдзя Канстанціна Заслонава былі перададзены Мемарыяльнаму музею ягонымі дочкамі— Музай ды Ізай: “Рытуся— добры дзень! Добры дзень, мае дарагія Бусечкі… Пішу вам з далёкага тылу, з БССР, часткі, акупіраванай немцамі. Б’ёмся з імі не на жыццё, а на смерць, б’ёмся адчайна і вельмі сур’ёзна… Я кірую ў тыле вялікім партызанскім злучэннем. Хочацца вас вельмі бачыць, але будзем жывыя— убачымся, загіну— значыць, за Радзіму, так і патлумач рабяткам… Мяне ловяць немцы адчайна, скідваюць тысячы лістовак пра мяне, вось адна табе для ўзору, значыць, можаш паверыць, што б’ём немцаў вельмі сур’ёзна, скрозь і паўсюдна…”

Клопатам пра родных прасякнуты і іншыя вестачкі Заслонава з фронту. Пераглядаем тыя лісты разам са старшым навуковым супрацоўнікам Мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава Ганнай Сасноўскай, якая стала маім гідам па экспазіцыі і пазнаёміла з папаўненнем калекцыі. З кожнай такой, здавалася б, будзённай фразы з перапіскі складваецца невядомы нам вобраз Канстанціна Заслонава:  “Рытуся, напішы, калі ласка, як даехалі, як рэчы, як уладкаваліся з жыллём, як з грашыма…”; “Я вам дасылаю 700 рублёў, сабе пакідаю 30…”; “Прывітанне, Рытуся! Перш за ўсё пацалуй за мяне маіх Бусек і тэрмінова паведамі, як яны… Я абсалютна здаровы, чаго і вам усім жадаю…”

 

 “Прыходзіў часта  ў завіруху…”

 

 Большасць эпісталярных матэрыялаў, звязаных з жыццём Заслонава, ужо апрацаваны музейшчыкамі. Багата іх сабралася, па словах Ганны Сасноўскай, пра дзяцінства будучага героя. Трымаю ў руках, праглядаю ўспаміны яго маці. Ганна Пятроўна Заслонава прыгадвала, што яе сын “рос дужым і развітым хлопчыкам. Настойлівы характар яго выяўляўся нават у гульнях з дзецьмі і ў выбары цацак. Вучыўся ў Парэчанскай школе І ступені старанна, імкнуўся не прапускаць урокаў, а калі прыходзіў са школы дахаты, зрабіўшы ўрокі, дапамагаў мне ва ўсім: навучыўся вязаць рукавіцы і панчохі, хоць я на гэтым і не настойвала…” Дарэчы, у восем гадоў бацька ўладкаваў сына на першую працу — пастушком да багатага селяніна з суседняй вёскі, дзе хлопец  зарабіў восем пудоў жыта ды боты. Аб гэтым напісала ў сваіх успамінах пра брата малодшая сястра Заслонава — Таццяна: “Косцю даводзілася працаваць нароўні з дарослымі… Бывала, што разбудзяць да світанку малаціць цапамі, ён папрацуе гадзіны тры-чатыры і так, недаспаўшы і напрацаваўшыся, ішоў у школу…”  …У свой час Косця, якому тады было гадоў дванаццаць, прызнаўся сябру Мікалаю Ушакову: “Нічога не пашкадую, але ў Невелі вучыцца буду”. Ды перш чым перайсці на новую ступень навучання ў незнаёмым горадзе, давялося хлопчыку засвоіць прафесію шаўца, на чым настаяў ягоны бацька. Але і ў гэты час хлопчык дадаткова займаецца са сваёй першай настаўніцай, Ганнай Раздзёравай. З яе успамінаў бачна вялікая цяга хлопчыка да ведаў: нягледзячы ні на што, ён рэгулярна вучыўся нават па вечарах, не прапускаў урокаў і “прыходзіў часта ў завіруху, хоць гэтыя заняткі былі цалкам добраахвотнымі”. Па прызнанні настаўніцы, у школе Заслонаву асабліва добра давалася арыфметыка, таксама “добра пісаў творчыя самастойныя працы па рускай мове. У той час на ёй выпускаліся штотыднёвая насценная газета “Старонка праўды” і штомесячны рукапісны мастацка-літаратурны часопіс “Жывое слова”. Косця быў актыўным удзельнікам у выпуску і аднаго, і другога, з’яўляўся членам рэдкалегіі, афармляў, бо добра маляваў”.  У найбольш поўнай аўтабіяграфіі, што датуецца снежнем 1936 года, Канстанцін Заслонаў пісаў: “У апошні год вучобы ў шавецкай майстэрні сабраў я ўсе неабходныя дакументы, пешшу выправіўся ўпершыню ў доўгі шлях— 40— 50 кіламетраў у адзін бок да горада Невеля— у якім ніколі не бываў— шукаць школу другой ступені”. Але правучыўшыся два гады, хлопец думае кінуць школу ды разам са знаёмым пайсці працаваць у шавецкую арцель, і ўсё ж прыходзіць да высновы: “…Шкада было школы, шкада было вучобы, хацелася, вельмі хацелася вучыцца. Я ў гэты час захапляўся механікай, хіміяй, прыродазнаўствам і асабліва маляваннем— нават наведваў нядзельную студыю”.  Але пасля заканчэння Невельскай школы ў 1927 годзе Заслонаў працягвае навучанне ў Вялікалукскай прафтэхшколе чыгуначнага транспарту, дзе, як і раней, актыўна ўдзельнічае ў грамадскай дзейнасці, становіцца культармейцам. Пра гэты перыяд жыцця ў аўтабіяграфіі Заслонаў, апрача іншага, зазначае: “У гэты час захапляўся літаратурай і асабліва маладзёжнай, быў нават старшынёй літаратурнага гуртка”.  

 

 “У такую цяжкую  дарогу…”

 

Яшчэ адзін вялікі блок успамінаў пра Канстанціна Заслонава з музейных фондаў адносіцца ўжо да дзён Вялікай Айчыннай вайны. Як вядома, з 1939 года ён узначальвае паравознае дэпо Оршы — адной з самых буйных станцый савецкай чыгункі. Пасля, у 1941-м, кіруючы эвакуацыяй тэхнікі са станцыі на ўсход, Заслонаў пакідае Оршу толькі з апошнім эшалонам ноччу 13 ліпеня — за тры дні да акупацыі горада нямецка-фашысцкімі захопнікамі.  Былы намеснік камандзіра атрада імя Варашылава Грышчанкоў у сваіх успамінах, што захоўваюцца ў музеі, прыгадвае, як яны ў ліпеньскія дні 1941га разам працавалі над арганізацыяй адпраўкі цягнікоў на ўсход: “Часта можна было бачыць, як Заслонаў асабіста дапамагаў грузіць станкі на платформы, і гэта яшчэ больш падбадзёрвала і памнажала сілы рабочых. Ён сам абыходзіў усе цэхі, і калі выяўляў нават маленькія дэталі, патрабаваў іх пагрузіць… Я атрымаў заданне ад Заслонава пра прыняцце апошняга цягніка за тры гадзіны да адыходу. Калі я спытаў яго, чаму ён сам да гэтага часу не з’ехаў, ён адказаў: “Як жа ехаць, калі да гэтага часу яшчэ адзін цягнік стаіць неадпраўлены?” Пакідаючы Оршу, Заслонаў атрымаў і вопыт дыверсанта: едучы на апошнім паравозе з горада, каманда спынялася, мініравала ды падрывала за сабой масты, апаратуру на блокпастах, рэйкі, каб тыя не дасталіся ворагу. Музей захоўвае і унікальнае сведчанне Антаніны Гарпінчэнка— партызанкі брыгады Канстанціна Заслонава. Жанчына распавяла пра тое, якім запомніла славутага партызана ў час апошняй з ім сустрэчы: “Гэта была мая апошняя сустрэча з Заслонавым… Праводзячы нас на баявое заданне, ён сардэчна развітаўся з намі і сказаў, што ў брыгадзе нас будуць чакаць 15 лістапада. Выходзіць мы павінны былі ўсёй групай, каб па дарозе “папрацаваць” на чыгунцы. Жадаючы нам поспеху, Канстанцін Сяргеевіч сказаў нам тады: “Вялікага табе поспеху, дзяўчынка, і ўсім удзельнікам групы. Як бы мне хацелася, каб не патрэбна было вас адпраўляць у такую цяжкую дарогу…”

 

***

Першае, што бачыш, трапіўшы на цягніку ў Оршу, — велічны помнік Канстанціну Заслонаву, усталяваны ў 1955 годзе на месцы яго пахавання (аўтары — С.Селіханаў і Г.Сысоеў). Здавалася б, усё прасякнута ў гэтым горадзе ягоным духам. Тым больш, непадалёк ад чыгуначнага вакзала знаходзіцца і Мемарыяльны музей,  матэрыялы якога сталі асновай для гэтай публікацыі. Ды толькі, як аказалася, сёння падкажа дарогу да яго не кожны. Асабіста мне пашанцавала на таго, хто даў рады, толькі з трэцяй спробы. У свой жа час Мемарыяльны музей Канстанціна Заслонава ў Оршы быў вядомы на прасторы ўсяго Савецкага Саюза. Штогод туды з’язджаліся ветэраны вайны, моладзь, падлеткі… Канешне,  і сёння  музейныя супрацоўнікі актыўна працуюць з мясцовымі школамі, праводзяць заняткі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сярод экспанатаў.  

/i/content/pi/cult/247/3580/15-.jpg

Помнік К.Заслонаву каля чыгуначнага вакзала ў Оршы.

Але сам будынак музея — практычна равеснік Канстанціна Заслонава. Па словах навуковага супрацоўніка музея Кацярыны Балашовай, у друкаваных крыніцах ён згадваецца ў пачатку мінулага стагоддзя як дом мясцовага святара, а пазней — мясцовая крама. Сёння ж гмах істотна не дацягвае да шэрагу санітарных норм. Не выпадкова ў 1980я гады архітэктарам М.Сморчакам быў распрацаваны праект, паводле якога планавалася  пабудаваць новы будынак музея. Па сваёй форме ён мусіў уяўляць з сябе двухпавярховы аб’ём асіметрычнай формы, дзе мелі размясціцца памяшканні для адміністрацыі, супрацоўнікаў, архівы, бібліятэка, фонды, канферэнцзала. Аднак гэты праект, на жаль, застаўся толькі на паперы…

Бясспрэчна, хацелася б убачыць і ў музеі, і ў горадзе наогул сувенірную прадукцыю, буклеты, календары, прысвечаныя Заслонаву. А пакуль што толькі на вакзале, чакаючы свой цягнік, я выпадкова натрапіў на адзіны варыянт прывезці з Оршы матэрыяльную памятку пра Героя Савецкага Саюза: не ў музеі, а ў газетным кіёску набыў паштовы канверт з партрэтам і выявай помніка Канстанціну Заслонаву…

Кастусь АНТАНОВІЧ,

 наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Орша — Мінск