Тутэйшыя Мадонны

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Спецыяліст аддзела культуры Ірына Грыб запэўніла нас, што, акрамя мадоннаў Рафаэля, Шэмякіна і Савіцкага, ёсць яшчэ і адметныя мадонны Старых Дарог. Не закрануць гэтую тэму напярэдадні Дня жанчын — грэх неймаверны. Тым больш, што на гэтых плячах — асноўны цяжар нялёгкай працы ў сферы культуры.

— Безумоўна! Ім — і кветкі нашы, і словы самай шчырай удзячнасці, і прачулыя вершы... Кажуць, свята гэтае састарэла. Маўляў, яго Клара Цэткін з Розай Люксембург прыдумалі. Ну і што? Роля нашых любых дзяўчат не стала з таго часу менш важкай, дзейснай... Не магу з гэтай нагоды не ўзгадаць і пра тое, што і тэрмін “культасветработа”, уведзены калісьці ва ўжытак Надзеяй Крупскай, таксама іншым разам лічаць не надта сучасным. Думаю, гэта памылкова! У корані слова — “асветніцтва”, значыць — нястомнае навучанне насельніцтва культуры беларускіх традыцый, культуры ўзаемаадносін, якімі Беларусь, асабліва вясковая, заўжды славілася (вы ж цудоўна ведаеце, што ў нашых вёсках нават малыя дзеці з незнаёмымі заўжды вітаюцца!)... Нашы жанчыны — асветніцы. І займаюцца плённа не толькі прапагандай беларускага мастацтва, але і навуковым яго вывучэннем, асэнсаваннем. Таму і старадаўнія песні нашы заўжды гучаць сучасна і цікава. У рэпертуары аднаго толькі народнага фальклорнага калектыву “Набіліцы” (а гэта 10 жанчын самага рознага ўзросту) назапашана амаль за 30 гадоў творчай дзейнасці больш чым 90 канцэртных праграм. Пагадзіцеся, больш чым важкі плён менавіта асветніцкай работы, бо кожная песня — з невычэрпнай скарбонкі мясцовых фальклорных традыцый. Так што, “Набіліцы”, бяспрэчна, — не толькі найкаштоўны набытак Баранавіцкага сельскага клуба, але і ўсяго Старадарожскага раёна!

— Напэўна, жанчыны больш актыўныя і ў крытычнай ацэнцы таго, як ідзе адраджэнне беларускай вёскі?

— Канешне! Жанчыны — захавальніцы сям’і, таму вельмі балюча рэагуюць на нейкія збоі ў дзейнасці ці фельчарска-акушэрскага пункта, ці крамы, ці комплексна-прыёмнага пункта службы быту. Як кажуць, чалавек можа памыліцца, а народ — ніколі, тым больш калі ён прадстаўлены лепшай і больш актыўнай, у сацыяльным плане, паловай. І гэтыя запатрабаванні супрацоўнікі райвыканкама пастаянна ўлічваюць у ходзе кантролю за развіццём сацкультбыту. Кантроль гэты даволі жорсткі і строга перыядычны. У самых аддаленых вёсках бываем: і ў час выездаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, і ў ходзе штомесячных выязных грамадскіх прыёмаў, і пры правядзенні дзён жывёлаводаў і механізатараў у сельскагаспадарчых кааператывах і на сельскіх сходах. Зрэшты, ва ўсіх гэтых мерапрыемствах пастаянна бяруць удзел і работнікі культуры. Як кажуць, у адной сям’і кожнаму да ўсяго ёсць справа. І не забывайце, што, апрача клубных устаноў, у раёне — 32 дамы сацыяльна-культурных паслуг, таксама чыста жаноцкая вотчына. Тут з вяскоўцамі кантактуюць і ўрачы, і бытавікі, і сабес. Не толькі паслугі аказваюць, але і заўвагі збіраюць. Пасля іх абагульнення — абавязковае рэагаванне райвыканкама. І дробязных пытанняў тут няма, усё выключна важнае: ад удасканалення рэжыму працы аўтакрамы да больш эфектыўнага саюза культурнай сферы на вёсцы з сельгасвытворчасцю. Зрэшты, за “пацёмкінскія вёскі” чырванець не даводзіцца. Сацкультбыт уладкоўваем параллельна з умацаваннем матэрыяльнай базы сельгаскааператываў. У аграгарадках “Новыя Дарогі”, “Паставічы”, “Шчыткавічы”, поруч з рамонтамі культасветустаноў, даводзіліся да ладу мехдвары, фермы, дарогі, ФАПы, лазні, дзіцячыя садкі. Менавіта таму сацыяльна палітычная абстаноўка ў раёне — больш чым спакойная. У выбарчых кампаніях, да прыкладу, прымаюць удзел 94-99 % насельніцтва.

Словам, жанчыны нашы — не толькі зацятыя асветніцы, але і досыць дасведчаныя палітыкі. Сардэчны дзякуй ім за гэтую неабыякавасць.