Толькі са згоды вялікага князя

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Як Агінскі перамог саперніка

Да Гарадзельскага  прывілея

 

У XVI —  XVII стагоддзях жыццё шляхты было найперш падпарадкавана спецыфічнаму гадавому рэестру, які дыктаваў, у якім узросце і на што мае права
 /i/content/pi/cult/247/3578/14.jpg
 Вянчанне Ягайлы і Ядвігі.
шляхціч ды, адпаведна, вызначаў тэрмін яго магчымага ўступлення ў шлюб. Тое, што мы цяпер называем здольнасцю да самастойных учынкаў, надыходзіла, як лічылася, у 18 гадоў для хлопца (калі ён ужо мог кіраваць маёмасцю, за выключэннем фінансавых аперацый з нерухомасцю, і галасаваць на сейміках), а таксама ў 13 —  для дзяўчыны. Канчаткова ж шляхціч рабіўся паўнавартасным уласнікам, суб’ектам права і нават мог быць абраным паслом ад сейміка ў 24 гады, што і вызначала гэты тэрмін як найбольш аптымальны, па сутнасці — абавязковы для шлюбу. Для дзяўчыны гэты ўзрост складаў 16 гадоў, хаця праз каралеўскі дазвол дадзены цэнз можна было і знізіць: калі трэба, маладосць не была перашкодай.

Так, Людвіка Караліна Радзівіл узяла шлюб з Людвікам Гагенцалернам не дасягнуўшы гэтага ўзросту. Згода на шлюб залежала ад бацькоў ці апекуноў і пры гэтым магла быць атрымана за шмат гадоў да дасягнення дзяўчынай паўналецця. Як гэта ні здавалася б дзіўным, але да Гарадзельскага прывілея 1413 г. ліцвінская шляхта магла атрымаць дазвол на шлюб толькі са згоды вялікага князя. Меліся і строгія абмежаванні: несапраўдным лічыўся шлюб паміж сваякамі ў чацвёртым калене, а за шлюб у трэцім пакаленні, як і за дваяжэнства, прысуджвалася смяротнае пакаранне. У свой час  для ўдавы прадугледжвалася абавязковая шасцімесячная жалоба. 

 

“Культурныя захады”

 

 У часы Вялікага княства Літоўскага не абыходзілася і без заручын — своеасаблівых шлюбных пагадненняў. І тут воля бацькоў адыгрывала вялікую ролю. Што і казаць, імя сваёй будучай жонкі князь Караль Станіслаў Радзівіл першы раз пачуў у касцёле ад сваёй маці, пасля чаго адразу і адбылося вянчанне. 

З часоў Асветніцтва ўзрастае важнасць культурна-адукацыйных фактараў у шматлікіх сферах жыцця асобы: ад распрацаванага этыкету да падбору кніг для ўласнай бібліятэкі. Ад прэтэндэнта на шлюб, апрача іншага, патрабаваліся і “культурныя захады”: у адукаваным шляхецкім асяроддзі ў ХVІІІ ст. у гонар абранніц складаліся вершы; галоўным аргументам магло быць і валоданне  музычнымі інструментамі: так, Міхаіл Казімір Агінскі заваяваў сэрца сваёй каханай і будучай жонкі тым, што граў на музычных інструментах лепш, чым яго сапернік.

 

 Багуслаў Радзівіл і Ганна Марыя

 

Шляхецкая эпоха была багата насычанай на сапраўды трагедыйныя гісторыі кахання, дзе па-антычнаму перамяшаны жарсць, рок, а юныя закаханыя ідуць насуперак агульнапрынятым нормам. Адна з такіх была шырока вядомая ў ХVІІ ст.: гэта ўзаемнае, як можна меркаваць, каханне дачкі славутага Януша Радзівіла — Ганны Марыі і яе апекуна, стрыечнага брата бацькі, Багуслава Радзівіла. Сама думка аб гэтай сувязі, не кажучы ўжо аб шлюбе, была грахоўнай і звязвалася з кровазмяшэннем, што ў той час лічылася страшэнным грахом. Тым не менш, іхнія пачуцці не былі таямніцай, хаця Багуслаў і прадбачліва загадваў знішчаць частку з лістоў да Ганны Марыі, як можна меркаваць, інтымнага зместу. 

Адзін са знакамітых лавеласаў таго часу, Багуслаў трапіў у пастку моцнага пачуцця, якое захоўвалася гадамі: ён рашуча супраціўляўся спробам выдаць апякунку замуж (прычым досыць часта яны зыходзілі ад каралевы Рэчы Паспалітай), а сам, у сваю чаргу, не ішоў на шлюб нават з прынцэсамі. Сітуацыя зрабілася крытычнай, калі Ганну канчаткова вырашылі аддаць за гетмана Міхаіла Паца. У адчаі Багуслаў, пратэстант паводле веравызнання, звяртаецца да Папы Рымскага з просьбай даць дазвол на шлюб з Ганнай Марыяй і, што падобна на цуд, —атрымлівае яго.

 Шлюб адбыўся, неўзабаве ў закаханых нарадзілася дачка, але лёс не спрыяў ім: праз месяц пасля цяжкіх родаў Ганна Марыя памерла. Смерць каханай падкасіла Багуслава. Хутчэй, па інерцыі ён працягваў удзел у грамадскім, палітычным жыцці краіны. Але мінула амаль тры гады, і князь у канцы 1669 г. памірае досыць дзіўнай смерцю на паляванні: яго не стала ў момант, калі ён глядзеў на забітую дзічыну. Па напале жарсцяў і трагізму гэтую пару можна параўнаць хіба што з Барбарай Радзівіл і Жыгімонтам Аўгустам.

 

Рыцарскія здольнасці

 

Шляхецкае вяселле вылучалася сваім багаццем, працягласцю (яно доўжылася не менш за тыдзень!), насычанасцю еўрапейскімі хрысціянскімі рытуаламі, а таксама мясцовымі шляхецкімі звычаямі: крыкамі “Віват!”, уздыманнем на тканіне пярсцёнкаў. Вяселле заможнай шляхты  ўключала багаты вясельны картэж, прыёмы з абавязковымі ў ХVІІІ ст. музыкай і танцамі, тэатральныя прадстаўленні, феерверкі. Асаблівай пашанай карысталася звычайна багата аздобленая “шлюбная карона”, якую жаніх дарыў маладой і якая захоўвалася ў іх. Прыблізна да ХVІІІ ст. у галаўны ўбор нявесты ўваходзіў, як і ў вясковай традыцыі, вянок. Рытуал застолля быў распрацаваны і грунтаваўся на пабудаваных у пэўнай паслядоўнасці прамовах. Даволі экзатычнымі элементамі вяселля былі практыкаванні ў сіле, дзе выдатна праяўлялі сябе прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Гісторыя сведчыць, што сярод шляхцянак было досыць фізічна моцных жанчын, сярод якіх вылучаліся Хелена Агінская, дачка віленскага ваяводы Казіміра Агінскага, і жонка Ігнація Агінскага, што на вяселлі саксонскага прынца Фрыдэрыка ў 1719 г., у Дрэздэне, у 18-гадовым узросце, прадэманстравала на спецыяльным, зробленым для ваеннай фізічнай падрыхтоўкі жанчын, карусельным станку выдатныя “рыцарскія” здольнасці і атрымала за гэта ўзнагароду. 

Ігар ВУГЛІК,

кандыдат гістарычных навук