Народны фальклорны калектыў “Луца”.
У зону культурнага абслугоўвання ўваходзіць пасёлак Акцяброва, невялікі па насельніцтве: у ім пражывае 543 чалавекі. Сацыяльна-бытавую інфраструктуру тут вызначаюць сярэдняя школа, бібліятэка, крама, ФАП. Цэнтр фальклору, натуральна, адказвае за культурна-масавыя мерапрыемствы: народныя святы, абрады, маладзёжныя дыскатэкі, творчую дзейнасць калектываў і гурткоў мастацкай самадзейнасці. Але ж прыярытэтнымі з’яўляюцца адраджэнне, захаванне і папулярызацыя традыцыйнай народнай культуры, замацаванне духоўнай повязі пакаленняў, заснаванай на нацыянальных каштоўнасцях.
Пры Цэнтры дзейнічаюць 5 клубных фарміраванняў: народны фальклорны калектыў “Луца”, дзіцячы фальклорны ансамбль “Беларусачка”, тэатральны — “Балагуры”, дзіцячы танцавальны гурт “Сувенір” і гурток мастацтва “Чароўная нітачка”.
“Луца” папулярызуе лакальныя песенныя традыцыі, абрады і звычаі свайго рэгіёна, перадае іх падрастаючаму пакаленню. Вынікам гэтай працы стала стварэнне “Беларусачкі”, удзельнікі якой бываюць на ўсіх мерапрыемствах. Заняткі ў гурце дапамаглі дзецям адчуць сваю значнасць, пазбавіцца комплексаў недасканаласці і нерашучасці. Менавіта так фарміруецца асоба, прагная да самарэалізацыі. Для гэтага ў Акцяброўскім цэнтры фальклору працуюць гурткі розных жанравых напрамкаў: фальклорны, тэатральны, танцавальны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ёсць і пакой народнага побыту з драўляным млыном для размолу зерня, кроснамі, калыскай… Культработнікі Цэнтра фальклору разам з падлеткамі ідуць да людзей сталага ўзросту, дапамагаюць ім у гаспадарцы, а потым слухаюць і запісваюць колішнія народныя гульні, песні, святы і абрады, якія раней бытавалі ў вёсцы. Такое далучэнне да пошукавай дзейнасці— неацэннае, яно наўпрост уплывае на развіццё творчай думкі. Стварэнне фальклорнага архіва— не самамэта. Святы і абрады адраджаюцца або ў цэласнай структуры, або фрагментарна. І не проста адраджаюцца— застаюцца жыць.
Узяць, да прыкладу, абрад “Гуканне вясны”. У мясцовай фальклорнай традыцыі вадзілі карагод, вядомы пад назвай “Луца”. Пасярэдзіне яго знаходзіліся дзяўчына (яе звалі Луца) і хлопец, вакол якіх жанчыны спявалі песню: “А ты, Луца, ня Луца...”. Своеасаблівасцю абраду з’яўляецца і такая цікавая дэталь: па вадзе пускаюць дошчачку, на якую пад спевы кладуць хлеб, умацоўваюць запаленую свечку. Абрад “Гуканне вясны” і карагод “Луца” ўдалося захаваць, дзякуючы старэйшым удзельнікам фальклорнага калектыву з аднайменнай назвай. У Цэнтры фальклору ёсць апісанні каляндарна-земляробчых і сямейна-бытавых святаў і абрадаў, запісы фальклорных твораў, вядзецца картатэка носьбітаў фальклору, майстроў Кармянскага раёна. У 2007 годзе профільная ўстанова стала пераможцай раённага агляду конкурсу ў распрацоўцы турмаршруту па сваёй вёсцы і атрымала грамату аддзела культуры Кармянскага райвыканкама — за прапаганду гісторыі роднага краю і папулярызацыю турызму. У гэтым — неаспрэчная заслуга начальніка аддзела культуры Кармянскага райвыканкама Святланы Казловай, раённай метадычнай службы, культработнікаў Акцяброўскага цэнтра фальклору, сярод якіх — яго першы дырэктар Святлана Дзяменцьева, цяперашні кіраўнік Алена Малючэнка, мастацкі кіраўнік Тамара Сапажэнка.
Людміла МЕЛЬНІКАВА,
вядучы метадыст па народных традыцыях
і абрадах Гомельскага АЦНТ