ЦЭНАЎТВАРЭННЕ ДЛЯ РЭЗЕРВУ ІНВЕСТЫЦЫЙ

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Райвыканкамаўская “лятучка” з “К”

Адраджэнне і развіццё сяла: сацыякультурны зрэз

Згодна з загадам старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца з бягучага года план платных паслуг па ўстановах культуры вобласці павялічваецца ўдвая. Мера, на першы погляд, не надта папулярная. Але, па меркаванні начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, менавіта яна дазволіць узняць якасць культурнага абслугоўвання на ўзровень сённяшніх сацыяльна-эканамічных патрабаванняў. Маўляў, якасць паслуг і абумоўліваецца гатоўнасцю спажыўца культуры іх аплачваць. Гаворка — і пра абласны горад, і пра раённыя цэнтры, і пра аграгарадкі з вёскамі. Планы ў губернатара Віцебшчыны, пагадзіцеся, падобраму амбіцыйныя: зрабіць вобласць адной з лепшых на Беларусі ў плане сацыя-культурнага развіцця. І намер гэты, а дакладней — пэўныя яго заўважныя здабыткі адсачыць можна  на прыкладзе Докшыцкага раёна.  Менавіта аграгарадок “Бягомль” з’яўляецца “ўязной брамай” з Міншчыны ў Віцебшчыну. Адзін толькі мясцовы ДК даў за 11 месяцаў мінулага года 15 мільённы прыбытак ад аказання платных паслуг насельніцтву! А неўзабаве “брама” абяцае стаць ці не самай узорнай у краіне і па якасным прыдарожным сервісе. Бо перспектыўныя планы старшыні Докшыцкага райвыканкама Алега Пінчука — не менш амбіцыйныя: зраўняць па выніковасці сферу рэгіянальнай культуры з гаспадарчай дзейнасцю, эфектыўнасць якой — адна з паказальных на Віцебшчыне. За кошт удзелу ў штоквартальных абласных інвестфорумах Докшыцкі раён здолеў зацікавіць Татарстан. Згодна з падпісаным пагадненнем у вёсцы Бабцы, што за Бягомлем, сумеснымі намаганнямі  былая школа ператворыцца  ў АЗС і гасцініцу з кавярняй. Але прыдарожны сервіс без уплыву культурнай сферы, мякка кажучы, не надта адпавядае сённяшняй палітры гнуткай эканамічнай самастойнасці. Таму прапановы да замежных інвестараў у работнікаў культуры раёна  — досыць канкрэтныя і прывабныя. А іх рэалізацыя будзе скіравана, натуральна, на ліквідацыю вузкіх праблемных месцаў, якіх у культурным развіцці любога раёна — больш чым дастаткова.  І пераважная іх частка, як паказала камандзіроўка ў Докшыцкі раён, прыпадае менавіта на сельскую  мясцовасць. Таму і гаворка ў артыкуле пойдзе аб Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла, апошні год рэалізацыі якой найперш і зацікавіў.

Станоўчага, сапраўды крэатыўнага, у сферы культуры Докшыцкага раёна, без перабольшання, — вельмі шмат. Яшчэ ў 2007 годзе рэгіён хранічна не спраўляўся з планам па аказанні насельніцтву культурных паслуг. Змянілася кіраўніцтва райвыканкама і аддзела культуры — справа зрушылася з мёртвай кропкі. Да прыкладу, летась адпаведнае заданне за 11 месяцаў выканана на 145 працэнтаў у супастаўных цэнах. Адна толькі райцэнтраўская кінаканцэртная зала “Іскра” зарабіла 67 мільёнаў рублёў, установы культуры буйных аграгарадкоў “Бягомль”, “Порплішча”, “Параф’янава” —  ад 10 да 15 мільёнаў… Якасна новыя платныя паслугі прапанавалі спажыўцам установы раённай ЦБС. Але сёлетняе падваенне планаў пазабюджэтнай дзейнасці стане для культработнікаў Докшыччыны чарговым сур’ёзным выпрабаваннем. Павелічэнне відаў паслуг, як і ўмацаванне матэрыяльнай базы і вырашэнне кадравага пытання, —  абавязковая ўмова Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці сяла. Пра гэтыя і іншыя праблемы, узнятыя ў час апытання, гаворка пайшла на “лятучцы”, якую “К” зладзіла на гэты раз у Докшыцкім райвыканкаме. Удзел у ёй узялі намеснік старшыні Докшыцкага райвыканкама па эканамічных і сацыя-культурных пытаннях Ларыса МАЛЬЧЫК, начальнік аддзела культуры Інга  ЖУРОМСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела культуры Галіна ЛІТВІН і дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна ЦЫБУЛЬСКАЯ.

 /i/content/pi/cult/247/3571/11.jpg
 
          Яўген РАГІН:

— На выкананне Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла застаўся год. У раёне—8 аграгарадкоў, адзін стаў пераходным, яшчэ тры трэба ўвесці сёлета. Справіцеся?

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Я пачну з платных паслуг, бо ў плане іх развіцця вельмі станоўча ацэньваю дзейнасць аддзела культуры. Цяпер заданне стабільна перавыконваецца. Так і павінна быць. У аграгарадкі ўкладзены мільярдныя сродкі, таму і аддачу ад устаноў культуры неабходна павялічваць няўхільна. Ад маштабаў ды якасці платных паслуг наўпрост залежыць рост заробку работнікаў культуры. На запланаваны рубеж мы пакуль не выйшлі. Гэтай мэты ў нас не дасягнулі камбінат будаўнічых матэрыялаў, адна з сельскагаспадарчых арганізацый і аддзел культуры. Так што, актывізацыя платных культурных паслуг —  задача першарадная.

Інга ЖУРОМСКАЯ:

 — Не будзе якасці ў культурнай паслугі—  ніхто на тое мерапрыемства і не пойдзе. Згубім і аўтарытэт, і грошы…

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Тут і рост у супастаўных цэнах назіраецца, і новыя віды паслуг пастаянна з’яўляюцца. Натуральна, усе гэтыя працэсы —  на штодзённым райвыканкамаўскім кантролі. Аднак далей трэба ісці больш упэўнена: развівацца, пашырацца, удасканальвацца, вучыцца быць самастойнымі. Калі на заробкі аддзел культуры выкарыстаў за мінулы год 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў, а аказанне платных паслуг прынесла толькі 237 мільёнаў, дык, напэўна, нашым культасветнікам ёсць над чым рупліва працаваць у перспектыве… А з Дзяржпраграмай адраджэння і развіцця сяла раён, неаспрэчна, справіцца. Устаноўка ў нашага кіраўніцтва такая: працягваць рамонт устаноў культуры, бо без гэтага народ у клубы і бібліятэкі не пойдзе, а значыць, і ў вёсках не застанецца перспектыў… У трох вёсках — Замасточча, Ваўкалаты, Гняздзілава, што сёлета стануць аграгарадкамі, — ужо даўно намечаны фронт патрэбных работ. Задача гэтая —  цалкам выканальная. А ў самай праблемнай нашай вёсцы — Круляўшчызна, якая летась так і не здолела стаць аграгарадком, рамонт СДК будзе завершаны да пачатку красавіка. Гэта таксама цвёрдая ўстаноўка старшыні Докшыцкага райвыканкама Алега Пінчука.

Яўген РАГІН:

— Пра пераходны аграгарадок “Круляўшчызна” мы пагаворым крыху пазней. А цяпер хацелася б вось пра што. Мы пабывалі з начальнікам аддзела культуры Інгай Журомскай у аграгарадку “Порплішча”. І я пацвярджаю: тут насельніцтва ў сельскія бібліятэку і Дом культуры ідзе з задавальненнем, хоць установы гэтыя—  далёка не ў палацах месцяцца. Справа, як самі жыхары кажуць, у асобах, якія гэтымі ўстановамі кіруюць. У СДК памяшканне прыстасавана: глядзельная зала па вечарах пераўтвараецца ў залу дыскатэчную. Але моладзь асаблівых прэтэнзій і не выказвае, бо якасцю мерапрыемстваў задаволена: на дыскатэкі сюды нават з Віцебска прыязджаюць… Гэткая ж ажыўленасць і ў бібліятэцы: хоць і не новы будынак, але ўтульны, бо “сагрэты” індывідуальнасцю бібліятэкара…

Галіна ЦЫБУЛЬСКАЯ:

— Вы пра тое, што дзесьці культработнікі ў палацах сядзяць, але ініцыятыўнасцю не вызначаюцца?

Яўген РАГІН:

— Ды менавіта пра гэта! Алена Камінская план выконвае. Здавалася б, што яшчэ патрэбна ёй? Але ж не: патрэбна. Камп’ютэр, да прыкладу: для мультымедыйных платных прэзентацый, для відэадыскатэк. План сёлета—  падвоены, без творчай выдумкі, без крэатыву яго не выканаць. Такі ж падыход да справы і ў Вацлава Эстоціштвана. Усё робіць для таго, каб план выканаць. А ў бібліятэчным клубе “Землякі”—  аж 11 мужчын: два студэнты, адзін ліцэіст, астатнія—  40—  50 гадовыя. А дзесьці, абсалютна па невядомых прычынах, мужчыны гэтага ўзросту проста выключаны з чытацкага кола. Тых бы бібліятэкараў—  ды ў Порплішча на “лікбез”. Урэшце, не ў планах тут справа, а ў жаданні заставацца прафесіяналам…

Галіна ЛІТВІН:

— У гэтым, я ўпэўнена, галоўнае дасягненне Дзяржпраграмы, пра рэалізацыю якой мы гаворым. Людзі паверылі ў свае сілы, яны імкнуцца рэалізавацца напоўніцу. І няма тут істотнага адрознення паміж клубнікамі і бібліятэкарамі.

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Вось яна—  якасць працы культработніка. Ёсць ініцыятыва, ёсць наведвальнікі, ёсць грашовая аддача…

Інга ЖУРОМСКАЯ:

— У аграгарадку “Порплішча” матэрыяльную базу, несумненна, будзем паляпшаць. Наконт СДК такія прыкідкі: дзеліць ён сёння двухпавярховы будынак разам з канторай мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. Вось другі паверх і хацелася б у перспектыве аддаць СДК, а першы —  пад танцавальную залу адвесці… Алена Мікалаеўна ў нас кіраўнік сапраўды крэатыўны, на дыскатэкі часам і да 200 чалавек збірае, план выконвае, таму і камп’ютэр ёй для клубных мерапрыемстваў набудзем абавязкова, хаця б за кошт па-забюджэту…

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Мы тут спакваля тэму кадраў закранулі. Таму яшчэ раз хачу нагадаць аддзелу культуры, што пытанне гэтае лёсавызначальнае і для сферы культуры, і для будучыні нашай вёскі. Кадры шукаць трэба. Выхоўваць, вучыць, заахвочваць, замацоўваць.

Галіна ЛІТВІН:

— На пачатку дзеяння Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцця сяла ў сферы раённай культуры 67 працэнтаў работнікаў мелі вышэйшую і сярэднюю адукацыю, а ў мінулым годзе гэты паказчык дасягнуў ледзь не 90 працэнтаў. Але і практыкі ў нас цудоўныя. У Ваўкалатах дырэктар ДК Марыя Кімстач—  эканаміст па адукацыі. І дай Бог такіх кіраўнікоў для ўсіх нашых сельскіх устаноў культуры! І арганізатар цудоўны, і творца, і капейку дзяржаўную ашчаджаць умее… Але імкнёмся,безумоўна, каб кадры нашы мелі профільную адукацыю, каб былі мясцовыя,свае, правераныя. Бо летась зрабілі заяўку на харавіка з вышэйшай адукацыяй, а дзяўчына з Мядзельшчыны, хоць і размеркавалі яе да нас, не прыехала… У нашых “дамарослых”, і праблема з жыллём з большага не паўстае, бо жывуць з бацькамі, і насельніцтва цудоўна ведаюць.

Яўген РАГІН:

— І колькі такіх, “вашых”?

Галіна ЛІТВІН:

— Завочна навучаюцца 24 чалавекі—ва Універсітэце  культуры, Віцебскім універсітэце імя Машэрава (музычнае аддзяленне), вучылішчах  мастацтваў. Штогод  накіроўваем  моладзь і на дзённыя  аддзяленні.Сёлета— 14 чалавек, палова з іх— мэтавікі. Пазалетась да нас прыбылі 7 маладых спецыялістаў, летась— чатыры. Паспелі ўжо зарэкамендаваць сябе з лепшага боку.

Яўген РАГІН:

— Няўжо ўсё так беспраблемна з кадрамі?

Галіна ЛІТВІН:

— Чаму? Толькі праблемы гэтыя на нашым узроўні ніяк не вырашыць. Вось прыклад. Універсітэт пяць гадоў рыхтуе спецыяліста. Але каб той стаў прафесіяналам на сваім першым рабочым месцы, трэба яшчэ ніяк не менш трох гадоў “адаптацыі”. Праблему гэтую сяк-так вырашаем, увёўшы для маладых куратарства больш сталых работнікаў. Ды чаму ж універсітэцкая адукацыя настолькі адарваная сёння ад практычнага жыцця? Яшчэ прыклад. Сярэднія спецыяльныя ўстановы, а дакладней— музвучылішчы, рыхтуюць выкладчыкаў музычных школ. А тыя ў нас цалкам укамплектаваныя, таму спецыялістаў такіх размяркоўваем па клубах і дамах культуры, а там яны—бездапаможныя, граць могуць толькі па нотах, з імправізацыйным акампанементам не спраўляюцца,— таксама, я ўпэўнена, пралік навучальнага працэсу.

Яўген РАГІН:

— Летась “К” пра гэта пісала неаднаразова.

Галіна ЛІТВІН:

— Выйсце тут адзінае бачу: сабраць кіраўніцтва нашых ВНУ і ССНУ ды абмеркаваць стан спраў з абавязковым удзелам прадстаўнікоў рэгіянальнай культуры. Без  такой зваротнай сувязі пра якасць навучання цяжка казаць. А патрабаванні да нашай працы штогод павялічваюцца. І тут “стыкоўка” з навучальнымі ўстановамі павінна быць выключна ўзаемакарыснай.

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Але і мы на месцы не павінны сядзець. Пастаянна кажу пра важнасць прафесійнай арыентацыі. Па заўтрашнія кадры культуры нам ужо сёння ісці нават не ў школы, а ў дзіцячыя садкі. “Адрасных” дзяцей, мяркуючы па тамтэйшых ранішніках, — процьма. Іх варта вылучыць, развіваць, са школы прывучаць да работы ў клубах і бібліятэках. Тады і  час на “адаптацыю” губляць не давядзецца.

Яўген РАГІН:

— Вернемся да платных паслуг. Па выніках мінулага года прыкладна палову па-забюджэтных даходаў даў горад, а палову— сяло. Наколькі паказальная такая прапорцыя для агульнага развіцця культуры?

Інга ЖУРОМСКАЯ:

— Прынамсі, дысбалансу няма. Усё натуральна: вёска цягнецца за райцэнтрам. Канешне, раўняецца на вонкавую шыкоўнасць нашай “Іскры” на сяле пакуль немагчыма, але ўсе аграгарадоцкія клубнікі бяруць прыклад з якасці мерапрыемстваў, што ладзяцца ў гарадской канцэртнай зале.

Галіна ЦЫБУЛЬСКАЯ:

— Дый бібліятэкары раёна да гарадскіх бібліятэчных устаноў адставаць не жадаюць. Цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі дэфіцыт крэатыву ніколі не адчувалі. Наш мульты-медыяцэнтр неўзабаве мяркуем ператварыць  у інфармацыйна-адукацыйны цэнтр. І гэта — цудоўны прыклад для сельскіх калег… У нас — 36 бібліятэк, палова —камп’ютэрызавана. Амаль ва ўсіх аграгарадках ёсць выхад у Інтэрнет. Але тут не ў тэхніцы справа. Пахвалюся: у нашым раёне бібліятэкары — людзі незаспакоеныя, ад часу імкнуцца не адставаць. У кожнай сельскай установе дзейнічае бібліятэчнае аматарскае фарміраванне…

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Перагледзелі рэжым працы кожнай сельскай бібліятэкі, каб кніга была даступнай кожнаму.

Яўген РАГІН:

— Наконт даступнасці культуры. У той жа “Іскры” білет для дарослага на кінасеанс каштуе ўсяго 680 рублёў. Ці не занадта нізкая цана? Ведаю, што загадчык філіяла ТЦК — кінаканцэртнай залы“Іскра” Крысціна Гмырак страшэнна перажывае, што такі кошт білета нібы нівеліруе аўтарытэт шыкоўнай установы, на рэканструкцыю якой выкарыстана 2,8 мільярда рублёў.

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— На жаль, пытанні цэнаўтварэння пакуль не ў раённай кампетэнцыі.

Яўген РАГІН:

— Культработнікі  краіны абмяркоўваюць цяпер канцэпцыю Дзяржпраграмы развіцця культуры і мастацтва, рэалізацыя якой распачнецца ў 2011 годзе, а скончыцца ў 2015ым. І ад нас з вамі таксама залежыць, як будзе прапісаны ў праграме кожны праблемны момант, у тым ліку і цэнаўтварэнне, гнуткасць якога толькі павялічыць эфектыўнасць пазабюджэтнай дзейнасці.

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Безумоўна, культура павінна быць даступнай. Але вар’іраванне коштаў на паслугі павінна быць разумным, абгрунтаваным. І тут сапраўды павінна існаваць трывалая заканадаўчая база, прапісаная на дзяржаўным узроўні.

Інга ЖУРОМСКАЯ:

— Наконт цэнаўтварэння, скажам, па клубных мерапрыемствах, цяпер ніякіх праблем няма. Гэта раней мы падпісвалі калькуляцыі ў абласным упраўленні культуры. Сёння ж самі вырашаем,якім будзе кошт білета ў залежнасці ад насычанасці і якасці той ці іншай культурнай дзеі. Але “кіношны” складнік  работы нашай “Іскры” падпарадкаваны “Кінавідэацэнтру”. І дзіцячы білет на сеанс каштуе ўсяго 380 рублёў. У выніку  гледачы адказнасці не адчуваюць за тое, колькі мільярдаў укладзена ў рэканструкцыю будынка: там-сям— падрапаныя крэслы,запэцкана афарбоўка сцен… Праблему цэнаўтварэння тут вырашыць толькі вобласць.

Галіна ЦЫБУЛЬСКАЯ:

— Хацелася б, каб у Дзяржпраграмебылі дакладна прапісаны нашы магчымасці па вар’іраванні штатным раскладам. Камп’ютэрны парк нашых бібліятэчных устаноў штогод павялічваецца, і сёння хранічна не хапае  ў нашых аграгарадках такой адзінкі, як інжынер-праграміст.

Галіна ЛІТВІН:

— Шмат праблемных пытанняў і паштатным раскладзе клубных устаноў новага тыпу. Развіццё рэгіянальнага турызму на сёння немагчыма, на мой погляд,без экскурсаводаў, метадыстаў па турызме… А тыпавыя штатныя расклады, прынятыя  яшчэ ў 1980х, не дазваляюць намтакой “раскошы”.

Інга ЖУРОМСКАЯ:

— Не перашкодзіў бы ў метадычным штаце ГЦК і прафесійны маркетолаг, які планава займаўся б вывучэннем спажывецкага попыту сярод рознаўзроставых груп спажыўцоў рэгіянальнай культуры.

Яўген РАГІН:

— Самая вялікая сённяшняя праблема аддзела культуры звязана з рамонтам СДК у Круляўшчызне, якая з-за гэтага так і не стала аграгарадком. Ад перспектыў давайце вернемся да рэалій. Мы пабывалі ў  вёсцы, дырэктар Дома культуры Лілія Паўляновіч, поўная аптымізму, распавяла, што ў дыскатэчнай зале ўжо ладзяцца мерапрыемствы, што на другім паверсе неўзабаве размесціцца музычная школа.Хоць і кіпіць там рамонтная праца (неаспрэчная заслуга старшыні райвыканкама), але той-сёй з насельнікаў вёскі сумняваецца: ці паспеюць рамонтнікі да 1 красавіка?

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Летась на рамонт даху тут было выкарыстана больш за 300 мільёнаў рублёў (прыкладна траціна— з райбюджэту).Старшыня райвыканкама звярнуўся да кіраўніцтва ўсіх прадпрыемстваў раёна:маўляў, дапамажыце, чым можаце. Першым на гэтую  народную будоўлю выехаў, безумоўна, аддзел культуры, прыклад падхапілі астатнія… Не сумнявайцеся, СДК, як і загадаў старшыня райвыканкама, будзе здадзены ў тэрмін: менавіта за кошт узаемадзеяння  ўсіх раённых структур.

Яўген РАГІН:

— Менавіта гэтага ўзаемадзеяння са сферай культуры хранічна не стае ў іншых рэгіёнах…

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— Як мне падаецца, прыярытэты аддзелаў культуры ва ўзаемадзеянні з сістэмамі адукацыі, турызму і спорту трэба таксама з выключнай дасканаласцю акрэсліць у Дзяржаўнай праграме развіцця культуры і мастацтва.

Яўген РАГІН:

— Гэтае ўзаемадзеянне на мясцовым узроўні, і творчае, і фінансавае,мы ўбачылі ў аграгарадку “Параф’янава”. Мала таго, што ў мясцовым СДК рэй вядуць мужчыны — дырэктар Вікенцій Скараход, мастацкі кіраўнік Віктар Арлоўскі і акампаніятар Алег Каляга, — дык яны яшчэ і з райаграсервісам кантакты здавён  наладзілі. Таму і транспарт для іх — заўжды  напагатове, “адзенне” сцэны — шыкоўнае, гэткая ж дыскатэчная апаратура. Але я зараз пра іншае. План платных паслуг —11 мільёнаў — СДК выканаў, але сёлета ён падвоіўся. Ці ёсць у раёне праграма дзейнасці ў рэжыме “падвоеных” тэмпаў?

Інга ЖУРОМСКАЯ:

— Першым пунктам у гэтай праграме стаіць якасць мерапрыемстваў. Канешне, і пра новыя, арыгінальныя, відыпаслуг думаем.

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— У вёсцы Вецяра адкрыўся клуб-музей: ён не толькі пра наш  старадаўні сялянскі побыт распавядае, але і платныя вясельныя абрады прапаноўвае, і яны ўжо вялікім попытам у раёне карыстаюцца.

Галіна ЛІТВІН:

— У кожнай аграгарадоцкай клубнай установе — амаль па 20 відаў платных паслуг. Гэта досыць стандартны набор: канцэрты, дыскатэкі, прэзентацыі, спектаклі, вечары-партрэты,віншаванні, шоу… На мой погляд, варта і іх якасць павялічваць, актывізуючыпры гэтым канцэртную платную дзейнасць, і над крэатывам думаць: наладжваць, да прыкладу, шоу-аўкцыёны,культурнае забеспячэнне турыстычных маршрутаў, праводзіць канцэрты і спектаклі на пленэры.

Галіна ЦЫБУЛЬСКАЯ:

— І мы, бібліятэкары, натуральна, убаку не застанемся. Сваю перспектыўную дзейнасць па развіцці платных паслуг аналізавалі і абмяркоўвалі на абласным семінары, прысвечаным бібліятэчнай справе, што прайшоў увосень менавіта ў Докшыцах.

Інга ЖУРОМСКАЯ:

— У Параф’янаве даўно складзены шчыльны графік выязных платных канцэртаў. А якасць дзейнасці тамтэйшага СДК відавочная: восем бездакорных клубных фарміраванняў, а арт-гурт“Землякі” рыхтуецца займець званне народнага…

Ларыса МАЛЬЧЫК:

— У Ваўкалатах (вёска стане сёлета аграгарадком) — шыкоўны касцёл,шмат паломнікаў… Аддзел культурны прапаноўвае адкрыць уласную  гасцініцу. Чаму б і не? І справа не толькі ў платных паслугах. Справа — у іміджавым развіцці рэгіянальнай культуры. Дарэчы,час ужо задумацца нам аб экспарце нашай раённай культуры за мяжу, у краіныСНД.

Яўген РАГІН:

— А наколькі гэта рэальна на сёння?

Ларыса МАЛЬЧЫК:

  Штоквартальна наведваем у Віцебску інвестфорумы з удзелам прадстаўнікоў Балгарыі, Славеніі, Латвіі, іншых краін,  прапаноўваем свае праекты па развіцці раёна. У выніку Татарстан  дапамагае нам у наладжванні прыдарожнага сервісу. Я ўпэўнена, неўзабаве будуць падпісаны пагадненні і па наладжванні культурных стасункаў. А гэта будзе важкі крок наперад у развіцці культуры Докшыцкага раёна.

Яўген РАГІН,

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Докшыцкі раён — Мінск

 

 

 

Дэталь да агульнай карціны

“Буккросінг” — не толькі рэклама

 Вельмі сцісла — пра бібліятэчны крэатыў раёна, аўтарамі якога з’яўляюцца дырэктар ЦБС Галіна Цыбульская і загадчык дзіцячай бібліятэкі Алена Гудзь.Цягам двух тыдняў па горадзе курсіраваў маршрутны “чытальніцкі”аўтобус, дзе любы ахвотны мог узяць  для прачытання кнігі, падабраныя бібліятэкарамі з іхніх уласных бібліятэк. Так была распачата акцыя “Буккросінг” (у свеце налічваецца каля паўмільёна ўдзельнікаў гэтага руху, калі прачытаная кніга па жаданні пакідаецца ў транспарце для паслуг іншых чытачоў, у вольным абмене  знаходзіцца цяпер каля мільёна кніг). Акцыя была разлічана на папулярызацыю бібліятэчных устаноў і літаратуры. У раёне яна прайшла — “на ўра”…

 

Народ пытаецца і прапануе “У наш бы клуб —  ды камп’ютэр!” Згодна з названай Дзяржпраграмай восем вёсак набылі ў Докшыцкім раёне статус аграгарадкоў. Цягам бягучага года яшчэ чатыры вёскі стануць аграгарадкамі. Вёска Круляўшчызна па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын  трапіла ў лік так званых пераходных аграгарадкоў. Я пабываў у некалькіх гарадскіх і вясковых установах культуры. Вось на чым засяродзілі ўвагу жыхары Докшыцкага раёна. Студэнтка-завочніца Святлана, жыхарка райцэнтра: — Наша кінаканцэртная зала “Іскра” — філіял ГЦК. Доўга яна рэканструявалася з нашага колішняга кінатэатра — аж з 2005 года. Але прыйшоў новы старшыня райвыканкама, і справа нарэшце зрушылася. Летась залу адкрылі. Дыскатэкі — класныя, бо і памяшканне, і апаратура —  сучасныя. Вось толькі кошт білета на кінасеанс для дарослага — 680 рублёў. Хаця і сама туды хаджу, адзінае ў мяне пытанне: ці не замала гэта па сённяшнім эканамічна жорсткім часе? Старшакласнікі аграгарадка “Порплішча”. — І клуб, і бібліятэка месцяцца ў нас не ў надта шыкоўных памяшканнях, але прэтэнзій да іх дзейнасці ў нас ніякіх няма, бо працуюць там цудоўныя людзі. У бібліятэкара Вацлава Ягоравіча Эстоціштвана заўжды шмат цікавых прапаноў да чытацкага кола. Арганізаваў у бібліятэцы краязнаўчы клуб “Землякі”. Хоць ядро яго складаюць мужчыны 40 — 50 гадоў, але і для старшакласнікаў, студэнтаў справа знаходзіцца. Камп’ютэрных паслуг у бібліятэцы шмат. Але ў СДК, на жаль, камп’ютэра пакуль няма. А дырэктар установы Алена Мікалаеўна Камінская вельмі хоча яго займець. Жаданне гэтае падтрымліваем: нават у вёсцы цяпер дыскатэка павінна быць мультымедыйнай! Работніца чыгуначнай станцыі з вёскі Круляўшчызна: — Наша вёска, бадай, самая вялікая ў вобласці: тры тысячы насельніцтва. А СДК апошнія гады знаходзіўся ў аварыйным стане. Летась кіраўніцтва знайшло грошы на рамонт даху. Цяпер да ладу даводзяцца памяшканні. Кажуць, работы завершацца  да красавіка. Каб жа так яно і было! Тады наша вёска дакладна аграгарадком стане. 30-гадовы работнік райаграсервісу з  аграгарадка “Параф’янава”: — Апошнім часам сельскі Дом культуры якасць дзейнасці павысіў на парадак. Па-першае, у кіраўніцтва ўстановы даволі шчыльныя стасункі з нашым райаграсервісам. Яны нам — канцэрты, мы  ім — падтрымку касцюмамі… Па-другое, відовішчныя мерапрыемствы з такой трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базай сталі сапраўды яркімі ды запамінальнымі… Ведаю, што ў бягучым годзе план па аказанні платных паслуг нашаму СДК удвая павялічылі. Ці справяцца клубнікі з двайной творчай нагрузкай?