“Палеская ўсмешлівасць” інтуітыўнага матэматыка

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Сёння патрыярху беларускага жывапісу, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі Пятру Аляксеевічу Данеліі спаўняецца дзевяноста! У ліку людзей, якіх я сустракаў у жыцці, і сяброў, без якіх жыць няўтульна, Пётр Данелія для мяне — блізкі сэрцу чалавек і творца. І хаця вось ужо амаль 65 гадоў жыве і працуе ў горадзе над Бугам, ён заўсёды нібы побач — душэўны, вясёлы, патрэбны, самадастатковы і вельмі прынцыповы, калі гаворка ідзе пра мастацтва.

/i/content/pi/cult/247/3569/7.jpg

П.Данелія. “Гераічны матыў”.

Так, для Данеліі горад Брэст стаў родным домам (мастак нарадзіўся ў Дагестане, а да вайны вучыўся ў Маскве), тут яго ўсе ведаюць і лічаць сваім. З пасляваеннага часу прырода Беларусі і яе людзі сталі глебай, жывой крыніцай для ягонага жывапісу. Практычна ўсе вобразы палотнаў творцы звязаны з Брэстчынай. І, зразумела, не толькі сюжэтамі, тэмамі, але і ўсімі адценнямі сардэчных, шчырых перажыванняў. Да гэтай зямлі ён прыйшоў, калі ягонае мастакоўскае юнацтва было ўжо ў нядаўнім мінулым. Кароткае, але бурнае, яно паспела адзначыцца цяжкімі выпрабаваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, складаны вопыт удзелу ў якой у многім вызначыў лад далейшай творчасці.

 Пётр Данелія, вучань вядомага пейзажыста Мікалая Крымава, прыналежыць да ліку першаадкрывальнікаў так званага “сурового стиля” ў беларускім пейзажы (гэты тэрмін А.Каменскага стаў папулярным пазней— на пачатку 1960х). Але ў Пятра Аляксеевіча “этапы” гэтага стылю не зводзяцца толькі да фармальна-пластычных прыёмаў, якія самі па сабе ў дадзеным выпадку нічога не вытлумачаюць. Сітуацыя не замыкаецца ў вузкамастацкай сферы: розныя перыяды творчасці Данеліі, пачынаючы з 1950х і да канца 1990х гадоў, з’ядноўвае перш за ўсё маральная блізкасць, абвостранае, патрабавальнае праўдашукальніцтва. Менавіта яно складае вядучы ўнутраны імпульс і ранніх, і позніх эпічных ды лірычных палотнаў майстра. Яго лепшыя творы прасякнуты незвычайнай жыццёвай энергетыкай, якая літаральна б’е праз край. І гэтая энергія, і гэтая песенная верагоднасць адлюстравання прыроды, рашуча далёкія ад казённых рытуалаў і дэкларатыўнасці, былі востра-наватарскімі рысамі для жывапісу свайго часу…

Адчуванне вечнага руху, моцнага дыхання зямлі і неба аказвалася ў творах Данеліі той жыццёвай матэрыяй, з якой ляпіліся натхнёныя мастакоўскай датычнасцю прыродныя пласты, а ў канчатковым выніку—  і ўся сістэма выразнасці пластычнай формы. Пейзажы Данеліі валодаюць нібыта двухзначнасцю свайго ўтрымання. Напрыклад, яны адлюстроўваюць пэўныя ландшафтныя віды (“Кастрычнік на Палессі”, “Палеская ўсмешлівасць”), канкрэтны стан прыроды (“Абмытая дажджом”, “Дзень адыходзіць”), дакладныя “панарамы” пары года (“Зімовая казка”, “Восень. Любімая пара”, “Восеньскія карункі”). Але  вельмі часта ў карцінах мастака сюжэтная фабула—  гэта ўсяго толькі вонкавая мяжа мастакоўскага дзеяння, якое разгортваецца “на всём белом свете” і ахоплівае вельмі шырокія часавыя маштабы. Іншым жа разам падзеі адбываюцца “заўсёды”, доўжацца вечна, як у палотнах “У прасторы”, “Успамін”, “Свяшчэнная памяць”.

Інакш кажучы, “вобраз” ягоных карцін, у цэлым, уяўляе з сябе асобны, адметны свет, які валодае сваімі законамі і арыгінальнымі ўласцівасцямі. Часцей за ўсё мастак аддае перавагу пункту погляду зверху ўніз, шырокаму абагульненню, панарамнасці, што дапускае працяглае, удумлівае сузіранне. Колер у яго палотнах —  гэта колер пачуццяў, колер роздумаў і разваг, а не толькі ўзнаўленне натурнай афарбоўкі аб’ектаў. Данелія трактуе прыроду так, што, адлюстроўваючы, атрымліваючы нявызначаную, няпэўную працягласць у прасторы і часе, мае “ў запасе вечнасць”. Напрыклад, у карціне “Пасля дажджу” рэальна-фізічныя маштабы саступаюць месца ўмоўна-відовішчным. Здаецца, быццам  гайдаецца хвалістая глеба. Яна нагадвае мяккія, прыглушаныя фарбы беларускага краю, а шэра-зялёны колер дарогі выклікае пачуццё лёгкага душэўнага спакою. Такі бывае ў чалавека пасля навальніцы. Дакладна гэтак у карціне “Гераічны матыў”: фарбы, прасторавыя рытмы тут поўныя музычна-сімвалічнай выразнасці, прычым карцінная плоскасць знаходзіць глыбінную стэрэаметрыю агульнага спосаба жыцця, высокі строй нацыянальна-паэтычнага меласу. Адсюль і манументальнасць —  не толькі натхнёнага пластычнага асяроддзя, але і вобразнага зместу. У гэтым сэнсе Данелію можна назваць “інтуітыўным матэматыкам колеру і святла”, які заўсёды дабіваецца таго самага адухаўлення “матэрыі” жывапісу. Што б ён ні адлюстраваў, але нават у спакойна-сузіральных творах ёсць глыбока закладзены нерв жывога, сапраўднага рэалізму. Ён — Мастак з вялікай літары. Мастак, у якога любоў да Беларусі, да яе прыроды і людзей выяўляецца і ў пачуцці глыбока асабістага дачынення да ўсяго, што робіцца ў свеце, што складае ўвесь сэнс яго існавання, радасць ад поспехаў  калег па пэндзлі, ад поспехаў нашага мастацтва на міжнароднай арэне. А з якой гордасцю ён заўсёды ўспамінае сваіх вучняў па мастацкай студыі ў Брэсце, якія потым сталі вядомымі жывапісцамі, у тым ліку Мікалая Селешчука і Пятра Свентахоўскага! Таксама і тыя гады, канец 1940х, калі ён, Пётр Аляксеевіч, арганізаваў брэсцкае аддзяленне Саюза мастакоў БССР, калі быў галоўным мастаком горада над Бугам і дэпутатам  гарсавета, калі амаль 10 гадоў (з перапынкам) узначальваў мясцовы Саюз мастакоў. Словам, ёсць што ўспомніць аксакалу нашага мастацтва.

Барыс КРЭПАК

Рэдакцыя “К” сардэчна віншуе  Пятра Аляксеевіча, нашага сябра  і шматгадовага падпісчыка,  з юбілеем і зычыць яму здароўя і дабрабыту