“Genius loci” Мінскага замчышча

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Як мінуламу адаптавацца да інтэрактыву?

/i/content/pi/cult/247/3567/5.jpg
 
Чытаць напісанае Армэнам Сяргеевічам Сардаравым заўсёды цікава. Праўда, бывае важна зразумець сутнасць выказанага меркавання. А зразумець можна тады, калі добра ведаеш прадмет гутаркі. Таму звернемся да фактаў. Казаць пра тое, што Навукова-метадычная рада ўхваліла (або не ўхваліла) “прапанаваны архітэктарамі “Мінскпраекта” праект”, наўрад ці выпадае. Бо... праекта як такога пакуль не існуе. У падпункце 1.1 пункта 1 рашэння Рады ад 18.11.2009 № 162 сказана: “Адобрыць  для далейшага праектавання канцэптуальны накірунак па эскізнай прапанове (Тут і далей  курсіў наш. — І.Ч.) “Мінскае замчышча. Паўднёва-ўсходняя частка. Нацыянальны гісторыка-археалагічны цэнтр” і “Мінскае замчышча. Паўночна-заходняя частка. Зона гандлю, абслугоўвання і забаў”. Як бачым, гаворка адносна праекта пакуль  не вядзецца. Разглядалася нават не канцэпцыя, а канцэптуальны накірунак. Гэта толькі першае набліжэнне, асэнсаванне сутнасці будучага праектавання, якому павінна папярэднічаць стварэнне канцэпцыі. Пры гэтым удзельнікі пасяджэння большасцю прагаласавалі (Падаём у пераказе.) за  выпрацоўку канцэпцыі музеефікацыі Мінскага замчышча як  першачарговай меры, дапрацоўку пытанняў транспартна-пешаходнага руху ў зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці, дадатковую прапрацоўку характару і аб’ёмна-прасторавага рашэння павільёна, які ўладкоўваецца над макетам забудовы замчышча, улічваючы яго адаптацыю ў існуючае горадабудаўнічае асяроддзе і рэканструкцыю Мінскага замчышча. Члены Рады выказаліся за “стварэнне паўнавартаснага аўтарскага калектыву з прыцягненнем спецыялістаў навуковых і  вучэбных устаноў”. Апошняе не выпадкова, бо студэнты, якія навучаюцца па спецыялізацыі “рэстаўрацыя” на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, маглі б прынесці плён сваіх роздумаў у праектнае рашэнне па рэканструкцыі гэтага археалагічнага аб’екта. Неблагая практыка для будучых рэстаўратараў, ці не так? Не сакрэт, што многія музеі шукаюць новыя формы работы праз інтэрактыўную дзейнасць. Менавіта ў гэтым кантэксце мною (Навошта ж хавацца ў ценю ананімнасці?) была ахарактарызавана прапанова Сяргея Багласава і яго калег з КУП “Мінскпраект”, якая ў вобразнай трактоўцы названа “гульнёй у гісторыю”. З падобнымі інтэрактыўнымі прыёмамі знаёмы не толькі спецыялісты музейнай справы. Самі ж музейшчыкі шмат дзе паспяхова імі карыстаюцца. У гэтым кантэксце варта закрануць і тэму так званай “амерыканізацыі”. У якасці прыкладу мадэліравання гістарычнага асяроддзя С.Г. Багласавым, адным з нямногіх на сённяшні дзень вопытных беларускіх архітэктараў-рэстаўратараў, быў прыведзены прыклад мадэліравання жытла першых пасяленцаў у амерыканскім Даласе. Дакладчык таксама прадставіў выпадак стварэння інтэрактыўнай музейнай экспазіцыі на гарадзішчы ў польскім Біскупіне… Можна было б пашырыць прыклады падобнай інтэрактыўнай формы работы, прыгадаўшы, скажам Швецыю або Славакію. Ды і ў беларускім Музеі народнай архітэктуры і побыту супрацоўнікі намацваюць падобныя падыходы ў рабоце, каб яго наведвальнік пачуваўся не толькі статыстам “у дэкарацыях”. У карчме, напрыклад, (на тое ж і карчма!) можна падсілкавацца, а ў царкве — стаць удзельнікам рэальнага абраду вянчання.

 Не было гаворкі на пасяджэнні Рады пра “гульню-забаўлянку”. А вось пра магчымасць або немагчымасць стварэння гістарычнага макета, характар яго выкарыстання, умовы наведвання і многае іншае вялася дастаткова сур’ёзная і, як здаецца, зацікаўленая размова. Не абышлося і без заўваг, надзвычай патрэбных і карысных. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лакотка выказаў перасцярогу адносна ўвядзення ў сучаснае гарадское асяроддзе драўлянай забудовы старажытнага горада. Той самы член Рады, які вобразна выказаўся пра “гульню ў гісторыю” як інтэрактыўную форму музеефікацыі, прапанаваў у падземнай частцы, на месцы цяперашняга спартыўнага будынка, размясціць рэстаўрацыйна-фондавыя памяшканні музея, што архітэктары плануюць вынесці за межы замчышча. Дзённая паверхня ў гэтай зоне помніка і сапраўды магла б заставацца не забудаванай, выконваючы функцыю своеасаблівай пераходнай тэрыторыі ад горада сучаснага да музеефікаванага гарадскога асяроддзя. Макет горада-музея мог бы размясціцца бліжэй да Свіслачы, паўтараючы сваёй забудовай і планіроўкай выяўленыя археолагамі рэшткі старажытных будынкаў і вуліц, якія як музейныя экспанаты С.Г. Багласавым прапанавана дэманстраваць у падземным амфітэатры, спалучыўшы іх з візуалізацыяй, створанай  з дапамогай лазерна-камп’ютэрных тэхналогій. Яшчэ праекціроўшчыкі бачаць магчымым зрабіць макет замкавай брамы, графічную рэканструкцыю якой выканалі беларускія археолагі па выніках праведзеных тут у 1980-я гады даследаванняў. А на месцы колішняга Ніжняга рынку, бліжэй да вуліцы Няміга, прапанавана стварыць вобразнае ўвасабленне гандлёвага асяроддзя, дзе  наведвальнікі замчышча маглі б нешта з’есці і наталіць смагу смачным напоем, купіць сувеніры ці інфармацыйныя матэрыялы. С.Г. Багласаў і яго калегі з КУП “Мінскпраект” зрабілі першы крок да рэалізацыі задум, якія раней толькі прагаворваліся. Аднак жа ніхто свае роздумы ці калектыўную думку не выклаў нават у газетнай публікацыі. Аўтарскі калектыў паспрабаваў намацаць ідэю не толькі візуальнага выяўлення і сапраўды сакральнага Месца, з якога пачаўся Мінск, але і ажывіць яго праз знаёмства наведвальніка з мінулым у працэсе рознахарактарных дзеянняў. Ці  ж нехта адмовіцца, пабачыўшы ў музейнай экспазіцыі рэшткі керамічных вырабаў або счарнелы за стагоддзі ў зямлі абутак, пазнаёміцца з працэсам вытворчасці посуду або вопраткі, абутку, падобных да ўжываных у паўсядзённым жыцці старажытнымі жыхарамі горада? А што, калі хтосьці і сам пажадае пакруціць ганчарнае кола? І чаму нельга ўсё гэта ўбачыць або памацаць (музейныя ж экспанаты чапаць рукамі нельга) у змадэляванай майстэрні? Магчыма,менавіта пад нізкай столлю на драўлянай лаве свежаспечаны праснак камусьці  падасца смачнейшым за тую страву, якую прапануюць у сучасным “прадпрыемстве грамадскага харчавання”?

Вельмі слушна адзначыў А.С. Сардараў: “…Гістарычная памяць <…> павінна мець відавочны вобраз (Тут выдзелена А.Сардаравым. —  І.Ч.), да якога можна дакрануцца, які можа ўбачыць кожны”. С.Г. Багласаў, нікога не павучаючы, узяў на сябе смеласць зрабіць першы рэальны, а не ў бясконцых разважаннях, крок да ўвасаблення нашай памяці ў такі “відавочны вобраз”. У спецыялістаў сферы аховы спадчыны ёсць выраз “genius loci” — “геній месца”. У асобных выпадках яго перафразоўваюць як “памяць месца”. Яно можа быць звязана з нейкім непрыкметным жвірыстым пагоркам, дзе некалі стаяла дзядулева хата, з грудкай камянёў, што засталіся ад яе падмурка, якія нікому, апроч цябе, нічога не гавораць. Для некага гэта пяць бярозак, што выраслі на месцы бацькоўскай кузні. А для іншага “памяць месца” ўвасоблена ў сучасным будынку, пастаўленым на бацькоўскім котлішчы, у пластыкавым крэсле пры клёне, дзе любіла адпачыць яго матуля. Для кожнага важным з’яўляецца ягоны “genius loci”, у якім увасабляецца толькі яму “відавочны вобраз”, што выклікае аднолькава знаёмыя многім шчымлівыя пачуцці.

 Нешта падобнае здараецца і ў творчым працэсе. Можна па-рознаму ўвасабляць аднолькавыя з’явы. Важна, каб выніковы твор выклікаў тыя самыя шчымлівыя пачуцці, абуджаў памяць, нагадваў вартасць быцця на гэтай зямлі.

І, зразумела ж, ніякая творчасць (а стварэнне музейнай экспазіцыі ці музеефікацыя тэрыторыі — тая самая творчасць) не можа праходзіць без дыскусій. А тут ўжо важна, каб дыскусія насіла стваральны характар, каб была  без падтэксту, каб карысталася дакладнымі фактамі. Тады яна будзе мець плён. І галоўнае — каб апаненту было што сказаць. 

Дарэчы, а чаму б не апублікаваць той самы канцэптуальны накірунак па эскізнай прапанове, прадстаўлены на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады С.Г. Багласавым?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ,

начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны  і рэстаўрацыі Міністэрства  культуры Рэспублікі Беларусь,

член навукова-метадычнай Рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь

 

 

Першае набліжэнне

Мінскае замчышча паспела ўжо стаць адным з гарадскіх міфаў. Маладыя людзі, прызвычаеныя да сучаснага урбаністычнага асяроддзя сталіцы, нават не вераць у тое, што дзесьці пад асфальтам захавалася драўляная “брукаванка”, якая датуецца ХІІІ стагоддзем, парэшткі цесных хацінак, падмуркі першага мінскага храма...

Больш за 20 гадоў таму мне пашчасціла апусціцца ў нетры гісторыі: мама прывяла мяне на раскопкі, якія ладзіліся пад кіраўніцтвам Георгія Штыхава. І хаця тады я быў хлапчуком, уражанні жывыя і пагэтуль.

Раскопкі скончыліся, і старажытны Мінск быў ізноў засыпаны зямлёю  — да пары да часу. Цягам мінулых дзесяцігоддзяў я неаднойчы задаваўся пытаннем: калі ж убачыць вытокі нашага горада здолее кожны ахвотны?

 Зразумела, такое пытанне ўзнікала не толькі ў мяне. Не  так даўно на рэдакцыйны адрас прыйшоў ліст ад нашага чытача. Разважаючы адносна важнасці гісторыка-культурнай спадчыны ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, ён адзначае, што ў Мінску такія аб’екты сёння належным чынам не выкарыстоўваюцца.

І сапраўды, скарб, здатны прэтэндаваць на ролю галоўнай турыстычнай адметнасці сталіцы, па-ранейшаму закапаны ў зямлю — у прамым сэнсе слова. Пустка ля Свіслачы, “упрыгожаная” гмахам Рэспубліканскага дома фізкультуры, — сапраўдны прагал у гарадскім асяроддзі, які адно парушае ягоную цэльнасць.

У змястоўным і багатым на свежыя ідэі артыкуле Ігара Чарняўскага маю ўвагу прыцягнуў яго выраз: “першае набліжэнне”. Вельмі важна, што гэты крок ужо зроблены. Але... Як справядліва мяркуе Ігар Мяфодзьевіч, не трэба спяшацца з наступнымі. Бо кожны з іх павінен быць узважаны. Пакуль унікальныя артэфакты знаходзяцца ў зямлі, яны захоўваюцца.

Таму варта шчыра падзякаваць Армэну Сардараву за тое, што сваім эмацыйным лістом ён распачаў дыскусію адносна Мінскага замчышча. Дыскусію аднадумцаў, абазнаных ды зацікаўленых людзей. Хочацца верыць, што яна прадоўжыцца на старонках нашага выдання і на інтэрнет-форуме.  

Ілля СВІРЫН