Чытач пытаецца

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

У мінулым годзе “Культура” друкавала Палажэнне аб адкрытым маладзёжным конкурсе на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкай стужкі, прысвечанай нацыянальнай тэматыцы. У рэдакцыю тэлефануюць чытачы, каб даведацца, якія яго вынікі.

Як паведамілі карэспандэнту “К” у Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на выніковым пасяджэнні журы конкурсу, якое ўзначальваў выконваючы абавязкі старшыні Саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў, было разгледжана шэсць сцэнарыяў. Па выніках пасяджэння было прынята рашэнне не прысуджаць першыя тры прэміі. Заахвочвальную прэмію ў памеры 20 базавых велічынь вырашана ўручыць Людміле Аніковіч за сцэнарый пад назвай “Клопат”, напісаны паводле прозы Янкі Сіпакова. Члены журы конкурсу, куды ўваходзілі сцэнарысты, рэжысёры і крытыкі, адзначаюць, што агульны мастацкі ўзровень прадстаўленых на разгляд твораў быў невысокі, яркіх, цікавых работ у рэчышчы неабходных па ўмовах конкурсу тэматыкі і фармату сярод іх не было ўвогуле. 

Рэдакцыя “К” у бліжэйшых нумарах плануе падрабязней разгледзець праблему дэфіцыту сцэнарыяў для вытворчасці нацыянальнага кіно.