Крок у адказ

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Учора адбылося Х Свята музыкі “Заслаўе-2010”. Конкурс маладых выканаўцаў, прэзентацыя кнігі, мастацкая выстаўка і два канцэрты — аднадзённае свята аказалася больш чым насычаным па значных падзеях.

— Усе абласныя фестывалі,—  паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч,—наўпрост звязаны са знакамітымі імёнамі нашых слынных творцаў. Вось і  “Музы Нясвіжа” ды Свята музыкі ў Заслаўі атаясамліваюцца з постаццю Міхаіла Фінберга.

 10 гадоў таму народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг і Нацыянальны канцэртны аркестр разам з Мінскім райвыканкамам і мясцовымі ўладамі Заслаўя здзейснілі першы такі фестываль як свята не толькі музычнае, але і асветніцкае. Сімвалічна, што яго асноўныя падзеі заўсёды праходзілі і праходзяць у Заслаўскай дзіцячай школе мастацтваў.

 Што тут толькі ні гучала! Музыка Осіпа Казлоўскага, Напалеона Орды, Міхаіла Ельскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі, Мечыслава Карловіча... Гэта не магло не выклікаць “крок у адказ”: спачатку ў Школе мастацтваў пачалі ладзіць уласныя канцэрты, а потым пачынанне вылілася ў конкурс маладых выканаўцаў.  

Вось і сёлета: конкурс з красамоўнай назвай “Беларускі альбом” сабраў навучэнцаў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў з усёй Міншчыны. Да юбілею свята яго нязменная вядучая — доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава падрыхтавала кнігу “У сядзібе Рагнеды”. Цэнтральны канцэрт свята сімвалічна называўся “Пад аховай Рагнеды: 10 год музычнага братэрства”. Паказальна, што ён сабраў не толькі лепшае з лепшага, што калісьці ўжо прэзентавалася ў Заслаўі, але і прыадкрыў завесу будучых такіх імпрэз. Сапраўды, М.Фінберг плануе свае праграмы на некалькі гадоў наперад і ўвесь гэты час вядзе над імі працу. Так, сёлета ў Заслаўі ўжо гучалі некаторыя творы Аляксея Туранкова, чыя музыка будзе дамінаваць на свяце 2011 года. На 2012 год запланавана музыка Рыгора Пукста.  Фіналам святочных мерапрыемстваў стаўся гала-канцэрт “Лепшыя песні”, які прайшоў у Заслаўскім гарадскім доме культуры “Світанак”. Такая эстрадная кода быццам перакінула масточак да наступнага фестывалю, які неўзабаве зладзіць аркестр: 2 —  4 лютага нас чакае ХХІ Міжнародны музычны праект “Мінскі джаз-2010”.

Надзея БУНЦЭВІЧ