Кніжнае царства Алены

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Куды можна пайсці з упэўненасцю, што цябе сустрэнуць з добрай усмешкай, што пачуеш ласкавае і прыемнае слова? Вядома, у бібліятэку. Яна дапамагае чалавеку спачатку адкрываць, а потым спасцігаць усе скарбы мудрасці. Кіраваць кніжным царствам, усёй той плынню сусветных ведаў, што знаходзяцца ў бібліятэках, — прафесія высакародная. Яна патрабуе поўнай самаадданасці. І гэтаму цяжка навучыцца — з гэтым трэба ісці па жыцці.

Намеснік дырэктара Лепельскай ЦБС Алена Занько нібы і нарадзілася з кніжнай іскаркай у сэрцы. Любоў да крыніцы ведаў стала сэнсам яе жыцця.

Чым звычайна маленькія дзяўчынкі забаўляюцца? Гуляюць з лялькамі і скачуць праз скакалку. Алена ж увесь свой вольны час праводзіла ў бібліятэцы. А калі туды не выпадала патрапіць, дык стварала сваю бібліятэку: дома наразала паперкі, малявала на іх лінейкі і пісала між імі назвы кніг і прозвішчы аўтараў. Маленькая “бібліятэкарка” перапісала такім чынам усю хатнюю бібліятэку і “абслугоўвала” сваякоў і сяброў.

І ўсё ж, калі прыйшоў час выбіраць свой далейшы шлях, Алена яшчэ трошкі сумнявалася: хацелася ёй і дзетак у школе вучыць, і ў бібліятэцы працаваць. Сумненні развеяла любімая настаўніца. Яна пераканала, што толькі справа, да якой сэрца цягнецца, прынясе сапраўднае шчасце.

У Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум Алена здала ўступныя экзамены на “выдатна”. Усе складанасці і асаблівасці кніжнай навукі на працягу двух гадоў даваліся дзяўчыне лёгка, і ў выніку Яна атрымала “чырвоны дыплом” бібліятэкара-біблі ёграфа. Магла застацца ў тэхнікуме ў каледжнай групе і потым без перашкод пайсці вучыцца далей, але чулае сэрца цягнулася на бацькаўшчыну, у Лепель.

Паспрыяла вяртанню ў родныя мясціны і паступленне ў Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М.Машэрава (завочна) на спецыяльнасць “бібліятэкар-бібліёграф, спецыяліст па інфармацыі”.

Пачала А.Занько свой прафесійны шлях з вёскі Бароўка. Падчас работы тут зарэкамендавала сябе добрым і ініцыятыўным спецыялістам. Маладую бібліятэкарку заўважылі, і праз год А.Занько ўжо была бібліёграфам у Лепелі. Пасада прыйшлася даспадобы. Тут яна змагла “з галавой” “акунуцца” ў любімую справу: вяла тэматычныя картатэкі, працавала непасрэдна з чытачамі, праводзіла і ўдзельнічала ў гарадскіх і раённых мерапрыемствах, у рабоце шматлікіх клубаў цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Прайшоў яшчэ год. Адданасць бібліятэчнай справе выдатнага спецыяліста заўважылі, і А.Занько прызначылі намеснікам дырэктара Лепельскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Тут ужо спатрэбіліся не толькі спецыяльныя веды, але і веданнесправаводства, дзяржаўнай заканадаўчай базы, валоданне навыкамі арганізацыі работы.

Усё гэта А.Занько спасцігла ва ўніверсітэце. Дарэчы, акурат напярэдадні жаночага свята Алена атрымала памятны падарунак: пятага сакавіка ёй быў уручаны дыплом аб вышэйшай адукацыі.

— Я знайшла сваю справу, — кажа Алена Віктараўна Занько. — Нягледзячы на цяжкасці, якія ёсць у маёй працы, як і ва ўсялякай іншай, ад работы я атрымліваю асалоду і не шкадую, што звязала сваё жыццё з такім скарбам, як кніга.


Алег ШУШКЕВІЧ
Лепель
Фота аўтара