Намеснік дырэктара Лепельскай ЦБС Алена Занько нібы і нарадзілася з кніжнай іскаркай у сэрцы. Любоў да крыніцы ведаў стала сэнсам яе жыцця.
Чым звычайна маленькія дзяўчынкі забаўляюцца? Гуляюць з лялькамі і скачуць праз скакалку. Алена ж увесь свой вольны час праводзіла ў бібліятэцы. А калі туды не выпадала патрапіць, дык стварала сваю бібліятэку: дома наразала паперкі, малявала на іх лінейкі і пісала між імі назвы кніг і прозвішчы аўтараў. Маленькая “бібліятэкарка” перапісала такім чынам усю хатнюю бібліятэку і “абслугоўвала” сваякоў і сяброў.
І ўсё ж, калі прыйшоў час выбіраць свой далейшы шлях, Алена яшчэ трошкі сумнявалася: хацелася ёй і дзетак у школе вучыць, і ў бібліятэцы працаваць. Сумненні развеяла любімая настаўніца. Яна пераканала, што толькі справа, да якой сэрца цягнецца, прынясе сапраўднае шчасце.
У Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум Алена здала ўступныя экзамены на “выдатна”. Усе складанасці і асаблівасці кніжнай навукі на працягу двух гадоў даваліся дзяўчыне лёгка, і ў выніку Яна атрымала “чырвоны дыплом” бібліятэкара-біблі ёграфа. Магла застацца ў тэхнікуме ў каледжнай групе і потым без перашкод пайсці вучыцца далей, але чулае сэрца цягнулася на бацькаўшчыну, у Лепель.
Паспрыяла вяртанню ў родныя мясціны і паступленне ў Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М.Машэрава (завочна) на спецыяльнасць “бібліятэкар-бібліёграф, спецыяліст па інфармацыі”.
Пачала А.Занько свой прафесійны шлях з вёскі Бароўка. Падчас работы тут зарэкамендавала сябе добрым і ініцыятыўным спецыялістам. Маладую бібліятэкарку заўважылі, і праз год А.Занько ўжо была бібліёграфам у Лепелі. Пасада прыйшлася даспадобы. Тут яна змагла “з галавой” “акунуцца” ў любімую справу: вяла тэматычныя картатэкі, працавала непасрэдна з чытачамі, праводзіла і ўдзельнічала ў гарадскіх і раённых мерапрыемствах, у рабоце шматлікіх клубаў цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Прайшоў яшчэ год. Адданасць бібліятэчнай справе выдатнага спецыяліста заўважылі, і А.Занько прызначылі намеснікам дырэктара Лепельскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Тут ужо спатрэбіліся не толькі спецыяльныя веды, але і веданнесправаводства, дзяржаўнай заканадаўчай базы, валоданне навыкамі арганізацыі работы.
Усё гэта А.Занько спасцігла ва ўніверсітэце. Дарэчы, акурат напярэдадні жаночага свята Алена атрымала памятны падарунак: пятага сакавіка ёй быў уручаны дыплом аб вышэйшай адукацыі.
— Я знайшла сваю справу, — кажа Алена Віктараўна Занько. — Нягледзячы на цяжкасці, якія ёсць у маёй працы, як і ва ўсялякай іншай, ад работы я атрымліваю асалоду і не шкадую, што звязала сваё жыццё з такім скарбам, як кніга.
Алег ШУШКЕВІЧ
Лепель
Фота аўтара