Культурная сталіца: Што? Дзе? Калі?

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Цягам года Полацк прыме непаўторны шэраг культурных мерапрыемстваў, многія з якіх стануць сапраўды культурнымі падзеямі ў маштабах краіны.

/i/content/pi/cult/247/3558/2-.jpg

Карціну ў дар Нацыянальнаму полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку перадае У.Пракапцоў.

Шэраг мерапрыемстваў  у 2010-м пройдзе пад  знакам 65-годдзя Вялікай Перамогі. А ў кастрычніку мяркуецца зладзіць прэзентацыю Полацка як Культурнай сталіцы 2010 у Мінску.Вялікі размах атрымае выставачная дзейнасць.Цягам лютага — сакавіка запланаваны выстаўка жывапісу і графікі Я.Маціеўскай, праўнучкі І.Хруцкага (да200-годдзя з дня нараджэння славутага мастака), з фондаў  Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны і экспазіцыя карцін І.Хруцкага ў Полацку.У  красавіку Нацыянальны мастацкі музей прадставіць зрэз польскага выяўленчага мастацтва XVIII—XX стст. у выставачнай зале гарадской Мастацкай галерэі. Там жа на май запланавана выстаўка беларускіх мастакоў, прысвечаная 600-годдзю Грунвальдскай бітвы, на  ліпень — персанальная выстаўка графікі народнага мастака Беларусі А.Кашкурэвіча, прымеркаваная да яго 80-годдзя, а на жнівень—  экспазіцыя жывапісу ўдзельнікаў І Міжнароднага пленэру мастакоў “Art-ego”. Да Дня беларускага пісьменства ў Хойніках рыхтуецца і Полацк: у родным горадзе Францыска Скарыны —выстаўка яго кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў сувязі з 20-годдзем апошняга. Лістапад адзначыцца выстаўкай лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі краіны В.Альшэўскага, У.Савіча, У.Зінкевіча.

Толькі пералік выступленняў салістаў і творчых калектываў, якія наведаюць сёлета палачан, папраўдзе ўражвае. Мяркуйце самі: у  студзені сваё мастацтва падораць жыхарам горада арганіст Канстанцін Шароў,ансамблі “Харошкі” і “Класік-авангард”, у сакавіку —салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і ансамбль“Песняры”, у красавіку — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр рэспублікі.  Чэрвень запомніцца гастролямі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а ліпень— канцэртамі Прэзідэнцкага аркестра краіны і ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У  верасні  Полацк наведае Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, а ў лістападзе — Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча. Таксама на працягу года чакаюцца выступленні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі і славутага ансамбля “Сябры”. Двойчы на месяц з мая па верасень палачан чакаюць творчыя справаздачы калектываў мастацкай самадзейнасці вобласці, якія носяць пачэсныя званні “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, “народны”,“узорны”.

Цягам года мяркуецца зладзіць дзесяткі творчых сустрэч з беларускімі пісьменнікамі, спевакамі,артыстамі тэатра і кіно, прадстаўнікамі СМІ.

Разнастайнасцю ўражвае план фестываляў, якія мяркуецца правесці сёлета ў Полацку. Гаворка— пра ХХІІІ Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі з удзелам Сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь і Музычнай капэлы “Санорус”, Міжнародны фестываль праваслаўнай творчасці, I Адкрыты фестываль дзіцячай творчасці “Полацкі Анёлак”, Полацкі фестываль аматарскіх тэатраў “Крылы куліс”, XV Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”, кінафестываль духоўна-патрыятычнай і маральнай накіраванасці.

Цягам года  запланаваны прэм’еры стужак Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, “круглы стол”—  “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Полаччыны і задачы ўстаноў культуры і грамадскасці па яе ўдасканаленні”, арганізацыя работы дамоў рамёстваў Віцебскай вобласці ў мясцовым “Горадзе майстроў”. На 2010-ы прыпадзе і адкрыццё адразу трох помнікаў: у маі—помніка героям Айчыннай вайны 1812 года і бюста Юрыя Тарыча, а ў чэрвені— помніка дойліду Іаану. На гэтыя ж месяцы запланаваны мерапрыемствы,прысвечаныя 100-годдзю перанясення мошчаў Прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Багатая праграма чакае  ў час святкавання Дня горада ў маі. У яе ўваходзяць мерапрыемствы да  600-годдзя Грунвальдскай бітвы, фестываль “Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі”, фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон” і многія іншыя.