“У тым, што сёння Полацк стаў перлінай Беларусі, — вялізная заслуга Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі”

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Так сказаў у гутарцы з карэспандэнтам “К” у час адкрыцця акцыі “Культурная сталіца Беларусі” старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла. Словы гэтыя, у шырокім значэнні, адносяцца да дзесяткаў гарадоў нашай краіны. Там, дзякуючы правядзенню на высокім дзяржаўным узроўні, у тым ліку, і культурных мерапрыемстваў, адбылося якаснае пераўтварэнне ў развіцці вялікіх і малых населеных пунктаў. Спрыяе гэтаму стваральнаму працэсу і праект “Культурная сталіца Беларусі”, рэалізацыя якога распачалася 21 студзеня ў Полацку .

“Высокая ацэнка нашай гісторыі…”

 

/i/content/pi/cult/247/3557/2.jpg

П.Латушка, У.Тачыла і Л.Кавалёў у час падпісання Планамерапрыемстваў акцыі ў гарвыканкаме.

Менавіта тут, на пакручастых берагах Дзвіны, больш як тысячагоддзе таму зарадзілася беларуская дзяржаўнасць. Культура і духоўнасць ад пачатку былі яе кутнімі камянямі. Сімвал Полацкага княства— Сафійскі сабор. А “сафія” ў перакладзе азначае “мудрасць”...

Таму і не дзіўна, што мудрасць была блаславеннем гэтай зямлі праз усю яе гісторыю. У ХІІ стагоддзі з яе крыніцы жывілася Еўфрасіння Полацкая, у ХVII— Францыск Скарына, у XVIII— Сімяон Полацкі... Тая крыніца бруіць і пагэтуль...

Быў час, калі гарадское асяроддзе Полацка амаль не сведчыла пра слаўную мінуўшчыну. Яго выгляд цалкам адпавядаў слову “перыферыя”. Але той час ужо, бадай, прамінуў. Прыязджаючы туды зноў і зноў, з кожным разам бачыш усё новыя  парасткі былой велічы.  Новыя музеі, новыя храмы, новыя помнікі... Яны— бы трава, што прарастае праз асфальт Часу.

 Трава працінае асфальт сама сабою, дзякуючы сваёй прыроднай сіле. Адраджэнне гістарычнай памяці немагчымае без руплівасці нашых сучаснікаў. Мясцовыя ўлады даўно рыхтаваліся да “сталічнага” статуса.  Для іх ён стаў не падарункам, а— прызнаннем няспыннай і плённай працы.

Напярэдадні падпісання Плана мерапрыемстваў па правядзенні Рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі” ў Полацку мы, безумоўна, не маглі не пацікавіцца, як успрыняў падзею старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла. Вось што ён распавёў карэспандэнту  “К”:

— Выбар Полацка ў якасці культурнай сталіцы— высокая ацэнка нашай гісторыі, нашага горада наогул, народа Полаччыны… У рашэнні міністра культуры краіны— вялікі гуманістычны сэнс: павага да сівой мінуўшчыны, клопат аб сённяшнім дні нашай культуры ў гарадах і раёнах Беларусі. У Полацку зараджалася наша духоўнасць. Постаці слаўных землякоў—  сярод нас, яны—  у бронзе і камені. А грошы на гэтыя помнікі, без якіх сённяшні горад не ўявіць, збіраліся талакой, па ініцыятыве гараджан. І ў гэтай повязі часоў і асоб— моц нашай цяперашняй еднасці і духоўнасці…

Мэр Полацка перакананы, што сённяшні статус Культурнай сталіцы— найвялікшая адказнасць, але і дадатковы імідж Полацкай зямлі, якая  прываблівае і будзе прывабліваць паломнікаў, турыстаў, прыхільнікаў архітэктуры і мастацтваў. — У тым, што сёння Полацк стаў перлінай Беларусі, —  падкрэсліў Уладзімір Тачыла, —  вялізная заслуга Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У добраўпарадкаванне гарадской прасторы цягам выканання першай комплекснай доўгатэрміновай праграмы развіцця ўкладзены мільярдныя сродкі. Полацк стаў годнай сталіцай “Дажынак2002”. Цяпер рэалізоўваем другую праграму, разлічаную да 2012 года. Мы  павінны адпавядаць высокаму статусу Культурнай сталіцы Беларусі.

Чым ганарымся

Марозны дзень 21 студзеня запомніцца многім гараджанам і гасцям горада над Палатой. Кожны з іх далучыўся да той плыні магутнай творчай энергетыкі, што сваімі промнямі поўніла душы палачан.  

Распачаліся ж урачыстасці ў гарвыканкаме, дзе міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Леанід Кавалёў і старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла падпісалі План мерапрыемстваў па правядзенні акцыі “Культурная сталіца Беларусі”.  Пасля гэтага на прэсканферэнцыі для прадстаўнікоў СМІ Павел Латушка распавёў пра тое, чаму менавіта Полацкам вырашана адкрыць праект. Летась па адным горадзе ад кожнай вобласці  вылучалася на званне Культурнай сталіцы Беларусі. “Полацк— найстаражытнейшы гiсторыка-культурны, мастацкi, акадэмiчны, навуковы цэнтр, і не дзіўна, што яго абралі адразу. Уплыў горада і людзей, што тут нарадзіліся, на жыццё краіны вельмі вялікі”.  

Міністр культуры таксама падкрэсліў: “Напрыканцы года будзе ўлічаны ўвесь досвед правядзення акцыі“Культурная сталіца Беларусі-2010”,прааналізаваны ўсе яе недахопы і дадатныя бакі”. Таксама на сустрэчы са СМІ Павел Латушка падкрэсліў: незалежна ад таго, ці мае той або іншы горад статус Культурнай сталіцы краіны, важна зрабіць культуру даступнай для кожнага жыхара Беларусі, асабліва— у рэгіёнах”.

 З падарункамі!

У Полацку ўжо запланавана 60 культурных мерапрыемстваў. Не дзіва, што адразу пасля афіцыйных сустрэч  распачаўся творчы складнік акцыі, які прынёс нямала нечаканасцей як гледачам у гасціннай зале гарадскога Палаца культуры, так і самім арганізатарам і ўдзельнікам свята. На пачатку цырымоніі ў Палацы культуры міністр культуры перадаў мэру Полацка сертыфікат аб наданні гораду ганаровага звання.  

Затым пра слаўную гісторыю Полацка распавёў вядомы тэатр “Пілігрым” Полацкага ГПК, якому намеснік міністра культуры краіны Тадэвуш Стружэцкі ўручыў пасведчанне аб наданні  звання Заслужанага аматарскага калектыву. Зразумела, што навіна гэтая была ўспрынята громам шчырых апладысментаў залы.

 З падарункамі на адкрыццё акцыі прыехаў і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Вечар: ён перадаў Нацыянальнаму полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку афорт “Кірыла Тураўскі”. Пасля ўручэння мастацкага твора Сяргей Вечар у гутарцы з нашым карэспандэнтам падкрэсліў, што Полацк— сапраўдны музейны цэнтр. На яго думку, мясцовыя 11 музеяў валодаюць добрай навуковай і мастацкай базай.

На свята быў запрошаны ўладыка Феадосій, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі, які сказаў: “Сёння ў гісторыі нашага старадаўняга горада з’явілася яшчэ адна знамянальная дата. Старажытная сталіца Полацкага княства зноў стала сталіцай культурнай. Сапраўдная культура павінна быць ад Бога, і ў гэтым плане мы пераўзышлі многіх”. Пасля цырымоніі ў гарадскім Палацы культуры эпіцэнтр падзей перамясціўся ў “сэрца” Полацка —перліну старажытнага дойлідства Сафійскі сабор, дзе адбыўся канцэрт  класічнай музыкі ў выкананні ансамбля салістаў “Класікавангард”. Там жа  дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў уручыў музею-запаведніку напісанае ім палатно “Святы дзень. Полацк”.  Наступным этапам адкрыцця акцыі “Культурная сталіца Беларусі” стаў вернісаж ў Мастацкай галерэі Полацка выстаўкі літаграфій “Напалеон Орда і наша мінуўшчына” з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея.

 Завяршэннем жа праграмы святочнага дня быў канцэрт Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” ў гарадскім Палацы культуры.

Што далей?

 Полацк абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі. Што далей? Як паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, культурнае жыццё Полацка цягам года будзе надзвычай насычаным. На самых розных сцэнічных пляцоўках тут пройдуць справаздачныя канцэрты народных і заслужаных мастацкіх калектываў з усіх рэгіёнаў вобласці. Таксама запланавана работа рамесніцкіх кірмашоў, якія ў Полацку будуць ладзіць народныя майстры з дамоў рамёстваў Віцебшчыны.

Апрача прафесійных артыстаў, дадае начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Іна Шаховіч, імідж культурнай сталіцы цягам года будуць падтрымліваць лепшыя самадзейныя калектывы горада.

А вось меркаванне аўтара сцэнарыя ўрачыстага адкрыцця акцыі “Культурная сталіца Беларусі”  ў Полацку, дырэктара Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё, пісьменніка, старшыні Полацкага зямляцтва Навума Гальпяровіча:

— Для мяне Полацк— горад, дзе я нарадзіўся і правёў юнацкія і дарослыя гады, дзе з’явіліся на свет мае дзеці, дзе на Чырвоных кладах ляжаць мае бацькі… Полацк — станцыя маёй любові. І я вельмі рады, што быў адным з ініцыятараў таго, каб гэты горад стаў першай беларускай Культурнай сталіцай. Полацк, зразумела, таго варты. І належыць горад не толькі тым,  хто тут жыў і працаваў, але і ўсім беларусам…  Полацкае зямляцтва будзе браць самы чынны ўдзел ва ўмацаванні сталічнага іміджа горада. Я проста ўпэўнены, што “сталічнае жыццё” ў  Полацку будзе яркім і непаўторным.

Яўген РАГІН,

Алена САБАЛЕЎСКАЯ,

Андрэй СПРЫНЧАН (фота),

нашы спецыяльныя карэспандэнты