Ці адновяць “масты Напалеона”?

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Мінулы год для айчынных гісторыкаў прайшоў пад знакам 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Было праведзена шмат канферэнцый, “круглых сталоў”. Акрамя гэтага, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі не абышоў сваёй увагай і святкаванне 70-годдзя Уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Да гэтай даты быў падрыхтаваны і выдадзены сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь зборнік матэрыялаў. Вялікая археалагічная праца зроблена да 600годдзя ўстанаўлення запаведнага рэжыму на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Да 80-годдзя з дня заснавання Інстытута гісторыі быў прымеркаваны Трэці Кангрэс гісторыкаў Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/246/3554/14-4.jpgУ гэтым годзе на слыху ў грамадскасці будзе таксама шэраг знамянальных дат. Найперш гэта - 65-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму натуральна адзначыць і міжнароднае супрацоўніцтва айчынных гісторыкаў. Як паведаміў карэспандэнту "К" намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч, за апошнія гады шмат супольных праектаў было праведзена разам з нямецкімі калегамі ў справе вывучэння найбольш малавядомых аспектаў Вялікай Айчыннай вайны. Не менш плённым было супрацоўніцтва з вучонымі Расіі і Украіны. Сёлета чакаецца выданне кніг па выніках праведзенага даследавання "Краіна ў агні", прысвечанага падзеям 1941 г. на тэрыторыі трох краін. Нямала даследаванняў прымеркавана да 600-годдзя канчатковага разгрому тэўтонскіх войскаў пры Грунвальдзе. Ад Грунвальдскай бітвы нас аддзяляюць шэсць стагоддзяў, якія, здавалася б, расставілі ўсё на свае месцы. Тым не менш, сёння ў вучоных засталося шмат нявысветленых пытанняў, пачынаючы ад колькасці ўдзельнікаў адной з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечча да дакладнай храналогіі падзей 15 ліпеня 1410 г. каля вёсак Грунвальд і Таненберг.

Таму не выпадкова серыя мерапрыемстваў святкавання перамогі над тэўтонамі пачнецца з навуковага "круглага стала" ўжо ў красавіку, а праз колькі месяцаў на базе Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы пройдзе прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя, на якую будуць запрошаны гісторыкі з Літвы, Польшчы, Германіі ды шэрагу іншых краін. Працуюць айчынныя гісторыкі і на перспектыву. Здавалася б, да 2012 года, калі будзе шырока адзначацца 200-годдзе перамогі рускіх войск над Напалеонам, часу даволі шмат. Тым не менш, ужо сёлета мяркуецца распачаць грунтоўныя археалагічныя работы, звязаныя з адступленнем напалеонаўскай арміі праз нашу краіну. Як падкрэсліў Вячаслаў Даніловіч, летась адбыліся перамовы з французскімі калегамі, у прыватнасці, з навуковым таварыствам "Цэнтр напалеонаўскіх даследаванняў", а таксама Нацыянальным інстытутам прэвентыўнай археалогіі Францыі пра магчымасць вывучэння і правядзення пэўных работ на месцах бітвы каля вёскі Студзёнка і пераправы рэштак арміі Напалеона праз Бярэзіну. Аднак канкрэтная дата пачатку археалагічных даследаванняў пакуль не вызначана. Усё залежыць ад падпісання адпаведнай дамовы паміж інстытутамі.

/i/content/pi/cult/246/3554/14-5.jpgІ ўсё ж, на думку Вячаслава Даніловіча, існуе вялікая верагоднасць, што напрыканцы лета гэтага года раскопкі распачнуцца. Археолагі плануюць знайсці месцы пахавання салдат, вызначыць дакладнае знаходжанне мастоў праз раку, па якіх перапраўляліся войскі Напалеона. У перспектыве плануецца гэтыя камунікацыі рэканструяваць. Але найперш іх трэба знайсці, што не вельмі проста, бо за два стагоддзі рэльеф мясцовасці значна змяніўся. Існуе магчымасць сумеснымі намаганнямі вучоных адшукаць нават і скарб Напалеона. І хоць, па розных звестках, ён захоўваецца ў іншых мясцінах, нельга выключаць выпадкаў яго выяўлення і на месцы пераправы. Між іншым, пэўныя цяжкасці можа прынесці якраз "дзейнасць" "чорных археолагаў", якія доўгі час актыўна шукалі золата Напалеона і тым самым пашкодзілі гістарычны пласт. Для беларускіх вучоных такая сумесная праца карысная не толькі інфармацыяй ды археалагічнымі матэрыяламі, што пасля выяўлення і вывучэння застануцца на тэрыторыі Беларусі. Вядома ж, найбольшую карысць прынясе абмен вопытам з французскімі калегамі, якія гатовы прапанаваць свае найноўшыя тэхналогіі і сучасную тэхніку для дэтальнага вывучэння месца раскопак. Аднак не толькі на Бярэзіне будуць сёлета праходзіць маштабныя археалагічныя раскопкі. Па словах намесніка дырэктара Інстытута гісторыі, у Мінску будуць працягвацца даследаванні, прысвечаныя аднаўленню замчышча на Нямізе. Шмат працы чакаецца на месцы будучага размяшчэння Гродзенскай гідраэлектрастанцыі. Даследчыкі гісторыі першабытнага грамадства вывучаюць помнікі, якія трапляюць у зону затаплення.

Таксама будзе праводзіцца неабходнае археалагічнае суправаджэнне будучай атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне. Ужо трэці год адмысловая археалагічная экспедыцыя даследуе старажытны Полацк, што прадугледжана Прэзідэнцкай праграмай, згодна з якой да 2012-га Інстытут гісторыі павінен выйсці на пэўныя значныя абагульненні ў гэтай сферы. У 2010-м вучоныя Інстытута гісторыі плануюць працягваць працаваць над турыстычнымі маршрутамі, і найперш - са шляхам "з варагаў у грэкі". У гэтым накірунку вядзецца праца з Міністэрствам спорту і турызму па ўвядзенні ў турыстычнае карыстанне ўчастка на Дняпры паміж Віцебскай і Магілёўскай абласцямі, дзе маюцца цікавыя комплексы, звязаныя не толькі з гісторыяй гэтага шляху, але і ўвогуле з беларускай мінуўшчынай.