А пасля стварэння партызанскай брыгады, летам і восенню 1942 г., пад кіраўніцтвам Заслонава ажыццяўляліся рэйды і знішчалася вялікая колькасць варожых салдат і тэхнікі ў раёне Віцебска, Оршы і Смаленска, дзе праходзілі важныя камунікацыі групы нямецкіх войскаў "Цэнтр". У кастрычніку 1942-га Заслонаў быў прызначаны камандуючым усімі партызанскімі сіламі аршанскай зоны, аднак літаральна праз месяц загінуў у баі з фашыстамі. На пачатку гэтага года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава.
Памяці гэтага легендарнага чалавека прысвечаны шэраг мерапрыемстваў у Оршы, у якіх прымаюць удзел яго дочкі, а таксама ветэраны Вялікай Айчыннай, што асабіста ведалі славутага героя. Распачаліся мерапрыемствы з мітынгу-реквіема на Прывакзальнай плошчы ля помніка Заслонаву. У Мемарыяльным музеі Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава прайшла акцыя "Дакрануцца сэрцам да подзвігу", у каледжы чыгуначнага транспарту адбылася навуковапрактычная канферэнцыя "Жыццё - подзвіг". Таксама адкрылася выстаўка "Чалавек з легенды: Заслонаў, якога мы не ведалі", дзе наведвальнікі мемарыяльнага музея могуць убачыць не толькі яго асабістыя рэчы, прадметы побыту партызан, але і даведацца пра малавядомыя факты з жыцця героя. У прыватнасці, сярод музейных экспанатаў прадстаўлены і дзіцячыя малюнкі знакамітага партызана, якія перадаў у музей яго сябар некалькі гадоў таму.
Падрабязна пазнаёміцца з лёсам Канстанціна Заслонава і нядаўна знойдзенымі архіўнымі матэрыяламі, успамінамі баявых таварышаў славутага партызана можна будзе ў адным з бліжэйшых нумароў "Культуры".