Экспедыцыя па ідэі

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Рэспубліканскі агляд-конкурс абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і культурнаасветніцкай работы, праведзены Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, наблізіўся да фіналу. Апошнімі свае дасягненні прадставілі метадысты Магілёўшчыны. Зазначым, менавіта гэты рэгіён завяршаў конкурсныя агляды невыпадкова.

 

/i/content/pi/cult/246/3552/12-1.jpgПа сістэме капіляраў

Пачну са слоў начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, які ўпэўнены: абласны метадычны цэнтр - гэта мозг культуры і мастацтва. І сувязь яго з раённымі метадычнымі службамі, установамі, якія развіваюць, захоўваюць і транслююць культуру, наладжана праз сістэму трывалых "капіляраў" камп'ютэрызацыі, што ахапіла ўсе куточкі вобласці. Менавіта на Магілёўшчыне паспяхова функцыянуе Цэнтралізаваная клубная сістэма. Гэта - метадычны прыярытэт рэгіёна. ЦКС аднаго раёна аб'ядноўвае ўсе сельскія ўстановы культуры пад кіраўніцтвам аднаго "цэнтра" ў пасёлку ці горадзе. Да прыкладу, на Мсціслаўшчыне - 21 клубная ўстанова, а гэта - 237 клубных фарміраванняў, у дзейнасці якіх удзельнічае больш за дзве з паловай тысячы выканаўцаў і калектываў; кожная сельская знаходзіцца пад куратарствам намесніка дырэктара па ЦКС, што каардынуе працу метадыстаў цэнтраў і дамоў культуры. Такія своеасаблівыя сеткі пранізваюць усю вобласць. Дырэктар Магілёўскага АМЦНТ і КАР Алег Хмялькоў адзначае: "Кожнага супрацоўніка метадычнай службы можна назваць правай рукой кіраўніка Цэнтра або Дома культуры. Яны ж афіцыйна дапамагаюць і адпаведнаму аддзелу пры райвыканкаме". Бялыніцкі раён - адзін з паказальных у эфектыўным метадычным забеспячэнні ўстаноў культуры на ўзроўні "РАМЦ- СДК". У будынку Раённага цэнтра культуры месцяцца аддзел культуры Бялыніцкага райвыканкама, раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр і метадычны кабінет РЦК. У гэтых "штабах" выпрацоўваюцца тактыка і стратэгія клубнай работы ў райцэнтры і на сяле. Пра падзел метадычных абавязкаў расказвае дырэктар РАМЦ Тамара Падымака: "Метадычныя дні, у якіх прымаюць удзел музейшчыкі, выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў, клубныя і бібліятэчныя работнікі, ладзяць супрацоўнікі раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра. А работнікі метадычнага кабінета Цэнтра культуры або любога клуба канцэнтруюць увагу на профільных кірунках дзейнасці сваёй установы. Такая форма работы вельмі зручная, яна апраўдала сябе". З-за невялікага штатнага раскладу ў Цэнтры культуры працуюць людзі, якія выконваюць шмат абавязкаў. Ёсць, напрыклад, метадыст па харэаграфіі, ён жа вядзе гурток, праводзіць мерапрыемствы, - гэта і тэарэтык, і практык. Алег Хмялькоў кажа: "Калі мы метадыстаў аддзелім ад Бялыніцкага РЦК, то застанецца толькі акампаніятар і тыя, хто працуе ў самадзейным тэатры. У нас метадысты - тыя ж артысты, і тэарэтычны досвед яны падмацоўваюць рэальнымі справамі". Метадысты РАМЦ сумесна з работнікамі абласнога метадычнага цэнтра распрацоўваюць праект праграмы па этнавыхаванні дзяцей і моладзі. Мэта яе - не толькі заахвочваць іх вывучаць і захоўваць культуру, але і выхоўваць у беларускіх традыцыях. Праграма пачне працаваць у наступным годзе. Праект, натуральна, з'явіўся не стыхійна: у раёне здавён вывучаецца традыцыйная народная культура, адраджаюцца народныя святы, традыцыі і абрады, арганізуюцца фальклорныя экспедыцыі для збору відэаі аўдыёматэрыялаў.

/i/content/pi/cult/246/3552/12-3.jpgВучыць - адрасна

Горацкі раён таксама багаты на інавацыі і ініцыіруе іх рэгулярна. Пры аддзеле культуры райвыканкама працуюць: аддзел народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы РЦК, метадычная служба Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, раённае метадычнае аб'яднанне педагогаў адукацыйных устаноў аддзела культуры, метадычны "штаб" ЦКС. Пагадзіцеся, структур нямала. Узаемадзеянне іх адбываецца па прынцыпе максімальнай адраснасці. Умоўна падзялілі работнікаў на тры групы, зыходзячы з іх прафесійных якасцей, кампетэнцыі: маладыя спецыялісты (для іх праводзяцца адукацыйныя курсы па вядзенні дакументацыі, арганізацыі працы з клубнымі калектывамі); людзі, якія маюць пэўны вопыт работы ў галіне (павышаюць свой узровень на семінарах-практыкумах, семінарах-дыспутах); "асы", якія працуюць па 20 - 30 гадоў (яны ладзяць для іншых работнікаў майстар-класы). Кожная з трох груп працуе самастойна па сваіх канкрэтных праграмах, а часам яны збіраюцца разам для абмеркавання надзённых праблем. Такая прафесійная падрыхтоўка дае неаспрэчны плён: адкрываюцца ўстановы культуры новага тыпу - Дом народнай творчасці, Цэнтр фальклору і народнай творчасці, Цэнтр культуры і дасугу ды іншыя, - пры падтрымцы Магілёўскага абласнога метадцэнтра рэалізоўваюцца сацыякультурныя праекты. І, канешне ж, маюцца цесныя сувязі з метадычнымі цэнтрамі свайго ды іншых раёнаў: пад час сустрэч або дзякуючы абмену інфармацыяй па электроннай пошце заўсёды можна даведацца пра дасягненні і клопаты калег або расказаць пра свае.

Укладанні працуюць

 Інфармацыйна-аналітычны і рэпертуарна-выдавецкі аддзел Магілёўскага АМЦНТ падрыхтаваў 124 выданні ў дапамогу работнікам: гэта сцэнарныя матэрыялы, метадычныя дапаможнікі, буклеты, рэкламныя праспекты, якія распаўсюджваюцца ў рэгіёнах. У сакавіку ж 2008 года ўстанова займела свой сайт. Кожны аддзел мае выхад у Інтэрнет, а кожная метадычная служба- камп'ютэр, падключаны да глабальнай сеткі. Аддзел тэхнічнай творчасці і мультымедыйных тэхналогій не толькі праводзіць відэаі фотаздымкі мерапрыемстваў у Магілёве і ў раёнах, але і мае унікальную базу фальклорных матэрыялаў. Аўтапарк налічвае тры аўтамабілі, што дазваляе кіраўніку рэгулярна кантактаваць з калегамі ў аддаленых населеных пунктах. Штатны расклад налічвае 80 адзінак, з іх 40 - творчыя. 28 чалавек з апошніх маюць вышэйшую адукацыю, сярэднюю - 11. Большасць супрацоўнікаў нарадзілася ў рэгіёнах Магілёўшчыны. Што да складанасцей (якія, дарэчы, характэрныя не толькі для метадычных устаноў вобласці), дык гэта, па словах дэкана факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Мікалая Каралёва, - патрэба ў неадкладным пераглядзе класіфікатара пасад, які існуе ўжо больш за 20 гадоў, тыпавых і штатных раскладаў, а таксама наданне метадычным работнікам кваліфікацыйных катэгорый. Варта адзначыць, што агульная плошча сённяшняга будынка Магілёўскага абласнога метадцэнтра - унушальная: 3600 кв. м. У 2008 - 2009 гг. былі капітальна адрамантаваны ўсе памяшканні, на што абласныя ўлады выдаткавалі два мільярды рублёў. Ёсць тут глядзельная і канферэнц-зала, рэпетыцыйныя памяшканні, гардэробная. Бібліятэчны фонд спецыялізаванай літаратуры - 10 000 экземпляраў, а гэта немалая колькасць для ўстановы такога тыпу. Творчыя работнікі зарабляюць 800 - 900 тысяч рублёў штомесяц, а такія грошы для работнікаў культуры даюць стымул развівацца. Гэтыя дасягненні Магілёўскага абласнога цэнтра з'яўляюцца вынікам усяго некалькіх інавацый, якія замацаваліся па ўсіх метадычных установах рэгіёна. Гаворка найперш - пра трывалую зваротную сувязь паміж сельскімі і гарадскімі работнікамі, паміж маладымі і больш вопытнымі, вялікімі і малымі ўстановамі праз сістэму ЦКС. Заўважна, што існуючы ў метадцэнтрах падзел абавязкаў дае супрацоўнікам большыя магчымасці для самаўдасканалення. А сродкам хуткага абмену досведам стала паўсюдная камп'ютэрызацыя, добрая паліграфічная і мультымедыйная база.

На здымках: выстаўкі народнай творчасці ў час агляду-конкурсу.

Фота аўтара

Гэтымі днямі падводзяцца вынікі Рэспубліканскага агляду-конкурсу абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. У бліжэйшых нумарах "К" - спіс пераможцаў і бачанне метадычнай працы экспертамі, якія працавалі ў адборачнай камісіі цягам агляду-конкурсу.