Ранак душы

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Мастак і педагог Святлана Калкоўская працуе ў сельскай школе мастацтваў у вёсцы Шашкі на Стаўбцоўшчыне. Яна вучыць вясковых дзяцей жывапісу, роспісу, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Дзіву даешся: кожны год бацькі прыводзяць у мастацкую студыю новых вучняў, сярод іх 4-х — 6-цігадовых, і не аказваецца няздольных дзяцей. Святлана Канстанцінаўна “лепіць” з іх маленькіх асоб, якія не толькі ўмеюць трымаць аловак і пэндзаль, бачыць дасканаласць форм і гармонію фарбаў, але і адкрываць свет у сваім яго бачанні. І як выдатна атрымліваецца! Кожная дзіцячая работа, выканана яна фарбамі ці абгорткамі ад цукерак у мастацкім калажы — індывідуальнасць.

Педагагічныя зімы і вёсны Святланы Калкоўскай змяняюцца золатам лістапада і майскім блакітам вясновага дабравесця на малюнках яе вучняў. А гады нястомнай працы назапашваюць настаўніцы вянцы.

Летась Святлана Калкоўская атрымала грамату Міністэрства культуры РБ за ўклад у эстэтычнае выхаванне маладога пакалення, аддзел культуры Стаўбцоўскага райвыканкама прысвоіў ёй тытул “Чалавек года”. Мастацкай студыі “Раніца”, якая вырасла з гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і існуе ўжо 15 гадоў пры нязменным кіраўніцтве Святланы Канстанцінаўны, у красавіку мінулага года прысвоена найменне “народнай”.

Юныя мастакі Кацярына Пазняк, Аляксандра Калкоўская і Таццяна Якаўлева — пераможцы міжнародных мастацкіх дзіцячых конкурсаў, сталі героямі кнігі “Таленавітыя дзеці Міншчыны”, якую выпусціў Мінскі аблвыканкам. Да таго ж, Аляксандра Калкоўская і Кацярына Пазняк у 2006 г. атрымалі спецыяльныя прэміі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Каб выйсці на такі ўзровень, штодзённа юныя мастакі на занятках у мастацкай студыі асвойваюць азы класічнага жывапісу, займаюцца тэорыяй. Вучні пастаянна ўдзельнічаюць у розных мастацкіх конкурсах. Бандэролі і пасылкі з іх работамі адпраўляюцца поштай у розныя куткі Расіі, іншыя краіны. Сельскія дзеці толькі летась прынялі ўдзел у 25 мастацкіх конкурсах у Індыі, Егіпце, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Расіі... Кожны дзень прыносіць ім нешта новае, а часам — і сюрпрызы. То прыйдзе бандэроль з іншай краіны з дыпломамі, падзякамі ад аргкамітэта за ўдзел у конкурсе, з мастацкімі каталогамі, цікавымі кнігамі. То ўзнагарода за лаўрэацкі дыплом — пуцёўка на адпачынак. Аляксандра Калкоўская, напрыклад, была запрошана ў Данію, а яе работа па казках Андэрсена заняла месца ў дацкім Каралеўскім музеі.

Ці трэба казаць, у якім рытме працуе Святлана Калкоўская, каб паспець адшукаць у часопісах, газетах, на Інтэрнет-сайтах абвесткі аб конкурсах, зарыентаваць дзяцей, адправіць работы. І так — круглы год, і так — кожны дзень. Вучні яе ўдзельнічаюць у розных пленэрах, выязджаюць з эцюднікамі на ўлонне прыроды да архітэктурна-паркавых ансамбляў Нясвіжа, Міра, у маляўнічыя Коласавы мясціны роднай Стаўбцоўшчыны. У кожнага з іх вымалёўваецца свой адметны стыль, свая тэматыка, сваё аўтарскае “я”. Персанальная выстаўка “Дабравесце” Каці Пазняк выстаўлялася ў раённых галерэях і ў Палацы мастацтва ў Мінску. Штогод выхаванцы студыі “Раніца” атрымліваюць дыпломы конкурсу “Птушка года” і іншых экалагічных, што арганізоўваюцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Канешне ж, заняткі ў мастацкай студыі для некаторых з выхаванцаў С.Калкоўскай вызначаюць і выбар прафесіі. Яе вучні сёння — студэнты БДУ культуры і мастацтваў, мастацкіх вучылішчаў.

На суд гледачоў выстаўляе свае работы і сама С.Калкоўская. Яна сур’ёзна займаецца роспісам па дрэве: велікодныя яйкі-пісанкі, выкананыя мастачкай, — гэта цуд, ад якога не адвесці вачэй; тут і беларускія храмы, і біблейскія сюжэты, і пейзажы. С.Калкоўская піша і алеем: яе жывапісныя работы знаходзяцца ў фондах раённага музея, у прыватных калекцыях. Ва ўласных мастацкіх работах і ў творчай атмасферы, якая пануе на занятках у дзіцячай студыі, увасабляецца жыццёвае крэда С.Калкоўскай: “Прывітайся раніцай са светам, скажы наваколлю ласкавае слова, усміхніся заўсёды першай...” І свет адказвае Святлане Калкоўскай узаемнасцю.


Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО
Стоўбцы