Балет — на заўтра, каханне — назаўжды.

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Звесткі пра ўзнагароджанне медалём Францыска Скарыны салісты балета Ірына і Алег ЯРОМКІНЫ атрымалі ў час гастролей па Паўднёвай Карэі. Паводле шматгадовай традыцыі, туды наша трупа выправілася з незаменным на Каляды “Шчаўкунком”. З 11-ці гастрольных спектакляў, на якія прыходзілася тры склады салістаў, Ірына з Алегам станцавалі пяць — амаль палову. Гэтая пастаноўка, як высветлілася, увогуле адыграла ў іх жыцці лёсавызначальную ролю.

 

/i/content/pi/cult/246/3548/13-1.jpgІрына: - Мы пазнаёміліся на рэпетыцыі "Шчаўкунка". Я ўжо некалькі гадоў працавала ў тэатры, а Алег толькі-толькі прыйшоў у трупу пасля заканчэння харэаграфічнага каледжа. Вядома, я бачыла яго і раней. Бо заўсёды прыглядаешся да "новых пакаленняў", асабліва на выпускных канцэртах-іспытах: маўляў, хто там "наступае нам на пяткі"? Але тады я не звярнула на яго асаблівай увагі: так, "маляўка" нейкі. Не па росце - па ўзросце.

 - І на колькі ж ён за вас малодшы?

І.: - На 6 гадоў.

Алег: - Не! На 5 гадоў, 11 месяцаў, 2 тыдні і 3 дні - гэта, між іншым, не ўлічваючы гадзін і хвілін.

 І.: - Ну, не гэта ж галоўнае! - А па гараскопе "хто ёсць хто"?

А.: - Яна - Цялец, я - Авен.

 І.: - Чамусьці лічыцца, што гэтыя знакі не надта "прыціраюцца" адзін да аднаго. Значыць, мы - выключэнне. - Няўжо ніколі не бывае непаразуменняў?

І.: - Творчых спрэчак - колькі заўгодна.

А.: - На працы - паспрачаемся, у машыне па дарозе дадому - пазлуемся, а дома - памірымся. Калі ж не атрымліваецца адразу прыйсці да аднаго пункта гледжання, кажам: "Балет пакідаем на заўтра".

 - Пагаджуся: у рэпетыцыйнай зале зручней праводзіць "следчы эксперымент", як трэба выконваць тое ці іншае па.

 А.: - У сям'і ж трэба ўмець саступаць - і не камусьці аднаму, а абавязкова абаім. Каб гэта былі крокі насустрач, а не гульня ў адны вароты.

 - Свае першыя крокі насустрач адно аднаму вы і зрабілі на той рэпетыцыі "Шчаўкунка"?

 І.: - Нас паставілі ў адну пару кардэбалета, у знакамітым Вальсе. Я ўбачыла, як у песні, "гэтыя вочы насупраць". Так і пазнаёміліся: за адзін дзень - і назаўжды. Пазней неяк ехалі пасля спектакля разам і здзівіліся, што выходзім на адным прыпынку. Аказалася, мой старэйшы брат, у якога я збіралася пераначаваць (бо тады жыла ў Свіслачы, дзе і цяпер засталіся мае бацькі), кватаруе праз дом ад Алега. Але звязаў нас "Шчаўкунок". І найперш - музыка Чайкоўскага: яна такая чароўная і нават чарадзейная, што пад яе немагчыма не закахацца!

- Дык раскажыце пра свае "чараўніцтвы кахання": як рабілі адно аднаму падарункі, нейкія рамантычныя сюрпрызы...

 І.: - Ды не было ў нас нічога такога. Я нават не магу сказаць, хто да каго больш заляцаўся: усё неяк так разам, усё - сваім парадкам. Так і з падарункамі. Звычайна разам абмяркоўваем: "А давай купім табе тое і тое, а мне - гэта". Зноў-такі, усё разам, а не так, што хтосьці адзін камандуе, а другі кідаецца выконваць. Хаця... Любім мы купляць непатрэбныя рэчы.

- Напрыклад?

А.: - Навігатар для машыны.

/i/content/pi/cult/246/3548/13-2.jpg- Дык гэта ж вельмі патрэбная рэч!

 І.: - Нам таксама спачатку так здавалася. А потым бачым - не карыстаемся. Бо нікуды не ездзім. Зранку - рэпетыцыя, увечары - рэпетыцыя ці спектакль. Дома - пару дзённых гадзін, каб урокі ў сына праверыць.

 - А адпачынак?

І.: - Тройчы ездзілі ў Адэсу, але па адным і тым жа маршруце. Праўда, за трэцім разам умудрыліся заблукаць. Я была "навігатарам" - дакладней, картографам. Цемра, дзве гадзіны ночы, я ўпэўнена "камандую", куды ехаць...

А.: - І заехалі: куды - незразумела, спытаць - няма ў каго. Праўда, потым трапілі на аўтазапраўку, дзе нам давялі, што мы едзем у іншы бок. Карацей, паспрачаліся, пасмяяліся - і да раніцы неяк выехалі на правільную дарогу.

- Дык гэтую гісторыю вы і называеце сваімі "рамантычнымі прыгодамі"?

 І.: - Мы столькі рамантыкі атрымліваем ад спектакляў, што дома хочацца хаця б крыху пабыць звычайнымі людзьмі.

- Дзіўна, бо часцей бывае наадварот. Балет хіба для гледачоў - рамантыка. А для артыстаў - хай і ўлюбёная, але цяжкая праца.

І.: - У класе на рэпетыцыях - так. А ў спектаклі ж далучаюцца эмоцыі! У тым жа "Шчаўкунку" ўсю першую дзею я на сцэне - без Алега: драўляную ляльку, названую Шчаўкунком, танцуе артыстка. А потым цацка пераўвасабляецца ў Прынца. І калі я бачу "гэтыя вочы насупраць", ледзь не ўздыхаю: нарэшце! З'яўленне Алега-Прынца для маёй гераіні (а значыць, для мяне) - бы падарунак лёсу. Адразу хочацца танцаваць яшчэ і яшчэ лепей! І колькі б ні было спектакляў, кожную такую сустрэчу я перажываю наноў,бы першую. Ці ж гэта не рамантыка?

А.: - Во як сказала! Я б так не змог, ды і не магу сказаць, што для мяне ўсё гэта - рамантыка. І што гэтая партыя - мара ўсяго майго жыцця. Свята? Дакладна. У мяне няма, як у Ірыны, любімай партыі ці спектакля. Любімыя - усе. Асабліва - "Спартак", "Стварэнне свету", той жа Тарэра ў "Кармэн-сюіце" і, канешне ж, класіка: "Жызэль", "Спячая прыгажуня". Але "Шчаўкунок" для мяне папраўдзе асацыіруецца са святам. Можа, таму, што танцую яго з Ірай і дзеля Іры. Не ў тым сэнсе, што без яе і на сцэну не выйду. Але я бачу, з якой трапятлівасцю яна ставіцца да гэтага спектакля, да сваёй Машы і, галоўнае, да мяне (Прынца, або, можа, не зусім таго казачнага Прынца, што ўяўляла, - якая розніца?), - і гэта не можа не натхняць. Тое ж - і з Рамэа: сама па сабе гэтая партыя, пэўна, не самая "мая" па светаадчуванні. Але калі танцую з Ірай - усё зусім іначай. І.: - А для мяне станцаваць Машу было марай дзяцінства - акурат з 10-ці гадоў, калі я ўпершыню ўбачыла гэты спектакль, пастаўлены ў нашым тэатры Валянцінам Елізар'евым. Потым я глядзела многія іншыя харэаграфічныя версіі, але і дагэтуль лічу, што наша - лепшая. І не таму, што цяпер я ў ёй танцую! Проста, у нашай ёсць і адметная пластыка, і яркае відовішча, і тонкая рамантыка - без аніякага меладраматычнага ўціску, - і, калі хочаце, глыбокая філасофія.

- Лялькі і людзі: хто больш рэальны? Дый наконт Прынца: Шчаўкунок спачатку - усяго толькі "бервяно". Але Маша сваім каханнем і адданасцю абуджае ў ім Прынца. Ці ж гэта не жыццёвая філасофія?

І.: - Думаеце, пра нас? Ні ў якім разе. Я ніколі не была для Алега гэткай "выхавацелькай". Ён надзвычай адказны, самастойны, на ўсё - сваё меркаванне. Я ўвогуле не магу знайсці ў ім адмоўных рыс. А.: - Я таксама Іру кахаю - за ўсё. Мне з ёй лёгка, радасна, мы разумеем адно аднаго, у нас адна мэта, таму і крочым па жыцці нага ў нагу.

 І.: - Мы не намагаемся быць гэткімі "супер-мегазоркамі". Проста, робім сваю працу - якасна і з душой. І - што вельмі важна - разам!

- Можа, і разам з Максімкам? Яму зараз 10 гадоў - узрост паступлення ў харэаграфічны каледж.

А.: - Пакуль яму больш падабаецца глядзець спектаклі, чым танцаваць самому. І.: - А яшчэ абавязкова завітаць у буфет (не важна, што ён там будзе есці, галоўнае - сам буфет). І ў закуліссе - асабліва, каб далі штосьці патрымаць, патузаць. Дый фігура ў яго для балета паўнаватая: любіць печыва, салодкае, шакалад. І я не магу яму забараняць, бо памятаю, як сама пакутавала: па некалькі месяцаў сядзела на дыеце, а так хацелася булачак... Навошта дзіця прымушаць? Хай сам абірае, што яму бліжэй.

 - А вас прымушалі? Праўда, дзяўчынкі звычайна спяць і бачаць сябе балерынамі, што не скажаш пра хлопчыкаў...

А.: - У нас - наадварот. Я і да школы ў гурток танцавальны з задавальненнем хадзіў, і ў школе вучылішча было - за тры дамы ад нашага. Адно задавальненне! Хаця, зразумела, усё патрабуе адпаведных намаганняў. І.: - Я ж у балет трапіла, можна сказаць, выпадкова. Маці прачытала аб'яву ў газеце і павяла мяне на адбор. І з 10-ці гадоў мне давялося жыць у інтэрнаце. Першыя месяцы - плакала штодзень. Астатнія дзеці - таксама. Мне яшчэ зайздросцілі, бо мама прыязджала разы па два на тыдзень (30 кіламетраў ад Мінска - не так далёка), а на кожныя выхадныя я сама да бацькоў ехала. Тыя ж, хто з Брэста ці Гомеля, выпраўляліся дадому толькі на канікулы. Больш-менш я прывыкла да расстанняў толькі, пэўна, гады праз тры. Але, мабыць, такія абставіны навучылі яшчэ больш цаніць сямейныя каштоўнасці, пяшчоту родных і блізкіх. Вось і Максім - вельмі ласкавы, чуллівы. Разумее, што мы вельмі занятыя, і ўмее карыстацца тым часам, калі мы ўсе разам.

 - Цікава, а хобі ў вас - таксама агульнае?

 А.: - Я люблю катоў.

І.: - А потым мы завядзём сабаку.

 А.: - А яшчэ - дзяцей.

 І.: - Хацелася б яшчэ двух.

А.: - Сына. І яшчэ сына. Ці дачку.

І.: - І партый балетных - паболей: так хочацца ўсё ператанцаваць! Разумееш, што абсалютна ўсё ахапіць - немагчыма. Але ж так хочацца! І на кухні хочацца больш пастаяць, парадаваць хатнімі прысмакамі. І ля балетнага станка. І ля дзіцячага ложка. Думаю, разам - паспеем усё!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"