“Царскі гонар” аўтэнтыкі

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Пярэдадзень старога Новага года ў беларускіх вёсках па-ранейшаму называюць “Шчадрэц”. Абрад “Цары”, які праходзіць гэтымі днямі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, быў уключаны ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

 

/i/content/pi/cult/246/3546/3-1.jpg- Спачатку ў хаце збіраюцца сямёра хлопцаў - самі "цары", - распавядае ўдзельнік абраду Георгій Ціманаў. - Разам з імі- Механоша, Дзед, Баба, музыкі... Кіруе ўсімі Доктар. І гэткай працэсіяй рушым па хатах. Звычайная праграма спеваў і танцаў - дзесьці з паўгадзіны. Але можам і падоўжыць. Унікальны абрад бярэ вытокі яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тады на пастоі ў вёсцы знаходзіліся царскія салдаты, і сярод іх узнікла традыцыя віншаваць мясцовых жыхароў - адсюль і назва. Да вайны калядаванні ў Семежаве былі цалкам натуральнай з'явай, але потым яны апынуліся пад забаронай. На сёлетніх калядаваннях можна было ўбачыць шматлікіх прадстаўнікоў раённай улады. Уласна, райвыканкамістотна спрычыніўся да адраджэння гэтай традыцыі, якое адбылося напрыканцы 90-х па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Семежаўскага ДК Таццяны Шаўра і, вядома ж, мясцовых жыхароў.

 - У нашай вёсцы багата людзей, якія не толькі памятаюць тыя калядаванні, але і самі бралі ў іх удзел, - кажа Георгій Ціманаў. - Абрад нам падрабязна пераказаў Мікалай Скамароха. І тады мы здолелі аднавіць яго ў аўтэнтычным выглядзе. Старадаўнія традыцыі зноў сталі неад'емнай часткай жыцця вёскі. Людзі ахвотна запрашаюць калядоўшчыкаў у свае хаты. "Замоў" столькі, што свята даводзіцца расцягваць на некалькі дзён. Прычым ідучы па вёсцы, "цары" часам сустракаюць і іншыя групы калядоўшчыкаў, якія ўзяліся за гэтую справу па ўласнай ініцыятыве. Дарэчы, ніводзін з актыву "цароў" не з'яўляецца прафесійным работнікам культуры. Калядоўшчыкаў ніхто не арганізоўвае і не прымушае, апрача папраўдзе унікальных носьбітаў народнай традыцыі. Прызнанне на ўзроўні UNESCO - яшчэ адно сведчанне запатрабаванасці такіх праяў народнай культуры і, адпаведна, цікавасці да іх з боку нашых сучаснікаў з розных краін свету. Замежнікі, якім давялося пабываць на "Царах", былі ў захапленні. Але ж гэта пакуль толькі адзінкавыя выпадкі. Турыстычнай прапановы, якая дазваляла б кожнаму ахвотнаму трапіць на Шчадрэц у Семежава, на рынку пакуль не існуе. Спіс UNESCO тычыцца тых аб'ектаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Вядома, яна актуальная для кожнага помніка нематэрыяльнай спадчыны - субстанцыі крохкай і далікатнай. Але ж у самой вёсцы ў сумныя перспектывы "Цароў" ніхто не верыць. - З "цароў" я ўжо толькі адзін у сталым веку застаўся, - кажа Георгій Ціманаў. - Усе астатнія - моладзь.