Днямі ў экспазіцыйным комплексе бібліятэкі адбудзецца яшчэ адна падзея з удзелам айчынных творцаў: жывапісцаў, акварэлістаў, графікаў,фатографаў. V Міжнародны фестываль пейзажа, прысвечаны народнаму мастаку Беларусі Віталю Цвірку, распачнецца вернісажам з удзелам дачкі творцы- Таццяны - 19 студзеня. Яна прадставіць на ім першы фільм пра жыццё і творчасць бацькі. Асобны акцэнт будзе зроблены на палотны мастака, якія будуць экспанавацца.
Штогадовы фестываль збірае ўдзельнікаў з розных краін свету, але гэтым разам больш шырока пакажуць свае работы беларусы: тут можна будзе пабачыць новыя палотны Уладзіміра Кожуха, Васіля Касцючэнкі, Аляксандра Забаўчыка, Дзмітрыя Сурыновіча, Святланы Катковай ды іншых. "Задача мастакоў - стварыць крэатыўны пейзаж, каб найбольш поўна прадставіць спектр гэтага жанру ў нашай краіне, - адзначае Фёдар Ястраб. - Мы хацелі б убачыць аўтарскі погляд на пейзаж: не "канстатацыю" пэўнага айчыннага ландшафту, а адносіны да яго аўтара. Тут ёсць як рэалісты, традыцыяналісты, так і наватары, творы якіх складана "ўціснуць" у межы гэтага жанру. Дэкаратыўнасць, цікавы погляд на рэчаіснасць, выява ўнутранай існасці, а не фатаграфічная дакладнасць, асоба мастака бачныя ў гэтых творах". Як дадаў Фёдар Ястраб, фестываль дае магчымасць звярнуць увагу на імя Віталя Цвіркі.