10 студзеня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску прадставіў сваім прыхільнікам спектакль "Мудрацы..." паводле знакамітага твора "На ўсякага мудраца даволі прастаты" Аляксандра Астроўскага. Рэжысёр спектакля Рыд Таліпаў вырашыў гэтую праграмную п'есу ў жанры сатырычнага рэалізму. Варта адзначыць, што гэта першая пастаноўка Таліпава ў якасці мастацкага кіраўніка Коласаўскага тэатра, хаця да гэтага на віцебскай сцэне аматары тэатра маглі бачыць такія яго спектаклі, як "Кацярына Іванаўна" Леаніда Андрэева і "Васа" Максіма Горкага. У новай пастаноўцы ролю галоўнага героя - Глумава - выканаў малады акцёр Юрый Гапееў, Круціцкага ж сыграў старэйшы акцёр віцебскага тэатра Тадэвуш Кокштыс. У іншых ролях - Раіса Грыбовіч, Аляксандр Фралоў, Вольга Куляшова, Аляксандр Базук, Ніна Абухава і іншыя.
Як распавяла "К" загадчык літаратурнадраматычнай часткі тэатра Святлана Дашкевіч, спектакль быў вельмі прыхільна і горача ўспрыняты віцебскімі гледачамі, а таксама атрымаў высокую ацэнку тэатральных крытыкаў, што наведалі прэм'еру ў горадзе над Дзвіной. І - яшчэ раз прадэманстраваў: сапраўдная драматургія не мае "ўзросту", бо застаецца актуальнай ва ўсе часы.
А 20 студзеня прэм'ерны спектакль прапануе сталічным гледачам Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр: ён прадставіць сатырычную камедыю "Бег на месцы" па п'есе Марка Разоўскага "Канцэрт Высоцкага ў НДІ". Рэжысёрам спектакля з'яўляецца мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра Мадэст Абрамаў, у ролях заняты акцёры Сяргей Журавель, Аляксандр Шароў, Лілія Арамілева, Ганна Лаухіна, Раіса Сідорчык, Юрый Баранаў, Сяргей Шаранговіч, Яўген Іўковіч, Ілля Чарапко-Самахвалаў, Дзмітрый Багаслаўскі.
На здымках: сцэны са спектакля "Мудрацы". Фота Ганны ЖЫГУР