Адчуць сябе спадарынямі

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Самым частым зваротам у гэты вечар у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі было: “Дамы і спадары!”. Менавіта так звярталіся да гасцей, а не проста да публікі, гаспадары, шматлікія мажардомы і распарадчыкі “Вялікага навагодняга балю”, зладжанага ў ноч з 13-га на 14га студзеня.

/i/content/pi/cult/246/3540/8-1.jpg

.   Ды ўсё ж самым галоўным госцем (і, адначасова, гаспадаром) стаўся генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка. Звярнуўшыся да публікі ажно на трох мовах, ён, у прыватнасці, сказаў:

- Мы адкрываем новую старонку сваёй гісторыі - "Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры". Яшчэ некалькі гадоў таму мы маглі пра гэта толькі марыць. А сёння, пасля найграндыёзнай рэканструкцыі тэатра, мара стала рэальнасцю. Мы ўпэўнены, што ініцыятыва тэатра і Міністэрства культуры вам усім прыйдзецца даспадобы і стане добрай традыцыяй. І такія балі ў нашай краіне, тут, у Вялікім тэатры, стануць частай з'явай. Нам хацелася б, каб вы, стаўшы ўдзельнікамі тэатральных версій розных баляў, атрымалі вялікае задавальненне ад духоўных зносін з дзівосным і казачна багатым светам высокага мастацтва...

Такое ў нашым тэатры папраўдзе было ўпершыню. Ужо з 20-ці гадзін вечара ў фае пачалі павольна праплываць дамы ў вячэрніх сукенках і галантныя кавалеры. Кожны з новапрыбыўшых гасцей адразу ахінаўся ўвагай: яму ўручалі праграмкі, вееры, карнавальныя маскі, святочна размаляваныя нумаркі для ўдзелу ў конкурсах. І нават праводзілі "міні-экскурсію": "Вось там зараз будуць выступаць удзельнікі дзіцячага музычнага тэатра-студыі, а тут вы зможаце навучыцца танцаваць паланез. А яшчэ зазірніце, калі ласка, туды: там намалююць ваш партрэт. А пойдзеце ў іншы бок - зможаце сфатаграфавацца з Каралём і Каралевай за святочным сталом. Ці з самой Музай".

Сапраўды, спачатку ад такой колькасці адначасовых прапаноў можна было і разгубіцца. Але ледзь толькі госці больш ці менш засвоілі "геаграфію" свята, адразу ж пачалі асвойваць прастору розных часавых вымярэнняў і краін. Цягам дзеі іх чакалі адразу некалькі баляванняў: княжацкае, рускае, венскае, а яшчэ разнастайныя канцэртныя праграмы, паказ мод ад Сашы Варламава, магчымасць самім і патанцаваць, і далучыцца да конкурсаў-гульняў, у тым ліку на лепшае прызнанне ў каханні. Усё гэта адбывалася як непасрэдна ў глядзельнай зале, так і ў фае, а таксама яго адгалінаваннях, ператвораных ва ўтульныя гасцёўні і салоны. Не абышлося і без "блазнаў": іх ролю адыгрывалі мімы, якія не толькі забаўлялі гасцей пластычнымі "каментарыямі" да бальных падзей, але і, можна сказаць, весела адукоўвалі публіку, прапануючы тэатралізавана выкладзеныя "Правілы этыкету на балі". У такой атмасферы не было падзелу на "табелі і рангі": сярод удзельнікаў бальнай гасцёўні, дзе Наталля Фурман у ролі Танцмайстра навучала паланезу, пад адной з карнавальных масак можна было пазнаць намесніка генеральнага дырэктара па творчых і ідэалагічных пытаннях Валерыя Гедройца.

/i/content/pi/cult/246/3540/8-2.jpg- Мы вырашылі паглядзець, - падвяла папярэднія вынікі рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская,- што атрымаецца, наколькі такія балі запатрабаваны грамадскасцю. Я, да прыкладу, атрымала каласальнае задавальненне, калі ўбачыла, колькі людзей хоча навучыцца танцаваць паланез. Мы баяліся, што публіка будзе крыху скаванай. Ажно не: усе пачуваюць сябе на сапраўдным свяце. На жаль, апошнім часам мы рэдка адзначаем святы разам. А гэта ж так цудоўна!

- Гэтым Навагоднім балем, - дадаў музычны кіраўнік праекта, дырыжор Вячаслаў Воліч,- мы, з аднаго боку, хацелі б прадоўжыць былыя бальныя традыцыі, што цягам стагоддзяў складаліся не толькі ў замежжы, але і ў нас на Беларусі. З іншага боку, такая форма святкавання далучае нас і да сучасных еўрапейскіх традыцый, дзе падобныя балі-карнавалы збіраюць як самую элітную, так і даволі дэмакратычную публіку.  

Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"