Супервокладка для паэзіі

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы працуе унікальная выстаўка пад назвай “Святло Купалавай паэзіі”, прысвечаная 80-годдзю народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны Арлена Кашкурэвіча. У экспазіцыю ўвайшлі амаль усе творы купалаўскай тэматыкі мастака, якой ён прысвяціў больш за палову жыцця.

/i/content/pi/cult/246/3537/7-1.jpg

 

З творчасцю Арлена Міхайлавіча я ўпершыню пазнаёміўся яшчэ ў сярэдзіне 1960-х, калі ён праілюстраваў купалаўскія "Тры паэмы". І вось тады я зразумеў, што Кашкурэвіч - вялікі майстар рамантычнай ілюстрацыі. Той, у каго гэтая кніга ёсць у асабістай бібліятэцы, памятае супервокладку. Вядома, што мастак, які працуе над суперам, адразу вырашае некалькі задач: прыцягвае ўвагу чытача, упрыгожвае кнігу і знаёміць з яе зместам. Арлен Кашкурэвіч выканаў яе ў стрыманых цёмна-шэрых тонах, што ажыўляюцца толькі невялікай чырвонай плямай. У цэнтры - Гусляр, герой паэмы "Курган", які смелай, праўдзівай песняй выклікае гнеў князя-тырана. Так мастак настройвае чытача на асаблівы лад успрымання купалаўскіх паэм, падкрэсліваючы веліч і драматызм падзей, апісаных у іх.

Цікавая вобразная мова ілюстрацый да паэмы "Курган". Вось стары Гусляр, што запрошаны ў палац Князя. Тут мастак супрацьпастаўляе дзве сілы: магутнага дэспата са світай і свабодалюбнага песняра. Князь пададзены на першым плане ва ўвесь рост. У яго моцная ўлада, але ён бяссільны перад старым, які сядзіць з гуслямі на прыступках замка.

Яшчэ адна карціна: узброеная варта вядзе Гусляра на пакаранне. Моцна прыціснуў ён гуслі да грудзей, галава горда ўзнята... Так раскрываецца галоўная ідэя паэмы - неўміручасць народа. Між іншым, гэтая ідэя пранізвае ўсё мастацтва Кашкурэвіча, як і тэмы вечнай барацьбы дабра са злом, святла і цемры, вайны і міру, кахання і нянавісці...

Цудоўныя малюнкі да паэмы "Бандароўна". Гераіня ўцякае ад гайдукоў, наперадзе - непраглядная цемра, ззаду - белае поле. Такі кантраст чорнага і белага ўзмацняе драматызм дзеяння. Вось яшчэ адна кампазіцыя: фігура пана Патоцкага, што нагадвае цень Каршуна, нахілілася над безабароннай дзяўчынай.

Ілюстрацыя да паэмы "Магіла льва" - сцэна забойства Машэкі Наталкай.Мастак вельмі таленавіта паказаў няшчасную гераіню: мы бачым толькі сілуэт дзяўчыны, якая бяжыць, яе галава рэзка павернута назад. Цела ж забітага Машэкі зліваецца з фонам і нібы раствараецца ў ім.

Арлен Міхайлавіч ілюстраваў шмат твораў Купалы. Гэта і асобнае выданне паэмы "Курган" - маленькая, зграбная кніжачка 1967 года, і вялікая серыя станковых каляровых літаграфій па матывах паэзіі Песняра, і трыпціх да трагікамедыйнай п'есы "Тутэйшыя", і ілюстрацыі да знакамітай "Паўлінкі". Яго апошняя работа ў выстаўленай Купаліяне - серыя работ да паэмы "Сон на кургане", якая створана ў 2007 годзе, таксама прадстаўлена ў экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/246/3537/7-3.jpg

Словам, мастак увайшоў у свет купалаўскіх твораў не пабочным назіральнікам, а "знутры" - усхвалявана і натуральна. Ён пасапраўднаму - сааўтар Паэта.

На выстаўцы можна ўбачыць таксама кнігі з бібліятэк Мінска і Дзяржаўнага музея Янкі Купалы, дакументальных матэрыялаў з асабістага архіва мастака: узнагарод за лепшае афармленне купалаўскіх твораў, фотаздымкаў Арлена Міхайлавіча, ягонай сям'і ды сяброў.

Успамінаюцца ёмістыя і дакладныя словы Уладзіміра Караткевіча, сказаныя калісьці ім пра Арлена Кашкурэвіча: "Ён - мастак гісторыі і сучаснасці, рамантык і рэаліст. Рамантык - бо беларус, рэаліст - бо чалавек зямлі. А

можа, і наадварот. Так альбо інакш, але ўсе мы ў наш хрышчоны бомбамі нялёгкі час, мабыць, звар'яцелі б, калі б не былі і тымі, і другімі".

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"