ПEРАЖЫЦЬ “Галоўную ролю”

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Беларуская дакументалістыка знаходзіцца на традыцыйна высокім узроўні. Яшчэ аднім падцвярджэннем гэтаму стаў дыплом і ўключэнне карціны Віталя Любецкага “Галоўная роля” ў спіс дваццаці лепшых стужак года на Трэцім Расійскім адкрытым фестывалі дакументальнага кіно “Артдакфэст”, які праходзіў у снежні ў Маскве. Крыху раней стужка прымала ўдзел у Фестывалі расійскага кіно ў Лондане. Як ні дзіўна, гэты цікавы твор зняты не на “Беларусьфільме” і не на “Белвідэацэнтры” — асноўных вытворцах кінавідэапрадукцыі ў нашай краіне, а на невялічкай студыі сталічнага Свята-Елісавецінскага манастыра. Пра стужку, яе стваральнікаў і перспектыву праваслаўнага кіно на Беларусі вырашыў даведацца карэспандэнт “К” напярэдадні вялікага праваслаўнага свята — Вадохрышча.

/i/content/pi/cult/246/3536/6-1.jpg

Споведзь на экране

Шчырая споведзь на экране - з'ява не самая распаўсюджаная. Што цалкам зразумела: выказаць самае патаемнае перад камерай вельмі цяжка. У гэтым сэнсе "Галоўная роля" - стужка унікальная. Не можа не ўражваць паказаны ў карціне Віталя Любецкага расповед маладой жанчыны пра сябе, пра свой страшны дыягназ, смерць бацькі, хваробу маці, пра адчай і надзею, пра марныя пошукі і спробы выратавання, пра галоўную ролю, якую, нарэшце, давялося ёй, актрысе па прызванні ды адукацыі, сыграць у жыцці. Імя Ксеніі Ангелавай добра вядомае ўсім, хто ў сярэдзіне 1990-х - пачатку 2000-х слухаў мінскія FM-радыёстанцыі і глядзеў забаўляльныя праграмы на тэлебачанні. Але мала хто ведае, што прыкладна ў той самы час Ксенія даведалася пра тое, што заразілася вірусам імунадэфіцыту. Некалькі гадоў яна знаходзілася ў дэпрэсіі, але, у выніку, прыйшла да ўсведамлення неабходнасці духоўнага жыцця, стала глыбока веруючым чалавекам. А неўзабаве напаткала асабістае шчасце: Ксенія сустрэла каханага, выйшла замуж і нарадзіла двух здаровых дзяцей... Ніякі пераказ споведзі гераіні "Галоўнай ролі" не можа перадаць эмоцый, якімі прасякнута стужка. Па форме карціна ўяўляе з сябе маналог, які здымаўся цягам некалькіх дзён у розных інтэр'ерах, на вуліцах і плошчах Мінска, на прыродзе. На прэстыжныя фестывалі беларускую карціну бяруць нездарма, бо зроблена яна з вялікім майстэрствам і асаблівым, светлым пачуццём: аператар, які фіксаваў маналогі Ксеніі,- яе муж Улад Даніловіч. У гэтым сэнсе "Галоўная роля" - унікальная з'ява нават для сусветнага кіно. - Гэта толькі здаецца, што сваю жонку лёгка здымаць, - усміхаецца Улад Даніловіч. - Насамрэч, куды цяжэй, чым чужога чалавека: аператар не павінен адрываць увагу ад сваёй апаратуры, ён вымушаны сачыць за самім працэсам здымак, а дадатковыя эмоцыі могуць толькі замінаць гэтаму. Пад час працы над стужкай даводзілася абстрагавацца ад многага. Ксенія таксама здолела справіцца з сабой, на некалькі гадзін "забыцца" на тое, хто стаіць па той бок камеры. Вынікам мы ўсе вельмі задаволены - спадзяёмся, гісторыя Ксеніі дапаможа шмат каму з моладзі, якая яшчэ толькі шукае сваё месца ў жыцці... З Уладам Даніловічам цалкам згодны і рэжысёр "Галоўнай ролі" Віталь Любецкі - малады чалавек, які прыйшоў у рэжысуру праз акцёрства. Пра здымкі і працу на студыі ён расказвае з вялікім натхненнем, якое не часта ўбачыш на тварах нашых дакументалістаў. - Калі мы прыехалі ў Маскву, шмат хто з гледачоў і ўдзельнікаў фестывалю ставіўся да нас, так бы мовіць, крыху паблажліва: пэўна, чакалі ўбачыць у нашай карціне нейкую пропаведзь. Аднак, калі скончыўся прагляд, мы пачулі вельмі станоўчыя водгукі, па тварах людзей было бачна, як яны ўражаны... Грамадская каштоўнасць "Галоўнай ролі" не толькі ў тым, што ў стужцы прадэманстравана годнае жыццё чалавека з ВІЧ-інфекцыяй. Галоўная гераіня за трыццаць дзве хвіліны экраннага часу на вачах у гледача перажывае глыбінную трансфармацыю. Актыўны чалавек з відавочным мастацкім талентам, прайшоўшы праз цяжкія духоўныя і фізічныя выпрабаванні, у выніку знаходзіць сябе, здаецца, у самых простых прызначэннях: быць маці, кахаць і быць каханай. Трэба адзначыць, педагагічны эфект ад прагляду "Галоўнай ролі" куды больш глыбокі, чым ад сотні ролікаў сацыяльнай рэкламы. Няма сумневу, яго аўтары і разлічвалі на такі эфект, бо работы студыі пры Свята-Елісавецінскім манастыры разлічаны ў першую чаргу на маладое пакаленне.

 

З верай у надзею

Студыя Свята-Елісавецінскага манастыра ў гонар святога пакутніка Іаана Воіна была заснавана пяць гадоў таму як заканамернае развіццё мясцовай студыі аўдыёзапісу. Пачалі здымаць сапраўднае дакументальнае кіно ў класічным яго разуменні. Сярод яе прадукцыі - хроніка жыцця манастыра, запісы богаслужэнняў. - Мы прыкладаем усе намаганні, каб нашы стужкі былі сапраўды мастацкія, не нагадвалі звычайныя тэлевізійныя перадачы, - тлумачыць кіраўнік студыі, манахіня Іаанна (Арлова). - Мы арыентуемся на лепшыя ўзоры сусветнай дакументалістыкі і ігравога кіно, якасць і мастацкая вартасць для нас вельмі важныя. Нашы аўтары не абмежаваны нейкімі канонамі - яны маюць абсалютную свабоду самавыяўлення. Мы не абцяжараны пэўным тэматычным планам, які абавязкова трэба выканаць. Невялікія памеры студыі дапамагаюць нам дзейнічаць мабільна. Рэжысёры самі прыходзяць да нас з ідэямі. Галоўнае - каб работы нашых аўтараў не былі простым назіраннем, а дапамагалі людзям вырашаць іхнія праблемы. Тое ж самае можна сказаць і пра "Галоўную ролю". Асноўнае прызначэнне гэтай і іншых нашых стужак - даць чалавеку надзею. Нягледзячы на юны ўзрост, студыя Свята-Елісавецінскага манастыра ўжо добра вядомая, і не толькі сярод спецыялістаў: дыскі са стужкамі прадаюцца пры праваслаўных храмах па ўсёй Беларусі і за яе межамі, дэманстраваліся па тэлебачанні. Мае студыя аўтарытэт і сярод саміх кінематаграфістаў. Скажам, адзін з самых вядомых беларускіх рэжысёраў-дакументалістаў - Галіна Адамовіч якраз працуе тут над сваёй новай карцінай. - Атмасфера ў нас адрозніваецца асобым прафесійным духам, - кажа дырэктар студыі Аляксандр Гаранец. - Над кожнай стужкай працуем з асаблівым энтузіязмам. Людзі, што сабраліся на студыі, ствараюць унікальную каманду, патэнцыял якой цалкам яшчэ не раскрыты. Упэўнены, студыя будзе толькі пашыраць сваю дзейнасць: усе перадумовы для гэтага існуюць. Да слоў кіраўніцтва студыі даводзіцца прыслухоўвацца: кожны з супрацоўнікаў - цікавая асоба, якая трапіла ў свет кінамастацтва невыпадкова, мае неабходную мастацкую адукацыю. Маці Іаанна і Віталь Любецкі ў мінулым годзе скончылі рэжысёрскія курсы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Улад Даніловіч - аператар па адукацыі і прызванні, шмат гадоў працаваў у якасці мастакапастаноўшчыка, здымаў тэлевізійныя серыялы для расійскіх каналаў, аўтар самай апошняй па часе стужкі студыі "Сінергія" - Максім Міхальцоў скончыў майстэрню знакамітага Эміля Лацяну на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у расійскай сталіцы. Сам Аляксандр Гаранец доўгі час працаваў на "Беларусьфільме", быў адным з пачынальнікаў маладзёжнага студыйнага руху напрыканцы 1980-х, пасля працяглага перапынку і заняткаў камерцыйнай дзейнасцю вярнуўся ў кіно. Паказальна, што яго прывабіла праца менавіта на невялічкай манастырскай студыі, дзе ўсё даводзіцца рабіць самастойна. Такога штату, як, напрыклад, на "Беларусьфільме", у студыі ў гонар Іаана Воіна, зразумела, няма. - Бюджэт кожнай стужкі даводзіцца разлічваць вельмі дакладна, бо ў сродках мы абмежаваны: іх нельга параўнаць з бюджэтамі здымак на вялікіх студыях, - дзеліцца матушка Іаанна. - Але мы разлічваем на самую шырокую аўдыторыю, найперш праваслаўную, працуем над тым, каб наша кіно ўбачылі і за мяжой, прапануем яго тэлеканалам. Шмат увагі надаём паказам мэтавай аўдыторыі. Мы часам жартуем: нашы стужкі - толькі кроплі, але, як вядома, кропля камень точыць. Перабудаваць свядомасць чалавека нельга, але дапамагчы ў складаным жыцці, вызначыць нейкія арыенціры - магчыма.

 /i/content/pi/cult/246/3536/6-2.jpg

Супрацьяддзе "папсе"

Трэба адзначыць, што тэма духоўнага, рэлігійнага кіно цяпер надзвычай папулярная ва ўсім свеце. Гэта відаць і па колькасці тэлеканалаў адпаведнага напрамку, і па праграмах міжнародных кінафестываляў, якія надаюць такім стужкам усё большую ўвагу. Высокае мастацтва экрана ўсё часцей звяртаецца да пытанняў духоўнага развіцця чалавека. Дастаткова ўспомніць мінулагодняга пераможцу Канскага фестывалю - аўстрыйскага рэжысёра Міхаэля Ханэке і ягоную карціну "Белая стужка". Беларусь не толькі не застаецца ў баку ад гэтых працэсаў, але і актыўна ў іх удзельнічае. Дастаткова ўспомніць каталіцкі фестываль хрысціянскіх стужак "Magnificat", які мінулым летам пяты раз з вялікім поспехам прайшоў у Глыбоцкім раёне, шэраг дакументальных работ аб духоўных святынях і асобах нашай Бацькаўшчыны, што выпушчаны айчыннымі кінематаграфістамі. Дзейнасць дакументальнай студыі пры СвятаЕлісавецінскім манастыры - яшчэ адно пацвярджэнне гэтай сусветнай тэндэнцыі. - Праваслаўная Царква імкнецца як мага больш прысутнічаць у медыя-прасторы, прычым робіць гэта максімальна сучаснымі спосабамі. Працу студыі ў гонар Іаана Воіна ў гэтым рэчышчы трэба ацэньваць вельмі станоўча, - кажа беларускі святар, айцец Павел Сярдзюк, які сам шмат часу аддае працы са сродкамі масавай інфармацыі. - Творцы са студыі не сталі выконваць функцыі нейкага "агенцтва" пры манастыры. Стужкі вытворчасці калектыву можна назваць экзістэнцыйнымі, бо яны спрабуюць пранікнуць у самую сутнасць чалавечага існавання і яго праблем. Лічу, што такі напрамак кінамастацтва павінен мець у нас вялікія перспектывы. Гэтыя работы - лепшае супрацьяддзе "папсе", якая захапіла сучаснае тэлебачанне, бо накіраваны яны на людзей думаючых, неабыякавых да чужога і свайго лёсу. * * * І праўда, абыякавых пасля стужак кшталту "Галоўнай ролі" не застаецца. Асабліва ўражвае апошні эпізод, калі гераіня з мужам выходзяць з кабінета, дзе ім кажуць, што ВІЧ-інфекцыі ў іхняй дачкі ўсё-такі няма... Гэта рэдкі момант у дакументальным кіно: глядач разумее, што сюжэт з фінальнымі цітрамі толькі пачынаецца...