Памылка 404, або Чаму “mastaka” – NET?

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Імёны народных мастакоў Беларусі, іншых нашых сталых майстроў і творцаў-пачаткоўцаў часцяком сустракаюцца ў абмеркаваннях на расійскіх ды ўкраінскіх інтэрнет-форумах. Але, на дзіва, у нашай краіне пакуль няма ніводнай больш-менш запамінальнай віртуальнай пляцоўкі, што прадстаўляла б гісторыю і сучасны стан айчыннага выяўленчага мастацтва, абмеркаванне яго актуальных праблем ці хаця б уражанні ад выставак. Таксама незразумела, чаму мастакі, якіх ведаюць ва ўсім свеце і якія нярэдка выстаўляюцца ў сталічных ды рэгіянальных галерэях, у абсалютнай большасці выпадкаў не маюць сваёй старонкі ў Сеціве. Таму і пошукавік не выдасць пра іх свежай інфармацыі — як ні фармулюй запыт. Пасля доўгіх гадзін блукання па Сусветным Павуцінні з мэтай знайсці сайты, прысвечаныя непаўторным айчынным творцам, назбірала усяго некалькі вартых увагі прыкладаў. Што ж перашкаджае, скажам, нашым жывапісцам папулярызаваць сябе праз Інтэрнет? І ці патрэбна ім гэта ўвогуле?

 

Жывапіс з экрана

Навошта патрэбна бачыць айчыннае мастацтва ў Сеціве сучасным гледачам, стала зразумела не сёння, а ўжо даўно. Колькі слоў пра асобу аўтара ды некалькі рэпрадукцый самых вядомых работ могуць дапамагчы тым, хто не можа наведаць нашы выставачныя залы, і, магчыма, прывабіць тых, хто раней гэтага не рабіў. Памятаю, гады тры таму знайшла даволі ўдалы сайт, дзе прадставілі своеасаблівы ілюстраваны даведнік па беларускіх майстрах пэндзля. Работы можна было запампаваць і выкарыстаць, скажам, у якасці фону на рабочым стале камп'ютэра, хоць гэта, вядома, і не лепшыя зносіны з творам мастацтва: пікселі не заменяць мазкоў пэндзля і не адлюструюць тэхніку майстра. Асабліва гэта адчувальна, калі сутыкаешся з "жывым" палатном і бачыш яго пасля ў штучным, "закансерваваным", варыянце звычайнай ілюстрацыі ў фармаце "JPEG". Але ўсё ж такі пачын - ёсць. Запомніць назву згаданага сайта аказалася справай даволі складанай (што з'яўляецца відавочным мінусам у web-прасторы). Таму і звярнуцца да яго сёння, каб прааналізаваць змены, не змагла. Не дапамог і пошук. Магчыма, сайта папросту не існуе. Шмат згадак у розных інтэрнет-каталогах вядзе нас на сайт, дамен якога выглядае гучна і актуальна ў рэчышчы сённяшняй тэмы: "mastak". Знойдзеныя анонсы распавядаюць аб ім як аб унікальным у краіне партале, што аб'ядноўвае творцаў, а таксама форум, дзе можна абмеркаваць усе пытанні, якія цікавяць аматараў мастацтва. Што маем у выніку? Гэты дамен цяпер належыць прыватнай фірме, што займаецца веб-дызайнам, а форум спасылаецца на "памылку 404" - сімвал няіснай старонкі, якая раней размяшчалася па гэтым адрасе. Таксама не прывядуць нас да твораў мастацтва даменныя імёны кшталту "kartina", "palitra" ды шматлікія іншыя са словаформай "аrt", якія былі б тут самымі трапнымі. Такіх старонак у большасці выпадкаў ужо няма, хоць яны і выдаюцца ў пошуку. Застаецца яшчэ невялікі працэнт сайтаў, зробленых літаральна "сваімі рукамі" ў адпаведных сістэмах, аднак пры значным кроку наперад інтэрнет-тэхналогій іх мінімальныя тэхнічныя магчымасці пры вельмі слабым дызайне выглядаюць часцяком анахранізмам. Іншая справа, што, паводле вядомай прыказкі, на бязрыб'і...  

 

Крышку фарбы ў Інтэрнет

Віртуальная база даных па творчасці самых вядомых жывапісцаў, графікаў, скульптараў і іншых творцаў - патрэбная. Гэта не раз адзначалі ў сваіх даследаваннях вядомыя мастацтвазнаўцы. І, як распавёў карэспандэнту "К" старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч, у хуткім часе - праз месяц ці крыху болей - павінен з'явіцца сайт гэтага грамадскага аб'яднання, што мае стаць такой базай: "Першае, для чаго ён патрэбен, - гэта стварыць рэкламу нашым мастакам, папулярызаваць іх сярод беларускага і замежнага насельніцтва. Важны тут інфармацыйны момант: біяграфія можа шмат што растлумачыць у творчасці. Асабіста для мяне найцікавейшая - сувязь паміж людзьмі. А электронным спосабам яна ажыццявіцца хутчэй і прасцей. Зараз над сайтам актыўна працуюць людзі, на ім можна будзе даведацца пра бягучыя выстаўкі, а таксама пра экспазіцыйныя залы. На доўгі час работа над сайтам была прыпынена, паколькі вынікі конкурсу на стварэнне нашага фірмовага стылю, што праводзіўся паміж членамі Саюза, мякка кажучы, не парадавалі: яны не адпавядалі аніякім патрабаванням. Шавец без ботаў - гэта, на жаль, пра наш выпадак. Спадзяюся, зробленае можна будзе хутка ацаніць. Сам адчуваю, што патрэбна стварыць сайт як мага хутчэй!" Што хацелася б пабачыць на гэтай пляцоўцы чалавеку, які цікавіцца мастацтвам? Безумоўна, раздзелы, дзе знайшлося б месца аналітычным матэрыялам па творчасці таго ці іншага аўтара, крытычныя артыкулы і юбілейныя нарысы, роздумы маладых і вопытных журналістаў ды мастацтвазнаўцаў, крытыкаў, экскурсы ў гісторыю. Але галоўнае - каб запланаванае ажыццяўлялася, сайт рэгулярна абнаўляўся і выклікаў рэакцыю ў гледачоў і саміх мастакоў. Можна скарыстаць удалы досвед суседзяў: на адным з прафесійных расійскіх форумах актыўна абмяркоўваюць стылі і накірункі мастацтва мінулага і сучаснасці, дзеляцца апошнімі навінамі "хто, дзе, калі вылучыўся", "жывуць" тут і такія тэмы, як грошы ў мастацтве, правілы ўвозу-вывазу карцін за мяжу, экспертыза, кошт, ацэнка, рэстаўрацыя ды шмат якія іншыя. Дарэчы, у самога Уладзіміра Савіча асабістай інтэрнет-старонкі няма. Зрэшты, "хацеў бы, але ніяк не збяруся" - гэта першы адказ, які можна пачуць ад многіх сталых майстроў. А ёсць і тыя, хто "сабраўся" ўжо даўно. Першы сайт Міколы Бушчыка пачаў працаваць 10 гадоў таму, а сёння ў яго іх - тры. Самы апошні - проста твор мастацтва, які элегантна і стыльна паказвае аўтара як гіда ў сваёй віртуальнай галерэі, што выглядае, не раўнуючы, бы рэальная. Прадстаўлены здымкі работ, якія можна праглядаць у розных памерах. Яны размеркаваны па перыядах і тэхніках. Інтэрпрэтацыю жывапісу можна прачытаць у раздзеле для публікацый са СМІ. Біяграфія, кніга водгукаў, апошнія навіны з насычанага творчага жыцця майстра... Мікола Бушчык кажа, што вельмі задаволены тым, як працуе кампанія, якая займалася стварэннем і падтрымкай гэтага сайта: "Многія мае сябры тэлефануюць і з захапленнем кажуць, што ён надзвычай удалы. Хаця сам я не вельмі часта звяртаюся да яго, але ж прыемна бачыць добрыя водгукі гледачоў".  

 

Адзіная праява інтэрактыву

Можна знайсці ў Сеціве пляцоўкі, якія аб'ядноўваюць некалькіх творцаў разам. Гэта можа быць web-збор нарысаў пра вядомых мастакоў з ілюстрацыямі, якія праглядаюцца ў паўнафарматным памеры. Шкада, што на такіх праектах адзіная праява інтэрактыўнасці - толькі адрас электроннай пошты аўтара рэсурсу. Даволі шмат маладых жывапісцаў, якія яшчэ не зрабілі сабе гучнае імя, ствараюць прывабныя на выгляд камерцыйныя праекты. Графікі, ілюстратары, фларысты, карыкатурысты, фатографы зрабілі Інтэрнет добрым сродкам для прываблівання заказчыкаў. Падобныя рэсурсы прапануюць побач з работамі, якія могуць вам даставіць дадому, бланк для пакупкі. Адзін з такіх сайтаў - старажыл байнета: свой адлік вядзе з 1995-га. Гродзенская "Галерэя Тызенгауза" размяшчаецца ў Інтэрнеце ўжо каля пяці гадоў. Спіс прадстаўленых тут аўтараў даволі вялікі: каля 25 чалавек. Усе яны, па словах дырэктара ўстановы Галіны Сарока, калісьці выстаўляліся тут, і новыя мастакі могуць трапіць у віртуальную галерэю толькі пасля паказу ў рэальнай. Дарэчы, стварыў сайт адзін з мастакоў - экспанентаў галерэі. Такія ініцыятывы - станоўчая з'ява. У падобных выпадках знаёмства гледача з творамі адбываецца для маральнага задавальнення, так бы мовіць, для душы. Некаторыя мастакі знаходзяцца на такім узроўні поспеху, што могуць сабе дазволіць і не ставіць пад здымкам карціны спасылку "набыць", а заказваюць старонку з імянным даменам як людзі, што жывуць у рытме часу. Але часта чытаеш і зусім процілеглае: "Зраблю копіі вядомых класічных твораў мастацтва для вашай гасцёўні, напішу на заказ партрэт з вашага фотаздымка". Аднойчы прапаноўвалі ажно сем (!) спосабаў аплаты карціны, а вось у біяграфіі аўтара на галоўнай старонцы пазначана хіба "прафесіянал", праўда - з невядомым мастацкай грамадскасці імем.

 

"Прасоўваць" мастацтва - танна?

Ёсць і зваротны бок медаля, пра які распавёў Мікола Бушчык. - Аднойчы мне патэлефанаваў сябра і заўважыў: "Ці не час табе ўжо змяніць манеру? Надта ж ты становішся падобным да мяне!" Яму падалося, што я падгледзеў у яго нейкі момант. Калі выкладзеных у глабальную сетку твораў становіцца надта шмат, ніхто не застрахаваны ад таго, што тваю тэхніку, сюжэт ці яшчэ нешта пераймуць. На свае вочы бачыў, як у Варшаве адзін мастак выкарыстаў маё, унікальнае, у сваёй творчасці. Многія мае знаёмыя катэгарычна супраць таго, каб выкладваць карціны, што вымагаюць столькі часу, высілкаў, сродкаў, у свабодны доступ. Асабліва гэта тычыцца тых, хто піша павольна, рэдка прадстаўляе новыя работы. Толькі пакажа, закрыецца выстаўка, глядзіш - а нехта хутка паўтарыў. Што ж, гэтая думка даволі слушная. Магчыма, страх быць паўтораным і стрымлівае некаторых творцаў. Але прапаную гіпотэзу, што ёсць яшчэ адна перашкода. Стварыць або заказаць у нейкай кампаніі на самой справе якасны і сучасны сайт для чалавека, які раней з падобнымі праектамі не сутыкаўся, - даволі складаная і нятанная справа. Праўда, бюджэт такога праекта ўсё ж меншы за прыбытак ад адной якаснай прададзенай карціны, што набыў інтэрнет-пакупнік. Не надта ахвотна звяртаюцца да такой тэмы і тыя, хто стварае сёння аблічча "байнета". Чаму б не зрабіць адпаведныя сайты, каб хутчэй запоўніць пустую нішу? А яна сапраўды пустая: паспрабуйце прыгадаць месца, дзе віртуальна сустракаюцца шмат аматараў выяўленчага мастацтва? Фатографы яшчэ як-ніяк гуртуюцца, а тых, хтопрацуе фарбамі, не знайсці ў віртуальнай прасторы. Рыхтуючы артыкул, звязалася з некалькімі фірмамі, што займаюцца стварэннем і прасоўваннем сайтаў. Распрацоўшчык сайтаў Андрэй Падлубны, які некалькі гадоў працуе над праектамі на самыя розныя тэмы, кажа: "Сярод шматлікіх сайтаў, якія я распрацоўваў, тэма мастацтва займае найменшае месца. Ёсць толькі адна веб-пляцоўка, якая расказвае пра аднаго з экслібрысістаў, сябра маёй сям'і. Але, ствараючы канцэпцыю, я не стаў спыняцца толькі на яго асобе і работах. Захацелася стварыць добры сайт, дзе атрымалі б карысную інфармацыю як мага больш людзей: тут можна знайсці матэрыялы пра мінскія выставачныя залы, з'яўляюцца тэксты пра экспазіцыі, якія дзейнічаюць цяпер. Мы хацелі б, каб беларускія мастакі дадавалі сюды фотаздымкі сваіх работ: ёсць добрыя магчымасці для стварэння іх віртуальных галерэй. Да любой з іх і да ўсіх тэкстаў можна напісаць каментарый, чытачы ж змогуць усё абмеркаваць, бо, я лічу, без інтэрактыўнасці сайта не існуе. Але надта ж мала тых, хто гэтым цікавіцца (З гэтага вынікае і малая колькасць наведванняў; да прыкладу, лічыльнік на старонцы аднаго папулярнага жывапісца зафіксаваў днямі 15 праглядаў за суткі. - А.С.). Мала і тых, хто можа нешта купіць, - таму і рэкламадаўцам такая пляцоўка не патрэбна. Праца над гэтым магчымая для мяне ў выпадку, калі ёсць нейкая асабістая зацікаўленасць". Такога ж меркавання прытрымліваецца і распрацоўшчык сайтаў Андрэй Голубеў: "Стварыў некалькі просценькіх праектаў для людзей з гэтага асяроддзя, але яны не патрабуюць пастаяннай падтрымкі, аптымізацыі. Якая можа быць аптымізацыя, калі запытамі на тэму мастацтва карыстаецца мізэрная колькасць людзей? Аднаразовая праца можа быць, калі да мяне звернуцца зацікаўленыя ў гэтым людзі, але зразумела, што бюджэт будзе значна ніжэйшы, чым у іншых праектах, што дакладна тычацца бізнесу".

 

*** Атрымліваецца, што ў якасных сайтах не зацікаўлены як самі мастакі, так і тыя, хто мог бы іх зрабіць. Толькі адзінкавая ініцыятыва выратоўвае сітуацыю. Але нават калі і хацелася б выказаць сваё стаўленне да нейкай культурнай падзеі, трэба яшчэ пашукаць інтэрнет-пляцоўку, дзе ёсць форма адпраўкі каментарыяў ці адпаведны форум. А можа, і лепш, што творчая моладзь "адліпне" на час ад манітораў і наведае музей? Аднак замежных сайтаў па мастацтве - мора, тут знойдзецца творчасць на любы густ. Ды, назіраючы за жывапісам усяго свету са свайго пакоя за камп'ютэрам, час задумацца, каб хтосьці "адтуль" зазірнуў і на нашу web-галерэю.