“Дзе тут вучаць на Сінатру?”

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Пра тое, што беларуская кампазітарская і выканальніцкія школы акадэмічнага кшталту — адны з лепшых у свеце, сёння ведаюць, здаецца, усе. Тым больш, пра гэта сведчаць пастаянныя перамогі нашай творчай моладзі на самых прэстыжных міжнародных конкурсах і фестывалях. А што ж з падрыхтоўкай эстрадных музыкантаў? Ці адпавядаюць нашы маладыя эстрадныя спевакі, інструменталісты, аранжыроўшчыкі сусветнаму ўзроўню? І што трэба зрабіць, каб і ў галіне эстрады мы былі “наперадзе планеты ўсёй”?

 

/i/content/pi/cult/246/3534/4-1.jpgГэтым і многім іншым пытанням быў прысвечаны нядаўні Рэспубліканскі семінарпрактыкум, што адбыўся ў Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.Глінкі і сабраў прадстаўнікоў з розных рэгіёнаў краіны. Ён доўжыўся два дні і ўключаў як тэарэтычна-метадалагічныя даклады, так і практычныя майстар-класы, правядзенне фрагментаў "адкрытых урокаў", а таксама канцэртную праграму і "круглы стол". Але ж хіба магчыма вырашыць праблему адным такім семінарам? Добра, што ён дапамог абагульніць набалелыя пытанні, садзейнічаў перайманню назапашанага вопыту. Усе пагаджаліся, што падобныя пачынанні трэба працягваць, рабіць рэгулярнымі.

 Базіс і "надбудова"

Што ж, у акадэмічнай музыцы ўсё прасцей. Вучыцца ёй, мабыць, яшчэ больш складана, але там закладзены глыбокія педагагічныя традыцыі, на якія і абапіраецца ўся цяперашняя сістэма навучання. Замежнікі (якія, дадамо, усё часцей прыязджаюць вучыцца ў тую ж Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі) адразу адзначаюць пераемнасць і сістэмнасць нашага навучання. Для адбору адораных дзяцей існуе разгалінаваная сетка дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, чарговай прыступкай на шляху да музычнага Алімпа становяцца музычныя вучылішчы ці каледжы, замыкаюць жа піраміду Акадэмія музыкі з яе абласнымі філіяламі і, нарэшце, магістратура і аспірантура. Асновы цяперашняй музычна-выкладчыцкай школы закладаліся больш як 85 гадоў таму. На працягу ўсяго гэтага часу да нас ехалі і едуць лепшыя расійскія і еўрапейскія музыканты, кожны з якіх у той ці іншай меры садзейнічае пашырэнню педагагічных кругаглядаў. Сапраўды, акрамятаго, што беларускія кампазітарская і выканальніцкая школы сталі пераемнікамі і нашчадкамі рускай, у сучасных умовах яны ўзмацняюцца найноўшымі заходнімі метадалогіямі і распрацоўкамі. Эстрада ж у савецкія часы заставалася "падчаркай". Нават джаз, прызнаны сёння "класікай", то дазваляўся, то забараняўся. Што ж казаць пра іншыя эстрадныя напрамкі? Вядома, адбівалася гэта і на школе. Айчынны Інстытут культуры (цяпер гэта Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў) адкрыўся толькі ў 1975 годзе. Эстраднае аддзяленне ў Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.Глінкі - ажно ў 1983м. У рэгіёнах жа гэтая праца працягваецца і цяпер. А ці ёсць у нас, дарэчы, эстрадна-джазавыя аддзяленні ў дзіцячых музычных школах? Думкі наконт як мага больш ранняй спецыялізацыі юных музыкантаў разыходзяцца. І гэта нармальна, бо паўсюль (а тым больш - у музыцы) патрабуецца індывідуалізаваны падыход. З аднаго боку, нот усяго сем, дый музычная грамата аднолькавая для ўсіх стыляў. З іншага, кожны музычны напрамак мае свае прынцыпы. Як жа сумясціць несумяшчальнае? Дый ці сапраўды два гэтыя падыходы - несумяшчальныя?

Замкнёнае "джаз-кола"

 - Галоўная праблема эстраднай адукацыі ў тым, - дзеліцца сваім меркаваннем кампазітар Алег Елісеенкаў, які сумяшчае творчасць з выкладаннем у БДУКіМ, - што любыя педагагічныя метады базіруюцца на ўстойлівых прынцыпах і традыцыях. Эстрадная ж музыка змяняецца так хутка, што навучанне "ўчарашнім" прынцыпам становіцца неактуальным і непатрэбным. Таму, на мой погляд, выйсце адно: абапірацца на музычныя традыцыі ўвогуле, але пры гэтым памятаць пра эстраду. Бадай адзінае, што можа сёння лічыцца трывалай эстраднай традыцыяй, - гэта джаз. Ён і павінен стаць базісам эстраднай адукацыі. Усё астатняе- павінна выкладацца, што называецца, "з калёсаў". А гэта значыць, што выкладчыкамі трэба запрашаць найперш практыкаў, якія не толькі звонку сочаць за нашай эстрадай, але і непасрэдна "варацца" ў ёй і, галоўнае, самі часта становяцца "ініцыятарамі" тых стылёвых змен, што адбываюцца на эстрадзе. Толькі так - фарміруючы, развіваючы эстрадны працэс і адначасова выпрацоўваючы яго методыку - можна"скласці" эстрадных прафесіяналаў. Разам з тым, джаз, нават самы просты, - ужо "вышэйшая матэматыка" ў адносінах да "школьнай" нотнай граматы. Больш за тое, далёка не кожны акадэмічны музыкант з бліскучай адукацыяй здольны да імправізацыі: усё патрабуе ведання сваіх законаў, трэніроўкі і, галоўнае, адпаведнага слыхавога вопыту. - Усяму можна навучыць: было б жаданне,- лічыць выкладчык БДУКіМ і МДМУ імя М.Глінкі Уладзімір Фельгін. - Вучыць джазу тых пачаткоўцаўпершакласнікаў, якія ні інструмента ў руках не трымалі, ні да рытмікі, ні да гармоніі джазавай не прызвычаіліся, не мае сэнсу. Школа ва ўсіх павінна быць адна: гэта правільнае дыханне (ці, у залежнасці ад спецыфікі, пастаноўка рук) і тэхніка валодання сваім інструментам, уключаючы такі "інструмент", як голас. Калі ж чалавек мае адпаведную базу і, галоўнае, хоча, - перашкод ніякіх няма: ён і слыхавы вопыт будзе пашыраць, і авалодае ўсімі тонкасцямі імправізацыі. Зразумела, пачынаць такое навучанне лепей з дзяцінства, а не тады, калі музыкант ужо цалкам сфарміраваўся. Ва ўсім свеце ёсць спецыяльныя джазавыя школы, каледжы. У нас жа ранняе навучанне джазу яшчэ толькі-толькі пачынаецца - і тое выключна сіламі педагогаў-энтузіястаў. У мінскай ДМШ №14, да прыкладу, ёсць дзіцячы біг-бэнд, які стварыў Анатоль Яйчук. Ён паступова ўключае ў рэпертуар юных музыкантаў эстрадна-джазавыя творы, навучае ставіцца да іх асэнсавана. І гэта дае свой плён. Дадамо, што Салігорская ДШМ з 2006 года праводзіць Адкрыты дзіцячы фестываль-конкурс джазавай і эстраднай музыкі "Джаз-тайм". Чарговы, трэці па ліку, такі праект пройдзе сёлета ў маі. Адметнасцю "Джаз-тайма" з'яўляецца тое, што ў творчым спаборніцтве ўдзельнічаюць не адно салісты, як гэта было калісьці на Мінскім адкрытым конкурсе "Я граю джаз", але і калектывы - ансамблі і аркестры. Склад журы - міжнародны. Дый сярод удзельнікаў і гасцей чакаюцца калектывы з Літвы, Польшчы, Расіі, Швецыі.

 На "спецаў" разлічыся!

Але ўсё гэта - толькі пачатак, накіраваны, найперш, на больш глыбокі падыход да інавацый у пачатковай музычнай адукацыі. У 1980-я гэтай праблемай шчыльна займаўся кампазітар Валерый Галаўко, нават сваю кандыдацкую дысертацыю прысвяціў магчымым рэформам у гэтай сферы. Сутнасць яго падыходу - у розным навучанні будучых прафесіяналаў і аматараў: - Звычайна ўжо ў першыя гады заняткаў відавочна, з каго можа атрымацца прафесійны музыкант, а з каго - не. Але гэта не значыць, што падобных дзяцей трэба "адсейваць" або прымушаць іх усімі сіламі "падцягвацца" да ўзроўню больш адораных. Проста, прынцыпы навучання ў іх павінны быць адрозныя. Тое ж самае - са спецыялізацыяй прафесіяналаў. Ва ўсім ёсць свае тонкасці і не ўлічваць іх немагчыма. Пры максімальным пашырэнні агульнага кругагляду павінна быць і спецыялізацыя, скіраваная на самыя найноўшыя тэхналогіі ў кожнай сферы. Крыўдна, што столькі гадоў прайшло, а гэтыя пытанні па-ранейшаму актуальныя. Сапраўды, тое, што сёння з'яўляецца ўласнымі напрацоўкамі энтузіястаў, павінна атрымліваць усё больш шырокае распаўсюджванне. І пачынаць трэба - менавіта з пачатковай падрыхтоўкі, дзе закладаюцца асновы і будучай музычнай прафесіі, і, на жаль, часцяком "бетонны фундамент" далейшага неразумення добрага густу як у класіцы, так і на эстрадзе.

Дык дайце, дайце дапаможнік!

 А між тым, калі ноты класічных твораў адшукаць не праблема, дык добрых эстрадных зборнікаў педагагічнага рэпертуару не хапае. Няма выдадзеных навучальных праграм, падручнікаў, метадычных распрацовак, разнастайных дапаможнікаў. Асабліва адчувальна гэта ў рэгіёнах, дзе эстрадныя аддзяленні ўзнікалі пазней, чым у сталіцы. У Баранавіцкім музычным вучылішчы эстраднае аддзяленне з'явілася менш як тры гады таму: сёлета адбудзецца першы выпуск. У ім, дарэчы, усяго тры навучэнцы: двое вакалістаў і адзін інструменталіст, які навучаецца на электрагітары. - Цяпер узрасла колькасць і навучэнцаў, і спецыяльнасцей, - распавядае Вольга Вароніна, якая стаяла ля вытокаў эстраднага аддзялення ў Баранавічах. - Гэта сведчыць і пра запатрабаванасць такога навучання, і пра неабходнасць падобных кадраў, прадыктаваную часам. Скараціліся школы з творчымі ўхіламі, але стала больш эстрадных студый, выхаванцы якіх хочуць прадоўжыць адукацыю, зрабіць яе больш грунтоўнай, падмацаванай адпаведным дыпломам. А ў нас і з выкладчыкамі напружана, і зборнікаў па ансамблевых спевах не знойдзеш, і абсталявання не хапае - тых жа мікрафонаў, не кажучы ўжо пра сваю гуказапісваючую студыю. Стварылі свой эстрадны аркестр, вакальны ансамбль, якія рэгулярна выступаюць на розных гарадскіх пляцоўках, значыць, трэба дбаць і пра сцэнічныя строі для маладых артыстаў. У сталіцы, вядома, з усім гэтым прасцей...

А мюзікл - слабо?

 Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.Глінкі, па агульным прызнанні, забяспечвае вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі эстрадных музыкантаў сярэдняга звяна. За вышэйшую эстрадную адукацыю "адказвае" БДУКіМ, дзе створана добрая матэрыяльная база, а ў пераліку навучальных дысцыплін - усё, што неабходна эстраднаму артысту. - У прыватнасці, студэнты-вакалісты, - кажа пра сваіх "падапечных" заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, - вывучаюць і сцэнічную мову, і майстэрства акцёра, і харэаграфію, атрымліваюць сцэнічную практыку - у тым жа Маладзёжным тэатры эстрады. І ўсё б добра, але, на маю думку, ім не хапае комплекснага падыходу да назапашаных ведаў. Могуць добра прачытаць падрыхтаваны з выкладчыкам маналог - і не ўмеюць расставіць сэнсавыя акцэнты ў песні. Выконваюць танец - і не ведаюць, куды ў песні падзець рукі-ногі. Тут патрэбны і больш індывідуалізаваны падыход да кожнага навучэнца, і, магчыма, ажыццяўленне цэласных пастановак, спектакляў, у якіх былі б задзейнічаны ўсе "ўменні" адначасова. Дый музыканты-інструменталісты павінны больш шчыльна далучацца да пералічаных дысцыплін, бо часам не ўражваюць ні сваёй пластыкай, ні артыстызмам: спяваць з такой групай вельмі складана. Увогуле ж, неабходнасць адукацыі ў сферы эстрады сёння ўжо не выклікае сумневу. Доказам - тое, што сярод студэнтаў БДУКіМ і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (спецыялізацыя - "акцёр музычнага тэатра") апынуліся фіналісты праекта "Маладыя галасы Беларусі". - Кожны артыст разумее, - працягвае І.Дарафеева, - што яму патрэбна базавая адукацыя. І наадварот: кожны студэнт творчай ВНУ гэтак жа разумее, што не стане прафесіяналам без удзелу ў конкурсах, фестывалях, без пастаяннай, а не разавай, сцэнічнай практыкі. Гэтыя два бакі ўзаемадапаўняюць адзін аднаго, і той, хто наладжвае паміж імі гармонію, а не супярэчанне, аказваецца ў выйгрышы.

Крычаць? Інтэлект не дазваляе

 Практычна ўсе выкладчыкі (і найперш - тыя, хто сумяшчае педагагічную дзейнасць з актыўным канцэртаваннем) адзначаюць хібы платнай эстраднай адукацыі. На жаль, сюды ўсё часцей прыходзяць не тыя, каму "балаў не хапіла", а хто, вытрымаўшы прыёмныя іспыты, не мае рэальнага ўяўлення пра сваю будучую прафесію. Здараліся выпадкі, калі абітурыенты, і асабліва - іх бацькі, так і запытваліся (без аніякай прымесі гумару): маўляў, гэта ў вас на Фрэнка Сінатру вучаць? Пры гэтым імёны выканаўцаў вар'іраваліся, сутнасць пытання заставалася той жа. - Прасцей за ўсё, - кажа вядомы спявак Алег Сямёнаў, які выкладае ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на аддзяленні мастацтва эстрады (вакал), - пайсці па шляху караоке, капіруючы папулярных выканаўцаў. Менавіта гэтаму звычайна і пачынаюць вучыць непасрэдна перад выхадам на сцэну. Бо на тое, каб знайсці штосьці сваё, часу патрабуецца значна больш. Так, за тры дні можна зрабіць з выканаўцам песню. Але ж і само выкананне той песні атрымаецца - акурат на тры дні. На справе вучыць трэба - з дзяцінства. Бо галоўнае ў спеваку нават не голас, а- адукаванасць. Менавіта адукаванасць, а не проста вакальная адукацыя. Я не стамляюся паўтараць сваім выхаванцам: спевы - занятак інтэлектуальны, крэда спевака - інтэлект. У гэтым сэнсе, сапраўды: Фрэнкам Сінатрам ты можаш не быць, а цікавым, высокаадукаваным чалавекам павінен быць абавязкова. Гэта адразу вырашыць шмат праблем, найперш, з асэнсаванасцю выканання, бо жаданне "затмить" усіх сваімі дэцыбеламі і магутнасцю крыку сёння ўжо "не праходзіць". Калі ўвесь інтэлект будучага спевака - гэта "начынне" некалькіх папулярных расійскіх тэлеканалаў, дык аб чым можна гаварыць далей? Можна паставіць яму голас, навучыць добра рухацца, усміхацца, можна нават зрабіць з яго неблагую "спеўную ляльку" - толькі не спевака ў высокім сэнсе гэтага слова. Скажаце, тое ж тычыцца і акадэмічных выканаўцаў? Так. З адной толькі розніцай: у акадэмічную музыку не прыходзяць, як кажуць, "з вуліцы", а мінаюць па дарозе хацяб некалькі "папярэдніх этапаў". Таму, калі мы ўжываем такія трывалыя словазлучэнні, як "ваенная бяспека", "эканамічная бяспека", не менш запатрабаванай павінна быць і бяспека духоўная, якая, дарэчы, фарміруецца ўсім тым гукавым асяроддзем, што нас акружае, і ўласна інтэлектуальным полем кожнага з нас.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"