Дзень Мулявіна ў Доме Купалы

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

12 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыўся вечар памяці народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Уладзіміра Мулявіна, прымеркаваны да яго 69-га дня нараджэння. Тады ж прайшло закрыццё выстаўкі “Песня пра долю”, якая, як мы паведамлялі ўжо, стваралася ў рамках культурна-адукацыйнага праекта, прысвечанага 40-годдзю Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

 

Выстаўка за час сваёй працы пазнаёміла наведвальнікаў з разнастайнасцю калекцый аднаго з найстарэйшых музеяў нашай краіны і унікальнымі экспанатамі зусім маладога музея - Музея Уладзіміра Мулявіна, з матэрыяламі з сямейных архіваў Святланы МулявінайПенкінай, мастакоў - сцэнографаў музычных праграм "Песняроў" Леаніда і Валянціны Бартлавых, Галіны Крываблоцкай... На вечары ж, дзе сабраліся сябры-аднадумцы вялікага музыканта, яго родныя і блізкія, дзеячы культуры і мастацтва, прагучалі цёплыя ўспаміны пра Уладзіміра Георгіевіча. Сярод выступоўцаў былі Міхаіл Фінберг, Ігар Лучанок, Барыс Луцэнка, Марыя Захарэвіч, Уладзімір Скараходаў, Алег Молчан і інш. Напрыканцы вечара Ігар Лучанок бліскуча выканаў сваю "Спадчыну" на вершы Янкі Купалы.