Падарункі і варыяцыі

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Цягам вось ужо пяці гадоў у Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы паспяхова праходзіць дабрачынная калядная акцыя “Дзеці — дзецям”, у якой заўсёды прымаюць удзел жонкі паслоў і дыпламатаў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь.

 

Днямі ў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы з поспехам прайшоў чарговы дабрачынны канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі і педагогамі. Гасцей канцэрта прывіталі жонка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Людміла Сідорская, жонка саветнікапасланніка Пасольства Расіі - прэзідэнт Міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў і дыпламатаў Людміла Гурко, галоўны спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Муха і дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Зорыя Дусенка. У якасці гасцей у зале прысутнічалі выхаванцы сацыяльнапедагагічных цэнтраў і школ-інтэрнатаў Баранавічаў, Барысава, Вілейкі, Ляхавічаў, Радашковічаў, якія змаглі прыехаць у сталіцу дзякуючы дапамозе Міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў і дыпламатаў.

Праграма канцэрта была насычанай. Дзецям спадабаліся прывітанне Дзеда Мароза і Снягуркі, якія прыбылі ў Мінск з Вялікага Усцюга, а таксама танцы "На балі ў сувораўцаў", "Лялькі", "Чарцяня", "Эстонская полька", "Рускі пераскок", "Полька-кавалер", "Гавот", варыяцыі з балетаў "Дон-Кіхот", "Карнавал у Венецыі", "Спячая прыгажуня", "Шчаўкунок" у выдатным выкананні навучэнцаў БДХГК. Напрыканцы з рук Дзеда Мароза і Снягуркі дзеці атрымалі падарункі ад Міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў і дыпламатаў, а таксама цацкі і пісьмовыя прыналежнасці ад навучэнцаў гімназіі-каледжа.