“Лічба” з аб’ёмам

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Першым беларускім кінатэатрам, які адмовіўся ад працы са звыклай кінаплёнкай і цалкам перайшоў на лічбавыя тэхналогіі, стаў сталічны “Кіеў”. Да свайго саракагоддзя кінатэатр быў радыкальна мадэрнізаваны: цяпер у ім можна будзе (таксама ўпершыню ў краіне) паглядзець стужкі з аб’ёмнай выявай.

 

/i/content/pi/cult/246/3531/2-2.jpgПрагляд стужак з трохмернай выявай стаў магчымым дзякуючывыкарыстанню спецыяльнага абсталявання "Dolby 3D". Як растлумачылі карэспандэнту "К" ва УП "Кінавідэапракат Мінгарвыканкама", гэтая сістэма "пасіўнага" лічбавага стэрэа - самая распаўсюджаная ў краінах Еўропы, таму і была абрана для абсталявання адноўленага "Кіева". Распрацаваная некалькі гадоў таму сістэма прадугледжвае дастаўку стужак у кінатэатр на спецыяльных лічбавых носьбітах (вінчэстэрах), з якіх яны перапісваюцца на стацыянарны камп'ютэрны сервер. Праекцыя адбываецца праз адзіны лічбавы праектар са спецыяльным дыскам для стварэння на экране трохмернай выявы. Прагляд такіх фільмаў праходзіць у адмысловых акулярах, якія пасля кожнага сеанса здаюцца гледачамі персаналу кінатэатра і патрабуюць асобай санітарнай апрацоўкі і дэзінфекцыі. Апрача новага праекцыйнага абсталявання і прыстасавання для апрацоўкі акуляраў, "Кіеў" атрымаў 280 новых камфартабельных крэслаў і гукаізаляцыйныя панелі ў цалкам змяніўшай выгляд глядзельнай зале. Па-сучаснаму стала выглядаць і фае, дзе знайшлося месца для вадкакрышталічных інфармацыйных панелей і буфета. Што да рэпертуару, то пасля выклікаўшага ажыятаж фільма "Аватар" гледачоў "Кіева" чакаюць і іншыя трохмерныя стужкі. На жаль, вытворцы з краін былога СССР, у тым ліку айчынныя, пакуль не прапануюць стэрэастужак на лічбавых носьбітах. У бліжэйшых планах сталічнага кінавідэапракату - будаўніцтва сучаснага лічбавага мультыплексу на месцы былога кінатэатра "Авангард".

 С.А.

Фота Юрыя ІВАНОВА