“Беларусь — гэта ўсе мы”

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: Прыхільнасць да традыцый і маральнасці дапамагае Беларусі пераадольваць эканамічныя цяжкасці. Аб гэтым заявіў 8 студзеня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2009 год, якая адбылася ў Палацы Рэспублікі.

 

/i/content/pi/cult/246/3530/2-1.jpgПа традыцыі, гэтае мерапрыемства праходзіць у калядныя дні. Як адзначыў Прэзідэнт, гэта час не толькі весялосці і віншаванняў, але і глыбокіх роздумаў: з чым прыйшлі да вялікага свята, як пражылі мінулы год? Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што 2009 год быў вельмі складаны і напружаны для ўсёй планеты, і Беларусь не стала выключэннем. Аляксандр Лукашэнка цвёрда перакананы, што эканамічны крызіс - вынік крызісу духоўнага. "Людская зайздрасць, крадзеж, падман, спекуляцыі на фінансавых рынках, карупцыя накопліваліся гадамі і захліснулі ўвесь свет, - сказаў ён. - Духоўны крызіс нашмат страшнейшы за любыя эканамічныя ўзрушэнні, таму што пераадолець яго складаней, і затрачваецца на гэта больш часу. Здрадніцтва, подласць, хлусня раз'ядаюць душу, падрываюць фізічнае і маральнае здароўе не толькі асобнага чалавека, але і цэлых нацый, народаў". "Нашу краіну часта папракаюць у тым, што, паводле сваіх маральных асноў, яна як быццам бы засталася ў мінулым, не паддалася навамодным тэндэнцыям глабалізацыі. Што ж, магчыма, і так. Але я перакананы: гэта наша велізарная заслуга! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Нам трэба ганарыцца тым, што паняцці маральнасці і духоўнасці для нас па-ранейшаму святыя, на іх мы выхоўваем сваіх дзяцей, будуем дзяржаўную ідэалогію".

Аляксандр Лукашэнка лічыць: вопыт мінулага года з усёй відавочнасцю паказаў, што менавіта тыя краіны, якія стаяць на варце сваёй незалежнасці і духоўнай самабытнасці, лягчэй спраўляюцца з эканамічнымі праблемамі. "Нам дапамагаюць выстаяць лепшыя рысы нацыянальнага характару, прыхільнасць да традыцый і апора на шматвяковую гісторыю, - сказаў ён. - Выклікам сучаснай цывілізацыі можа супрацьстаяць толькі духоўнамоцная асоба". "Нашу рэчаіснасць ствараем мы з вамі ўласнымі рукамі. І толькі ад нас залежыць, ці будзе наша дзяржава маральнай. Менавіта таму наш галоўны арыенцір - пабудова дзяржавы для народа, - адзначыў Прэзідэнт. - Жыццё паказала, што абраны шлях - правільны". Адзінства і непарыўную сувязь пакаленняў, на думку Кіраўніка дзяржавы, прадэманстравала і ўсенароднае святкаванне 65-гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Няхай гэты магутны ўздым патрыятычнага духу паслужыць далейшаму згуртаванню беларускага народа", - сказаў беларускі Лідэр. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Год якасці ў Беларусі стаіць яшчэ больш маштабная задача: дабіцца паляпшэння жыцця людзей. "І вырашыць яе мы зможам, калі аб'яднаем намаганні і скажам сабе: Беларусь - гэта ўсе мы", - адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка лічыць сімвалічным, што дасягненні ў галіне культуры ацэньваюцца менавіта ў калядныя дні, паколькі сама атмасфера гэтага свята "дапамагае ўзняцца над будзённай мітуснёй, набыць апору ў хрысціянскай мудрасці".

Сярод лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльнай прэміі Кіраўніка дзяржавы - людзі розных прафесій, але ўсіх іх, як адзначыў Прэзідэнт, аб'ядноўвае адна агульная якасць - нястомнае служэнне беларускаму народу. "На такіх падзвіжніках трымаецца наша Айчына", - дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка ўручыў пяць прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" і дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім лаўрэатам, каб гэтыя прэміі сталі стымулам для далейшага прафесійнага росту і ўдасканальвання.

На здымку: у час цырымоніі ўручэння прэмій.

 Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА