У шматквецці пачуццяў

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Упершыню жаночыя гарадскія рамёствы сталі прадметам усеагульнага агляду ў Мастацкім музеі, што месціцца на тэрыторыі Бресцкай крэпасці. Каля двухсот твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – бацік, карункі, габелены, лялькі, упрыгожванні, адзенне – прадставілі 15 таленавітых жанчын з Брэста, Пінска, Давыд-Гарадка.

Не выпадкова арганізатары выстаўкі — супрацоўнікі музея і спецыялісты абласнога грамадска-культурнага цэнтра — назвалі яе “Таямніцы жаночых сэрцаў і рук”. Сапраўды, свае самыя патаемныя думкі і мары аб шчасці і долі ўмеліцы ўвасобілі ў работах, якія быццам свецяцца дабрынёй і шчырасцю. У цудоўных вырабах з бісеру і гліны, паперы і тканіны, выкананых з густам, стараннасцю, з любоўю, адчуваюцца традыцыі, якія выяўляюць повязь стагоддзяў.

Адзенне далёкіх продкаў удалося аднавіць Кацярыне Бялюк і яе сяброўкам з ваенна-гістарычнага клуба “Ойра”. Жанчыны даўно займаюцца рэканструкцыяй старадаўняга строю палешукоў. Сукенкі, спадніцы шыюць уручную з натуральных тканін, па якасці падобных да тых, што калісьці ткалі на кроснах. Фасон і колеравую гаму падбіраюць так, што адзенне добра гарманіруе з палескімі краявідамі, тымі ж вышыванымі абрусамі ды ручнікамі, іншымі самаробнымі рэчамі, якія меліся ў кожнай сям’і.

Адна з дэталей святочнага адзення жанчын — упрыгожанні з бісеру. Яго дзіўнае мігаценне надае прыемную жывасць і прывабнасць каралям, маністам, калье, таму вырабы з бісеру былі калісьці вельмі папулярныя. Шклянымі пацерачкамі аздаблялі падалы і рукавы адзення, галаўныя ўборы. У ХІХ ст. імі вышывалі сумачкі, кісеты, футаралы і пано, нават партрэты і нацюрморты. На выстаўцы цудоўныя ўзоры бісернай тэхнікі прадставіла Людміла Сушко. Колькі яна сябе памятае, увесь час хацела ствараць уласнымі рукамі што-небудзь, што радуе вока. Маленькай любіла разглядаць і перабіраць матуліны і бабуліны ўпрыгожванні з чэшскага шкла і крышталю. Калі падрасла — зацікавілася кнігамі, журналістыкай, замежнымі мовамі, але па-ранейшаму ёй карцела зрабіць нешта незвычайнае, накшталт бліскучага багацця ў бабулінай шкатулцы. Неяк у рукі трапіла кніга, па якой асвоіла прыёмы бісерапляцення. Добры прыклад у гэтай справе паказвала і маці. Па сённяшні дзень Людміла Аляксандраўна, настаўнік па адукацыі, не здраджвае свайму захапленню. Летась у Гродне нават прадстаўляла яго на заключных мерапрыемствах Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур.

Выстаўка знаёміць і з творчасцю Валянціны Пашкевіч — майстрыхі-карункапляцельшчыцы з Давыд-Гарадка. Ажурныя сурвэткі і абрусы, лёгкія сукенкі і хусткі — далёка не ўсё, што прадставіла і што ўмее рабіць Валянціна Аляксандраўна, кіраўнік аматарскага аб’яднання “Гаспадынька”, удзельніца эстраднага ансамбля “Каліна чырвоная”. Талентаў у яе хапае — вышывае, спявае, шые, любіць займацца хатнімі справамі, асабліва гатаваць і пячы. Чатырохгадовай дзяўчынкай Яна ўжо вышывала крыжыкам, кроіла і шыла для лялек. Ад маці навучылася плесці кручком. Потым самастойна па схемах асвоіла мастацтва карункапляцення.

Шчырая і адкрытая ў жыцці, добрая і непасрэдная ў адносінах з людзьмі, В.Пашкевіч лічыць, што здолела раскрыць сябе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і знайшла “сваю сцяжынку”. Захапленне творчасцю вызначыла яе прафесію, прывяло на выстаўкі народнага мастацтва і фестывалі фальклору ў Брэст і Мінск, ва Украіну і ў Польшчу. І вось цяпер яна шчыра дзеліцца сваімі здабыткамі з наведвальнікамі абласной выстаўкі.

Светлым жыццярадасным настроем пранізаны і работы Галіны Рабавай. Адораная мастачка ў аднолькавай ступені валодае прыёмамі вырабу габеленаў, прафесійна і цікава працуе з глінай. У экспазіцыі знайшлі месца яе насценныя дываны-карціны, дэкаратыўныя талеркі, па-мастацку стылізаваныя гліняныя пацеркі і званочкі. Здаецца, вось-вось зазвоняць яны, і іх вясёлыя галасы паклічуць у дом шчасце.

Марына Марчук, яе студэнты і выпускнікі Універсітэта імя А.С.Пушкіна прадставілі бацік, выцінанку, сілуэты, габелены. Любая з гэтых рэчаў магла б стаць упрыгожаннем сучаснай кватэры. Дасканаласцю выканання вылучаецца бацік.

Выразныя сілуэты Наталлі Крывіцкай, фантастычныя матылькі на фоне блакіту неба Веранікі Руско, галерэя вытанчаных вырабаў Вольгі Данілюк, чырвона-залацісты касцёл, які быццам выплыў з дзяцінства, Марыны Ліхван, іншыя творы яшчэ і яшчэ раз даказваюць: прыгажосць не ведае межаў. Яна жыве ў паэтычных душах, праз сэрца і рукі вяртаецца ў наш свет і ўзбагачае яго шматквеццем пачуццяў.


Алена КАПАЧОВА
Брэст