Аўтар 6 манаграфій і больш за 200 публікацый, Г.Галенчанка вядомы навуковай грамадскасці далёка за межамі сваёй краіны, найперш — як даследчык беларускай культуры і кнігадрукавання XVI — XVIII стст.
Мы пісалі пра факсімільнае выданне “Евангелля” Васіля Цяпінскага, пераклад і каментарыі якога зрабіў Георгій Якаўлевіч. Ён быў таксама складальнікам, навуковым кансультантам і аўтарам каментарыя да факсімільнага ўзнаўлення “Бібліі” Францыска Скарыны ў трох тамах, якая выйшла ў 1990 — 1991 гг. У сферы інтарэсаў навукоўцы — знакавыя постаці айчыннай культуры: Сымон Будны, Пётр Мсціславец і іншыя.
У свой дзень нараджэння Г.Галенчанка прымаў віншаванні ад кіраўніцтва і калег: спачатку — у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, а затым — у чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа. Супрацоўнікі бібліятэкі зладзілі прысвечаную юбіляру выстаўку “Гісторык з вялікай літары”, дзе прадставілі плён шматгадовай творчай працы даследчыка і педагога: кнігі, шматлікія артыкулы ў часопісах і зборніках, даклады на навуковых канферэнцыях. Тут можна было ўбачыць і выданні вядомых навукоўцаў з дарчымі надпісамі Г.Галенчанку.
Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны актыўнаму ўдзелу юбіляра ў падрыхтоўцы энцыклапедычных выданняў. Адразу прыцягвае ўвагу энцыклапедыя “Вялікае княства Літоўскае” — Г.Галенчанка з’яўляецца членам яе рэдкалегіі і аўтарам многіх артыкулаў. А стэнд з фатаграфіямі паказвае гэтага сціплага, нешматслоўнага, як і належыць сапраўднаму навукоўцы, чалавека ў хатняй абстаноўцы, у коле сяброў.
З цёплымі віншаваннямі ў адрас юбіляра выступілі дырэктар ЦНБ імя Я.Коласа НАН Беларусі Наталля Бярозкіна, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Ларыса Лісава, бібліёграф аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Рошчына, калегі-навукоўцы. Вёў імпрэзу загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Аляксандр Сцефановіч.
Не абышлося адкрыццё выстаўкі і без жартоўных сюрпрызаў. Супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў правялі конкурсна званне лепшага чытача аддзела, пераможцам якога быў прызнаны яго заўсёднік Г.Галенчанка, а ганаровы тытул музы-натхніцелькі навукоўцы атрымала яго жонка Людміла Сяргееўна.
Святлана ІШЧАНКА