Сагрэць агеньчыкам душы

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Напярэдадні Дня жанчын нам пашанцавала назіраць на Старадарожчыне і абагульнены вобраз беларускай Лады (гасціннасць тутэйшых жыхароў, як і адмысловасць мясцовых страў і напояў, даўно сягнула за межы Міншчыны), і небеспадстаўнае ўслаўленне ўласнай вёскі на прыкладзе пазалеташняга аграгарадка “Новыя Дарогі” (пра этымалогію дзіўных назваў “Старыя – Новыя” – крыху пазней), і неабыякавасць мясцовага кіраўніцтва ў асобе намесніка старшыні Старадарожскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Альберта Міхайлава да развіцця сельскай культуры, нацыянальнага беларускага мастацтва.

На пасадзе Альберт Аляксеевіч – больш за дваццаць гадоў. Скончыў Віцебскі педінстытут, знакаміты “мастграф”; Кіеўскі інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза журналістаў. Аўтар зборніка вершаў і песень “Спявай, труба”. На яго словы напісаны песні беларускімі кампазітарамі Леанідам Захлеўным, Вячаславам Шарапавым, а таксама мясцовымі музыкантамі. Адна з іх – “Яшчэ не вечар” – у 2001 годзе гучала на “Славянскім базары ў Віцебску” у прысутнасці трох прэзідэнтаў. Бацька трох сыноў і дачкі. Знаўца даўніны роднай Старадарожчыны. Аўтар герба горада. 

— Альберт Аляксеевіч, спачатку некалькі слоў пра назвы горада і вёскі, пра герб райцэнтра.
— Так, за гэтымі сімваламі — глыбокі сэнс, які ў пэўнай ступені тлумачыць і мінуўшчыну раёна, і кірункі ягонага перспектыўнага развіцця... У нас ёсць і горад Старыя Дарогі, і вёска аднайменная, поруч з гэтым паўнапраўна існуе (таксама з XVI стагоддзя) і вёска з найменнем Новыя Дарогі. Справа ў тым, што землі нашы спрадвеку былі забалочаныя. Але паколькі знаходзіліся яны на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў ад Масквы да Варшавы і ад Магілёва да Брэста, дык тут пастаянна сцяліліся гаці. На месцы сталага тракту ўзнікла паселішча Старыя Дарогі, на месцы больш пазнейшай гаці — вёска Новыя Дарогі. Менавіта з тае пары мінуўшчына назаўжды паядналася з сучаснасцю. І наш рух наперад заўжды мае грунтам старажытныя нацыянальныя традыцыі. Колішняя ізаляванасць па прычыне забалочанасці вымагала спадзявацца толькі на ўласныя кемлівасць, розум, вытрымку, працавітасць, сваяцкую ўзаемадапамогу. Таму заўжды Старадарожчына славілася заможнасцю і духоўнай, і матэрыяльнай. Як ні складана было, аднак і гавяды на падворках было шмат, і прымаўкі, прыказкі ды песні захоўваліся гэтак жа ашчадна, як і насенне зерня. Гэтую духоўна-матэрыяльную самадастатковасць, як мне падаецца, мы захавалі і на сёння. І ў працы, і ў творчасці. Прыклад таму — аграгарадок “Новыя Дарогі”. Мясцовыя работнікі культуры, дасведчаныя і кваліфікаваныя, план па платных паслугах (аж 14 відаў) летась значна перавыканалі. Значыць, — на сваім месцы. Умеюць прывабліваць, захопліваць. У іх і старыя песні гучаць па-новаму. І дзейнасць бібліятэкі-музея (тут поруч з кніжным фондам змешчана і экспазіцыя, прысвечаная мясцоваму СВК “Новыя Дарогі”) сельскага Дома культуры прыносіць не толькі духоўны, але і матэрыяльны плён. І пры гэтым — ніякага адрыву ад сельгасвытворчасці. Старшыня сельскагаспадарчага кааператыва Міхаіл Чачуха заўжды ведае пра клопаты вясковых культасветработнікаў, не толькі грашыма дапамагае, але і непасрэдным удзелам у любым агульнавясковым мерапрыемстве. І ў гэтым, я проста перакананы, вялікі сэнс. Мы павінны змагацца з абыякавасцю, фармалізмам, дылентантызмам, павярхоўнасцю... Так і нарадзілася ідэя герба Старых Дарог. На ім — кентаўр (спрадвеку быў на гербе колішніх уладальнікаў горада — князёў Гальшанскіх), які мае сілу жывёлы, а розум — чалавека, забівае зло ўласнай душы ў выглядзе хваста-змяі. І вынішчаць гэтую чэрствасць трэба мастацтвам: вершамі, беларускай песняй, тканым ручніком... І пачынаць трэба з сябе... І няпраўда, што кентаўр — толькі з грэчаскіх міфаў. Яму ўтульна і на нашых беларускіх Старых Новых дарогах...

— Мы ўжо сёння пераканаліся, што старадарожскі тканы ручнік — не проста хатняя аздоба, а сімвал неўміручасці мясцовага творчага духу, сімвал пераемнасці пакаленняў.

— Відаць, з Марыяй Аляксандраўнай Волкавай пазнаёміліся? Унікальная жанчына! Такія ў нас — на вагу золата. Хоць і ва ўзросце, але па-ранейшаму кіруе творчай майстэрняй па народным ткацтве пры раённым Цэнтры рамёстваў. Не толькі адрадзіла гэтае мастацтва, перадала яго чатыром унукам, але і вучняў у раёне не адзін дзесятак мае. І на “Славянскім базары ў Віцебску” яе цудоўна ведаюць, і ў Мінску, дзе гэтымі днямі ў абласной бібліятэцы імя Пушкіна выстаўка яе твораў ладзіцца. Волкава — не толькі проста майстрыца ад Бога і зямлі Беларускай, яна, па сутнасці, адзін з ідэолагаў раёна.

— Зрэшты, а што ўкладаеце, Альберт Аляксеевіч, у гэтае паняцце — ідэалогія?

— Прапаганду нацыянальнай свядомасці. І ніякім іншым агеньчыкам душу беларускую не сагрэеш! А пабачыць маладзён непаўторнае ткацтва Волкавай і, калі душа, як глеба да сяўбы, падрыхтавана да ўспрыняцця дабрыні, дык абавязкова запытаецца: а што гэты ўзор азначае, а што за колер такі, а ў чым агульны сэнс рэчы — ці толькі для ўбранства ці выцірання рук? А ў выніку гэтай цікаўнасці абавязкова прарасце і нацыянальная годнасць, і ўсведамленне месца Беларусі ў свеце ўчорашнім, сённяшнім і заўтрашнім. А потым маладзён гэты і дзяцей сваіх, і ўнукаў навучыць захоўваць ды памнажаць багацце продкаў, бо ў іх — наша душа. Вялікая справа! Паверце, займаюцца ёю нястомна і ўзорны харэаграфічны ансамбль “Расінка”, і народны ансамбль народнай песні і музыкі “Таліца”, і фальклорны калектыў “Набіліцы”, і народны песенны гурт “Раніца”, і іншыя самадзейныя калектывы і народныя майстры Старадарожчыны.

— У чым, Альберт Аляксеевіч, бачыце галоўныя праблемы культурнай дзейнасці на Старадарожчыне?

— Не буду шмат казаць пра ўмацаванне матэрыяльнай базы — рэч гэта неаспрэчная. Вялікую дапамогу аказвае нам у гэтым плане Мінскі абласны выканаўчы камітэт і асабіста Мікалай Фёдаравіч Дамашкевіч. Менавіта яму старадарожцы абавязаны заканчэннем будаўніцтва аднаго з лепшых у вобласці Палацаў культуры, які адкрыў у 2001 годзе Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І грашовыя ўкладанні тут цалкам апраўданы, бо на вачах абарочваюцца прыбыткам людскога даверу ў тым, што ўсе змены на вёсцы — дзеля агульнай карысці.

Самае галоўнае, лічу,— захаваць пераемнасць традыцый. Дзеля гэтага — імкненне памнажаць вясковыя філіялы раённага Цэнтра дзіцячай творчасці (3 ужо ёсць), Старадарожскай музычнай школы мастацтваў (на жаль, пакуль адзін філіял). Натуральна, не хапае кваліфікаваных кадраў. З вышэйшай адукацыяй у культуры — 20 працэнтаў работнікаў. У раёне— 14 ліцэйскіх класаў у сярэдніх школах (самая вялікая колькасць у вобласці), 50% выпускнікоў паступаюць у ВНУ, аднак ліцэйскага класа ад Універсітэта культуры і мастацтваў у раёне пакуль няма. Лічу, арганізацыя яго — самая бліжэйшая і неадкладная перспектыва. Не менш важная задумка — стварэнне дзіцячай студыі пры народным тэатры. Не дзеля таго, каб артыстаў стала болей, а каб на нашых вуліцах па-ранейшаму спакойна было, каб дзеці хутчэй адчулі сябе часткай адзінага арганізма, адзінай старановадарожскай сям’і. У талаку беларусаў збірае не толькі праца, але і творчасць. І клуб для мяне — не проста ўстанова культуры, аб’ект матэрыяльнай нерухомасці, а вельмі жывое і рухомае паняцце асяродку духоўнасці, урачыстага спрычынення да мастацкай самарэалізацыі.

— Сённяшняе так званае рэйтынгавае тэлебачанне — у яўным крызісе. Народ стаміўся ад экраннага негатыва. У такіх умовах тэлевізійнай духоўнай нішчымніцы работнікам культуры, як кажуць, і карты ў рукі. Што прапаноўваюць сёння вашы СДК, апрача кінасеансаў, дыскатэк ці чарговых вечарын?

— А я вас тут, даруйце, нічым не здзіўлю. Нашы СДК прапаноўваюць усё тыя ж, здавалася б, традыцыйныя мерапрыемствы: канцэрты самадзейнасці, танцавальныя вечарыны, сямейныя сустрэчы, але — на якасна іншым, як падаецца, узроўні. І не толькі ваш газетны дадатак “Куфар-радца” (два першыя нумары прагледзеў уважліва) да гэтага падштурхоўвае. Інфармацыйная прастора, у якой мы імкліва існуем, змушае нас нават дыскатэкі насычаць інтэлектуальным зместам, каб не толькі ногі нагружаць, але і розум.

Дарэчы, нашы дзі-джэі сталі пераможцамі абласнога конкурсу ў горадзе Барысаве. У нас, мяркуючы па анкетаваннях, ледзь не ўсе школьнікі літаральна прагнуць працягваць навучанне ў ВНУ ці сярэдніх спецыяльных установах. І гэта — свядомы пошук сябе, уласцівы толькі асобе творчай. Дзякуй Богу, бессэнсоўнае баўленне часу становіцца нямодным. Таму работніку культуры трэба адпавядаць часу, трэба аператыўна рэагаваць на запатрабаванні маладых, нават апярэджваць іх. І тут вельмі лёгка страціць давер, паказаўшы ў чымсьці некампетэнтнаць. Сітуацыя ў такім выпадку імгненна выходзіць з-пад кантролю. Так што, нашым работнікам культуры сучасную метадычную літаратуру з рук выпускаць нельга. Тым больш, што далейшая трансфармацыя дзейнасці клубных устаноў бачыцца мне ў больш прадметнай навуковай дзейнасці па пошуку і сістэматызацыі беларускага традыцыйнага мастацтва, больш глыбокім вывучэнні нашай гісторыі, архітэктуры і дзяржаўнасці.


Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Старыя Дарогі — Палажэвічы — Новыя Дарогі —Мінск