Знаёмства з Беларуссю праз… балет

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Тэмай свайго рэпартажу пра нашу краіну італьянскі фотамастак Гвіда Санчыліё абраў Беларускі балет. А стварыўшы на аснове здымкаў каляндар, на атрыманыя ад яго продажу грошы набыў апараты для дзяцей з паслабленым слыхам са школы-інтэрната ў Мсціславе.

Гвіда Санчыліё добра разумее, колькі намаганняў і нават ахвяр патрабуе тая прыгажосць і лёгкасць выканання, што скарае гледачоў падчас выступленняў. Балет аказаўся яму блізкі, мабыць, яшчэ і таму, што ў свой час Гвіда займаўся лёгкай атлетыкай, але пасля траўмы цалкам пераключыўся на фатаграфію. Быў фатографам і арт-дырэктарам у некалькіх вядучых фірмах, працаваў для Дома моды.

 /i/content/pi/cult/116/350/Balet1.jpg
Яго балетны каляндар не зусім звычайны. Для такіх здымкаў часцей выкарыстоўваюць спецыяльную студыю, робяць так званыя “пастановачныя кадры”, бо вельмі ж складана злавіць балетнае імгненне, ды яшчэ пры тэатральным асвятленні. Але ж Гвіда — злавіў. Усе яго здымкі — “жывыя”. І вельмі стыльныя. На спектаклях “Лебядзінае возера”, “Баядэрка”, “Стварэнне свету”, “Спартак”, а таксама падчас рэпетыцый было зроблена безліч фатаграфій, сярод якіх вельмі многа ўдалых. Некаторыя з іх Гвіда змясціў у альбом, паказаны прысутным падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры балета Рэспублікі Беларусь. Гартаючы яго, разумееш, што непасрэдна для календара ён абіраў нават не самыя адметныя, а тыя, якія складаліся ў адзіны стылёвы ланцужок. На ўсіх абраных фота, за выключэннем хіба па-снежаньску каляднага, больш колерава святочнага, артысты літаральна на нашых вачах “выходзяць з цемры”— нібыта з вечнасці. Вокладка календара акумулюе гэткую ж “графічнасць”: чорны абрыс балерыны на фоне аконнай рамы — быццам гэткі “тэатр ценяў” на фоне “акна ў свет”. Тамму невыпадкова, што ў Італіі каляндар, па словах аўтара, меў нават большы поспех, чым той, на які ён разлічваў.

Апошнія сем гадоў Гвіда часта прыязджае ў Беларусь. Прычым не як турыст, а з разнастайнымі дабрачыннымі праектамі. Адзін з іх, пад назвай “Усмешка для Круглага”, быў скіраваны на аказанне дапамогі дзецям з Круглянскай школы-інтэрната для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця.

Наступны — “За межамі цішыні”— быў зладжаны для дапамогі глуханямым дзецям у згаданай школе-інтэрнаце ў Мсціславе. А тры гады таму бацькі Санчыліё ўсынавілі хлопчыка з Круглянскай школы-інтэрната. Сеня Васілю, брату Гвіда, ужо 17 гадоў. Ён вучыцца ў школе, і вучыцца вельмі добра. Марыць стаць… пажарнікам. Сам жа Гвіда мяркуе, што, атрымаўшы добрую адукацыю, Васіль вернецца ў Беларусь, каб палепшыць дабрабыт сваёй роднай краіны.

— Беларусь — гэта сэрца Еўропы, — сказаў Гвіда Санчыліё падчас прэс-канферэнцыі. — На маю думку, яна развіваецца надзвычай хуткімі тэмпамі і мае вялікія перспектывы. Прыязджаючы сюды, я кожны раз бачу ўсё новыя пазітыўныя змены. У кожнай краіне — ад Еўропы да Афрыкі і Лацінскай Амерыкі — мяне як фатографа цікавіла розная тэматыка. У Беларусі я здымаў дзяцей з інтэрнатаў, гэтыя здымкі потым выдаваў у Італіі— таксама з дабрачыннымі мэтамі. А толькі ўвайшоўшы ў ваш Тэатр балета, адразу зразумеў, што хачу здымаць і тут. У балетных здымках мне хацелася паказаць складанасць і прыгажосць гэтага віду мастацтва. Я вельмі ўдзячны Валянціну Елізар’еву за тое, што ён даў мне поўную свабоду і магчымасць наведаць не толькі спектаклі, але і рэпетыцыі. Цяпер
 /i/content/pi/cult/116/350/Balet.jpg
мая мара — прывезці Беларускі балет у Італію, каб і мае суайчыннікі маглі атрымаць асалоду ад майстэрства вашых цудоўных артыстаў. А яшчэ я хацеў бы выдаць кнігу пра вашу трупу, і не толькі пра салістаў, але і пра кардэбалет, дзе таксама шмат вельмі яркіх асоб.

Мастацкі кіраўнік — дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь, народны артыст СССР, прафесар В.Елізар’еў пракаменціраваў дзейнасць Гвіда Санчыліё наступным чынам: “Я вельмі люблю “дзівакоў” — у лепшым сэнсе гэтага слова”. Сапраўды, як іначай назваць чалавека, які абсалютна шчыра і зацікаўлена гатовы дапамагаць беларускім дзецям і адначасова прапагандаваць беларускае мастацтва, укладаючы ў гэта свае грошы”.

Прыемна, што дабрачынныя памкненні і фотамайстэрства італьянскага госця былі заўважаны на дзяржаўным узроўні. Ён атрымаў запрашэнне здымаць артыстаў кіеўскага балета, а таксама стаць фатографам беларускай нацыянальнай зборнай па мастацкай гімнастыцы.

А 12 сакавіка ў Палацы мастацтва адкрываецца выстаўка “Джазавыя каты”, дзе сярод здымкаў фотамастакоў з васьмі краін свету ёсць і работы Гвіда Санчыліё.

  Надзея Бунцэвіч