Эфект “Адвечнай песні”

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Адной з вызначальных для культурнай прасторы краіны падзей сёлета стала 40-годдзе Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Снежань паднёс адразу дзве версіі бачання творчасці калектыву: канцэртную і музейную.

 

 

/i/content/pi/cult/244/3497/13-3.jpgПалац Рэспублікі 9 і 10 снежня прымаў удзельнікаў ансамбля розных гадоў на сваёй сцэне. Іх сабралося на ўрачыстасць каля дзесяці чалавек. Тэлеверсію ж святочнай дзеі падрыхтаваў да навагодняга эфіру канал АНТ. У гэтым кантэксце не прайшоў незаўважаным і культурна-адукацыйны праект, прысвечаны 40-годдзю "Песняроў", у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Выстаўка "Песня пра долю" з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Музея Уладзіміра Мулявіна пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі аб'яднала ў адной экспазіцыі рукапісы і прадметы, якія належалі творцам. Некаторыя рэчы, што дэманструюцца, ужо самі маюць гісторыю.

Да прыкладу, легендарная "двухствольная" гітара "Гібсан". Яна ў дзень адкрыцця стала цэнтрам экспазіцыі. Асноўны стрыжань выстаўкі - выданні і рукапісы творцаў, фотаздымкі, іх асабістыя рэчы. Прычым пададзены яны такім чынам, каб данесці да гледачоў духоўнае адзінства класікаў музыкі і слова. Самыя вядомыя песні ансамбля на вершы Янкі Купалы ілюструюцца рукапісамі і фота паэта, перадаюць тое, што закладзена ім у тэкст, адлюстроўваюць эпоху, калі пісаўся твор. А поруч - вехі Купалавага шляху "Песняроў" Уладзіміра Мулявіна: ад "Спадчыны", якую на прэзентацыі выстаўкі прадстаўляў народны артыст СССР, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Ігар Лучанок, і да "Малітвы" на музыку Алега Молчана, што таксама прысутнічаў на адкрыцці музейнага праекта. Зазначым, выступалі кампазітары і ў двухдзённым марафоне ў Палацы Рэспублікі.

 С.Т.