“ПАРТРЭТ” ВІЦЕБСКА Ў ДЭТАЛЯХ

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь экспануецца выстаўка калекцыі твораў Юдэля (Юрыя) Пэна са збору Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Экспазіцыя прысвечана 155-годдзю з дня нараджэння мастака і праводзіцца ў рамках доўгатэрміновага праекта “Культура не мае правінцыі”.

 

/i/content/pi/cult/244/3493/10-1.jpgЮрыю (так ён падпісваў свае карціны пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу) Маісеевічу Пэну было наканавана лёсам не толькі пакласці пачатак мастацкага жыцця ў Віцебску, але і ўнесці свой уклад у гісторыю еўрапейскага і сусветнага мастацтва ХХ ст. У 1891 г. ён пасяліўся ў Віцебску і там жа адкрыў сваю школу малявання і жывапісу - аснову будучай Віцебскай мастацкай школы. Ён пакінуў гораду над Заходняй Дзвіной вельмі каштоўную і велізарную спадчыну - калекцыю сваіх мастацкіх твораў (больш за 800 работ). На жаль, большая частка яе была згублена ў Вялікую Айчынную вайну за час знаходжання работ у Расіі. На сённяшні дзень у Віцебскім мастацкім музеі захоўваюцца 166 жывапісных і 17 графічных твораў, а таксама збор фотаздымкаў і дакументаў.Увесь збор мастака налічвае 370 музейных прадметаў. Работы Ю.Пэна, якія прадстаўлены на выстаўцы, даюць магчымасць раскрыць увесь дыяпазон мастака і, адначасова, прасачыць іх стылістыку і жанравую структуру.

 /i/content/pi/cult/244/3493/10-2.jpgЯгоная творчасць адрозніваецца глыбокім філасофскім сэнсам і жыццялюбствам, яна - узор велізарнай глыбіні і прафесіяналізму. Пранікнёнасць, мудрасць, нейкае асаблівае пачуццё годнасці ва ўсіх работах майстра. Ён спакойна, грунтоўна, рэалістычна апавядае, апісвае толькі тое, што цікава яму, што прыцягвае, трывожыць і захапляе. Цэнтральнае месца ў ягонай творчасці займае партрэт. Менавіта ў гэтым жанры найбольш поўна выявілася ўменне мастака пранікнуць у свет мадэлі, раскрыць яе характар. Нягледзячы на пастановачнасць некаторых партрэтаў, дбайнасць акадэмічнай штрыхоўкі і мяккасць затушоўвання, першае, што кідаецца ў вочы, - вернасць жыццёваму характару, настрою чалавека ў канкрэтнае імгненне. Асобна вылучаюцца партрэты старых людзей. Яны адрозніваюцца асаблівым псіхалагізмам. Кожная рысачка твару, зморшчыны, вялікія вузлаватыя рукі, сам нахіл галавы, погляд - усё кажа пра своеасаблівы душэўны склад партрэтуемага і яго жыццёвы шлях: "Партрэт старога яўрэя ў чорнай шапачцы", "Стары палкоўнік з мундзірам", "Стары з кошыкам", "Тынкоўшчык", "Шкляр"...

/i/content/pi/cult/244/3493/10-3.jpgВажную ролю ў творчасці Пэна адыгрываюць жаночыя партрэты. Асаблівасць гераінь мастака ў тым, што для яго жанчына рэалізавалася толькі ў жаноцкасці. Мастак любуецца жанчынай ад яе юнацтва да сталасці - і толькі, але гэта не выключае псіхалагічнай характарыстыкі мадэлей. Прызначэнне жанчыны, паводле Пэна, - захапляць, радаваць, упрыгожваць жыццё. Велізарная частка творчасці майстра прысвечана Віцебску, яго краявідам, гісторыі, побыту гараджан. Пэн сканцэнтраваны ў сваім мастацтве выключна на выяве характараў, тыпаў і сцэн навакольнай рэчаіснасці. Рэчаіснасцю гэтай было жыццё правінцыйнага Віцебска, дзе цесна перапляталіся, перасякаліся, узаемадзейнічалі розныя светапогляды, уклады, рэлігіі. Ён маляваў горад, як чалавечы твар, выпісваючы кожную дэталь у гэтым "партрэце", што можна ўбачыць у палотнах "Млын на Віцьбе", "Дамок", "Мост праз раку", "Хатка з плотам", "Вуліца", "Восень". У лісце свайму першаму настаўніку Ю.Пэну Марк Шагал у 1933 годзе так напісаў напрыканцы: "Ведаеце, што, нягледзячы на тое, што нашы дарогі ў мастацтве розныя, - я ўсё ж Вас люблю, люблю і заўсёды Вам удзячны...". У экспазіцыі "Калекцыя работ Ю.М. Пэна" сабрана некалькі дзесяткаў твораў, якія не выстаўляліся больш за 50 гадоў. Аматары мастацтва будуць мець магчымасць убачыць іх да канца студзеня наступнага года.

Таццяна ШКЛЯР, навуковы супрацоўнік інфармацыйнавыставачнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь