Экслібрыс з Вялікага княства

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Міністэрства культуры, Нацыянальная акадэмія навук, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі фонд культуры пасля набыцця нашай рэспублікай суверэнітэту актывізавалі захады па выяўленні і вяртанні вывезеных за межы краіны нацыянальных каштоўнасцей… Сёння такое вяртанне магчымае, найперш, дзякуючы найноўшым камп’ютэрным тэхналогіям. Апошні яскравы прыклад — лічбавы варыянт кнігазбору роду Храптовічаў.

 

/i/content/pi/cult/244/3491/14-3.jpgКласікі ў Шчорсах Бібліятэка гэтага роду пачала фарміравацца прыкладна з другой паловы XVIII стагоддзя. А ўжо праз колькі дзесяцігоддзяў кнігазбор у Шчорсах Наваградскага павета стаў адным з самых багатых і каштоўных у Рэчы Паспалітай, а пасля і ў Расійскай імперыі. Яго заснавальнік Іяхім Літавор Храптовіч, канцлер ВКЛ, міністр замежных спраў Рэчы Паспалітай, набываў кнігі ў час падарожжаў па Францыі, Германіі, Галандыі і, вядома ж, сваёй краіне. Значную частку калекцыі рэдкіх старадрукаў кнігазбору склалі кнігі з бібліятэкі кардынала Імперыялі ў Рыме, набытыя пасля яго смерці Храптовічам у 1793 - 1794 гг. Цікавы яшчэ і такі факт: вялікую колькасць геаграфічных карт падарыў Храптовічам польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які ў 1784 г., вяртаючыся з Нясвіжа, наведаў Шчорсы і, несумненна, пазнаёміўся з бібліятэкай. Ды яна была даступная не толькі для манархаў. Паводле сведчанняў гісторыкаў, некалькі разоў у Шчорсах бываў і Адам Міцкевіч. Даследчыкі ягонай творчасці сцвярджаюць, што ў бібліятэцы Храптовічаў паэт збіраў матэрыял для напісання паэмы "Конрад Валенрод". Таксама ў Шчорсах Міцкевіч працаваў над паэтычнай аповесцю "Гражына". У бібліятэцы пастаянна бывалі і Іяхім Лялевель, Уладзіслаў Сыракомля...

Пасля адыходу кнігазбору да сына Іяхіма Літавора - Адама - кнігазбор працягваў папаўняцца старадрукамі і новымі выданнямі. Менавіта ў гэты час, пасля вяртання з Сібіры, з 1841 да 1846 года бібліятэкарам у Шчорсах працаваў Ян Чачот, які актыўна дапамагаў Адаму Храптовічу камплектаваць бібліятэку. Але затым, як зазначылі бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Рошчына і даследчык бібліятэкі Храптовічаў Анатоль Фурс у кнізе "Памяць. Навагрудскі раён", кнігазбор перайшоў ва ўласнасць яго брата Іерэнея, а пазней - да пляменніка Міхаіла, рускага дыпламата. У гэты час каштоўныя выданні са Шчорсаўскай разыходзіліся па свеце, а сам кнігазбор зрабіўся недаступным для чытачоў. Новыя ўладальнікі бібліятэкі- Міхаіл і Канстанцін Храптовічы-Буцянёвы - вырашылі на пачатку ХХ стагоддзя перадаць кнігазбор на часовае захаванне ў бібліятэку Кіеўскага універсітэта святога Уладзіміра і зрабіць яго тым самым адкрытым для навукоўцаў.

Мяркуецца, што перадача кніг, якую курыраваў прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі, адбылася з умовай, што з адкрыццём універсітэта на беларускіх землях бібліятэка будзе вернута назад. Неўзабаве ў Мінску з'явіўся БДУ, пасля чаго рабіліся захады ў гэтым кірунку Наркаматам асветы. Ды з-за шэрагу юрыдычных супярэчнасцей кнігазбор Храптовічаў застаўся ў Кіеве. Вяртанне на DVD Па-новаму паглядзець на заблытаную сітуацыю і знайсці аптымальнае рашэнне ў справе рэстытуцыі каштоўнага кнігазбору паспрабавалі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У.І.Вярнадскага. Як адзначыла Галіна Кірэева, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ, удзельнікі сумеснага праекта цягам усяго шасці месяцаў ажыццявілі электронную рэканструкцыю бібліятэкі Храптовічаў, адлюстраваўшы пры гэтым яе лёс у ХХ стагоддзі, у тым ліку пад час Першай і Другой сусветных войн, а таксама яе сучасны стан. Першым крокам у гэтай справе стаў семінар,што прайшоў сёлета ў красавіку ў Кіеве і быў прысвечаны пытанням супрацоўніцтва дзвюх бібліятэк па праекце UNESCO "Стварэнне каталога "Бібліятэка Храптовічаў". У гэты ж час удзельнікі праекта з беларускага боку непасрэдна пазнаёміліся з выданнямі кнігазбору, але зразумела, што за невялікі час паспець апісаць больш як дзве тысячы кніг - не рэальна. З-за гэтага вырашылі пайсці па такім шляху, калі ў Беларусь дасылаліся лічбавыя выявы тытульных лістоў. Гэта стала своеасаблівым выпрабаваннем айчынных бібліёграфаў на ўзровень прафесіяналізму: супрацоўнік бібліятэкі мусіў беспамылкова зрабіць бібліяграфічнае апісанне і ідэнтыфікаваць выданне выключна па фотаздымку тытульнага ліста. У выніку за гэтыя паўгода, па словах Галіны Кірэевай, былі падрыхтаваны спісы, бібліяграфічныя апісанні крыніц, створаны і адрэдагаваны лічбавыя дублікаты, у прыватнасці, электронныя копіі тытульных лістоў і тэкстаў рукапісных кніг. Як паведамляла "К", у каталог увайшлі бібліяграфічныя апісанні і копіі тытульных лістоў інкунабул, палеатыпаў, кніг другой паловы XVI - XVII стст., выдадзеных, у тым ліку, і ў друкарнях ВКЛ.

Практычна на ўсіх кнігах можна ўбачыць экслібрысы ці іншыя надпісы, якія маюць непасрэднае дачыненне да бібліятэкі. У стваральнікаў дыска была магчымасць змясціць і некаторыя з арыгінальных і надзвычай каштоўных старадаўніх тэкстаў. Але перад гэтым, як сказала Галіна Кірэева, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі звярнуліся па кампетэнтную параду да доктара гістарычных навук, прафесара Георгія Галенчанкі. Улічваючы яго меркаванне, на дыску, да ўсяго іншага, змешчаны і паўнатэкставыя копіі такіх каштоўных рукапісаў, як Другі літоўскі статут XVI ст., Нататкі Міхаіла Млечкі XVII ст., а таксама выданне 1899 г. "Щорсовская библиотека графа Литавора Хрептовича" С.Пташыцкага. На дыск трапілі і каталогі "Biblioteka Veterum" з пазнакамі ўладальніка бібліятэкі ды сістэматычны і aлфавітны каталогі збору польскіх кніг "Zebranie Biblioteki Polskiej", што калісьці належалі Іяхіму Храптовічу. Дарэчы, у бліжэйшы час дыск "Бібліятэкі Храптовічаў" будзе перададзены ў Шчорсы: праз 100 гадоў частка кнігазбору ў новым абліччы вернецца на радзіму.