Ноткі настрою

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Пачатак вясны — час асаблівы. Якім бы ні было надвор’е, настрой “настройваецца” на вясновую танальнасць, у душы з’яўляюцца вясновыя ноткі: прадчуванне сонца і цяпла, гэткі рамантычны флёр, надзея, чаканне ўсяго самага лепшага. А калі яшчэ і дзень нараджэння прыпадае на гэтыя дні?..

2 сакавіка адзначыла 80-годдзе Арыядна Ладыгіна — доктар філасофскіх навук, знаны прафесар-эстэтык, музычна-тэатральны крытык. Адной з яе нядаўніх грунтоўных прац стаў дакументальна-тэатральны раман (у сямі дзеях, з пралогам і эпілогам) “Ларыса Пампееўна Александроўская” — кніга, прысвечаная легендарнай зорцы Беларускай оперы, якая, да ўсяго, даводзілася аўтарцы роднай цёткай. Ужо год, як Арыядна Барысаўна жыве ў Маскве, але не перастала цікавіцца ўсім, што адбываецца ў культуры Беларусі: прыязджала на з’езд Беларускага саюза кампазітараў і наведала, бадай, усе яго канцэртныя праграмы, рыхтуе да выдання збор артыкулаў. Ды што казаць, калі ў свае “8 з нулікам” яна і на лыжах катаецца, і машыну водзіць.У яе ёсць цудоўны прыклад для пераймання — Тамара Ніжнікава, якая ў “80 з хвосцікам” (дзень нараджэння ў яе быў учора) дасць фору маладым спявачкам, паказаўшы, што такое народная артыстка СССР і прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.На пачатак сакавіка прыпадаюць дні нараджэння яшчэ трох прыгажунь розных пакаленняў, аддадзеных мастацтву і творчасці: вядучай салісткі Беларускага балета Вольгі Гайко, знанага кампазітара Галіны Гарэлавай і заслужанага дзеяча мастацтваў, балетмайстра-рэпетытара Дзіны Браудэ, якая днямі адзначыла 70-годдзе.Акурат у Міжнародны жаночы дзень святкуюць свой дзень нараджэння такія адметныя музыканты, як народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, які зараз узначальвае Маладзёжны тэатр эстрады, а таксама Мірон Була — дэкан Акадэміі музыкі, дацэнт, уладальнік спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нястомны арганізатар ледзь не ўсіх міжнародных музычных конкурсаў, што праходзілі апошнім часам у Мінску.Праз тры дні 60-годдзе справіць яшчэ адзін дэкан БДАМ — заслужаны артыст краіны, прафесар Уладзімір Будкевіч, які і да сёння застаецца адным з самых актыўных канцэртуючых музыкантаў, у тым ліку ў складзе ансамбля салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.65 споўнілася Уладзіміру Перліну — знакамітаму віяланчэлісту, арганізатару і кіраўніку славутага камернага аркестра Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ.60 — кампазітару Станіславу Наско. Сёлетні пачатак вясны адзначаны і дзвюма гістарычнымі датамі.7 сакавіка споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння Васіля Залатарова — аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай беларускай кампазітарскай школы ХХ ст. Учора ж усе неабыякавыя да сваёй мінуўшчыны людзі маглі ўзгадаць 250-годдзе з дня нараджэння Восіпа Казлоўскага — кампазітара, які стаў знакавай фігурай не толькі ў беларускай музычнай культуры, але і ў расійскай: у многіх энцыклапедычных выданнях ён пазначаны як пачынальнік жанру “расійскай песні” (іншымі словамі, жанру побытавага лірычнага раманса, над якім ён плённа працаваў яшчэ на Беларусі). Далучыце сюды яго нашумелыя паланезы (адзін з іх — “Гром победы, раздавайся!” — быў нават расійскім гімнам), высокамастацкі Рэквіем, ство раны ў праваслаўнай Расіі з нагоды смерці апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама многія і многія апрацоўкі беларускіх народных песень, шэраг з якіх у свой час прыпісваўся яго сваяку — першаму расійскаму фалькларысту (беларускага паходжання) Васілю Трутоўскаму.Наконт Казлоўскага — гадаць не будзем. А ўсіх нашых “сакавіцкіх” сучаснікаў аб’ядноўвае сапраўдная “сонечнасць”, надзвычайная энергічнасць і павышаная патрабавальнасць да сябе. Можа, менавіта гэтыя “вясновыя” рысы і забяспечылі іх творчы поспех? 

Надзея Бунцэвіч