“Нямнога...”? Але і нямала

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

“Нямнога пра Валяр’яну Жолтак” — так называецца персанальная выстаўка работ таленавітай беларускай мастачкі, якой 13 снежня споўнілася б 90 гадоў.

 

/i/content/pi/cult/243/3472/13-1.jpg"Нямнога..." - таму, што жывапіснаму таленту Валяр'яны Канстанцінаўны Жолтак (1919 - 2000) у дзень яе юбілею адпавядаў бы па-сапраўднаму манументальны размах выстаўкі, да якога наша экспазіцыя павінна была б быць хутчэй камерным дадаткам. Тым не менш, у падборы твораў, якія прапаноўваюцца гледачу Гарадской мастацкай галерэяй Л.Шчамялёва, расстаўлены ўсе неабходныя акцэнты для таго, каб зразумець значэнне гэтай асобы ў гісторыі беларускага жывапісу, вызначаны важнейшыя напрамкі яе творчасці: нацюрморт, пейзаж, фігуратыўная карціна. На выстаўцы прысутнічае і малюнак, які прадстаўляе тут не самастойны раздзел, а, хутчэй, кухню мастака. Накіды і жывапісныя эскізы да вялікай, этапнай карціны В.Жолтак "Восень" (канчатковы варыянт захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь) - сведчанні практычна зніклага ў наш час класічнага працэсу работы над вялікай карцінай, з яго шматлікімі замалёўкамі і натурнымі эцюдамі, з пошукам сярод дзесяткаў і нават соцень варыянтаў самага выразнагакаларыстычнага і кампазіцыйнага рашэння.

/i/content/pi/cult/243/3472/13-3.jpgВаляр'яна Жолтак, працуючы над гэтай карцінай, піша груды бульбы на восеньскіх беларускіх палях як горы каштоўнасцей, і якасць яе жывапісу пераўвасабляе сцэны чорнай і бруднай працы ў ззяючае найтанчэйшымі каларыстычнымі пераходамі баляванне для вачэй. У экспазіцыю ўвайшлі таксама партрэты Валяр'яны Жолтак, створаныя яе калегамі - таварышамі па выездах на пленэры і проста сябрамі, а таксама некаторыя біяграфічныя дакументы. Кантэкст творчасці і кантэкст жыцця В.Жолтак паказаны таксама ў 15-хвілінным фільме "Палатно цягам у жыццё", створаным да цяперашняй памятнай даты рэжысёрам-дакументалістам Надзеяй Гаркуновай. Характар і ўзровень твораў В.Жолтак - бліскучага майстра жывапісу, а таксама новая хваля інтарэсу да эпохі, якую яна адлюстравала ў сваёй творчасці, дазваляюць лічыць, што выстаўка, фільм ды альбом, выданне якога рыхтуецца ў наступным годзе, будуць запатрабаваны не толькі музейным гледачом. І не толькі ў Беларусі.

Таццяна БЕМБЕЛЬ, дырэктар Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва

 Аляксандр РАДАЕЎ, са-куратар праграмы "Прыватная калекцыя" галерэі