“Прамая лінія” даступнасці

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

У народзе кажуць: калі сам сябе не пахваліш, — то ніхто не пахваліць. Вядома, сціпласць упрыгожвае чалавека, але... Бываюць выпадкі, калі замест далікатнага маўчання трэба распавядаць пра сябе з гонарам ды на поўны голас. Асабліва, калі справа тычыцца папулярызацыі сваёй радзімы — і “малой”, і “вялікай”. Несумненна, што ўсе высілкі, закліканыя прыцягнуць як мага шырокую ўвагу да адметных сваёй гісторыка-культурнай спадчынай беларускіх рэгіёнаў, не прынясуць сапраўднага плёну ў тым выпадку, калі рабіцца яны будуць адно “з цэнтра”. Без чыннага ўдзелу саміх уладальнікаў тых багаццяў у гэтай справе ніяк не абысціся. Тут, як і ў мностве іншых выпадкаў, патрэбна “ініцыятыва знізу”. Добры прыклад яе паказаў нядаўна Валожынскі райвыканкам.

Электронная брашура з музычным акампанементам

 Брашуры, буклеты ды іншыя матэрыялы, якія маглі б прадставіць той ці іншы рэгіён Беларусі гасцям і турыстам, у нас ужо, на шчасце, не дзіва. Але начальнік ідэалагічнага аддзела Валожынскага райвыканкама Алег Бобрык вырашыў пайсці трохі далей, скарыстаўшы дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу. Не так даўно да яго прыйшла ідэя ўславіць родны край з дапамогай інфармацыйна-прэзентацыйнага кампакт-дыска. Кіраўніцтва раёна гэтую ідэю ўпадабала, і неўзабаве яна была ўвасоблена ў жыццё.
Запусціўшы мультымедыйны дыск “Валожынскі раён”, карыстальнік бачыць на сваім маніторы карту свету. Праз хвіліну на ёй з’яўляецца маленькі значок, потым ён павялічваецца ў памеры, набываючы абрысы хрэстаматыйнага “кляновага лістка”. А потым, у сваю чаргу, і на карце Беларусі з’яўляецца маленькая кропка — уласна Валожынскі край. Такая вось повязь вялікага і малога, увасобленая з дапамогай флэш-анімацыі.Знаёмства з “начыннем” гэтага кругляка з лазерным напыленнем варта пачаць з прывітальнага слова старшыні Валожынскага райвыканкама Івана Маркевіча, які ад імя мясцовай улады выказвае ўпэўненасць, што “разам з цудоўнымі, добрымі і працавітымі людзьмі Валожынскай зямлі мы здолеем вырашыць пастаўленыя перад намі маштабныя задачы, пераадолець усе цяжкасці і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень”.
Дыск тэматычна ахоплівае ўсе бакі жыцця раёна — прамысловасць, сацыяльную сферу, культуру... Міжволі адчуваеш перавагу мультымедыйнага прадукту над звычайным папяровым выданнем: кнігу з музычным акампанементам па ўсіх старонках пакуль яшчэ, мусіць, не прыдумалі. А тут ёсць магчымасць паслухаць нават і гімн раёна.
Стварэнне гэтага прадукту Алег Бобрык звязвае са сваімі непасрэднымі службовымі задачамі: спрыяць фармаванню належнага іміджу Валожынскага краю.
— Наш раён наведвае багата гасцей, якія прыязджаюць з розных мясцін з дзелавымі візітамі альбо па лініі культурнага абмену, — кажа ён. — І хацелася б, каб у іх склалася цэласнае ўражанне пра наш край. Усё на словах не распавядзеш! Таму, лічу, нам трэба актыўней асвойваць новыя формы работы.
Мультымедыйная прэзентацыя, тэхнічны бок якой райвыканкам даручыў выканаць прафесіяналам з адной мінскай фірмы, сапраўды выглядае куды больш пераканаўча, чым звычайныя аповеды. І сведчыць таксама, што высокія тэхналогіі сёння ўжо асвоены і ў нашай глыбінцы.
— Лічу, што для ідэалагічнага работніка вельмі важна ўмець карыстацца камп’ютэрнымі тэхналогіямі, — адзначыў Алег Бобрык. — Сёння я ўжо не ўяўляю без іх сваёй працы. І ў наш час гэта цалкам заканамерна.

Першы блін” мультымедыйнай бібліятэкі 

Першыя бліны, калі верыць прымаўцы, не заўсёды маюць прывабную форму. Не абышлося без недахопаў і гэтым разам. Бадай, найпершы з іх — сам аб’ём прэзентацыі, якая займае ўсяго 8 з паловай мегабайт — прыкладна адну дзевяностую ёмістасці дыска! Сцісласць — не заўсёды сястра таленту, і архітэктурныя помнікі краю можна было б прадставіць не толькі фотаздымкамі некаторых з іх, а больш падрабязнай інфармацыяй. Гэтаксама як і раздзел, што апавядае пра славутых выхадцаў краю. Балазе, лішне нават нагадваць, што і архітэктурнымі помнікамі, і знакамітымі землякамі Валожыншчына надзвычай багатая.
Пэўныя заўвагі можна зрабіць таксама і адносна фактаграфічнага матэрыялу. Прыкладам, ксёндз У.Чарняўскі, які яшчэ за савецкім часам цалкам пераклаў на беларускую мову Біблію, так і не атрымаў біскупскага сану — насуперак пададзеным у прэзентацыі звесткам. А выкладзеная на дыску версія паходжання назвы мястэчка Івянец, думаецца, выкліча сумнеў не толькі сярод спецыялістаў па тапаніміцы і знаўцаў гісторыі: “У даўніне праз мястэчка праязджала прынцэса ў карэце. На выбоіне карэта нахілілася, — і ў прынцэсы ўпала карона. Паколькі насельніцтва тады размаўляла на польскай мове, прынцэса пачала крычаць: “Ой, вянец, ой, вянец!”. Мусім зазначыць, што ў ХІV ст. па-польску магло размаўляць хіба насельніцтва самой Польшчы.
Але, насуперак гэтым невялікім заганам, можна згадаць карысны даведачны матэрыял, змешчаны на дыску — напрыклад, карту Валожына і прамыя тэлефоны старшыні райвыканкама ды яго намеснікаў. Відавочна, мясцовыя ўлады ўскладалі на гэтае выданне і яшчэ адну функцыю: зрабіць саміх сябе больш адкрытымі і даступнымі.
Урэшце, магчымасцей для ўдасканальвання ініцыятывы і яе ўвасаблення ў заўзятараў з Валожыншчыны дастаткова. Галоўнае, каб хапала імпэту працягваць распачатую справу. А імпэту А.Бобрыку пазычаць не трэба. Начальнік ідэалагічнага аддзела распавёў карэспандэнту “К”, што прэзентацыйны дыск Валожыншчыны — гэта толькі першая ластаўка, якая распачынае цэлую серыю мультымедыйных выданняў, закліканых грунтоўна і поўна адлюстраваць розныя аспекты жыцця краю: і мінулага, і сённяшняга. Сам дыск начальнік ідэалагічнага аддзела ахарактарызаваў, як свайго кшталту “пробны каменьчык”, наўздагон якому будуць і іншыя, — ажно пакуль не ўтворыцца цэлая мультымедыйная бібліятэка Валожыншчыны.
У самых бліжэйшых планах аддзела А.Бобрыка — стварэнне сайта, прысвечанага раёну. Рэгіянальных рэсурсаў, на шчасце, цяпер не бракуе, ды і Валожыншчына ўжо мае адзін свой партал. Аднак зусім не часта іх стварэннем займаюцца не энтузіясты, а непасрэдна прадстаўнікі мясцовых улад.
Пакуль што дыск прызначаны адно для падарунка ганаровым гасцям раёна — у крамах ён не прадаецца. Аднак А.Бобрык мяркуе, што з часам сітуацыя зменіцца, і гэты прадукт займее належны попыт сярод турыстаў, для якіх ён прызначаны не ў апошнюю чаргу.  


Прапановы на розныя  густыусты

Складаецца ўражанне, нібы турызм на Валожыншчыне ўжо (ці яшчэ толькі?) робіць свае першыя сур’ёзныя крокі. Прычым, крокі гэтыя ўпэўненыя і, галоўнае, — у правільным накірунку. Пры райвыканкаме існуе аддзел, што курыруе пытанні спорту і турызму, а не так даўно ў горадзе было створана унітарнае прадпрыемства, якое, па сутнасці, выконвае функцыі тураператара.
Пачуўшы ад начальніка аддзела спорту і турызму Валожынскага райвыканкама Інгі Малашкевіч пра іх праекты і планы, я пераканаўся ў тым, што здаровай крэатыўнасці мясцовым “арганізатарам адпачынку” таксама не бракуе. Некаторыя з гэтых праектаў скіраваныя, перадусім, на жыхароў краю, некаторыя — як, напрыклад, водныя вандроўкі, — могуць зацікавіць і прагных да свежага паветра мінчукоў, а некаторыя прызначаны для адмысловых мэтавых груп.
Паколькі раён славіцца сваімі лясамі, у тым ліку і непралазнай колісь Налібоцкай пушчай, ён здавён прываблівае багата паляўнічых з розных краёў. Аддзел спорту і турызму плануе арганізаваць для іх комплексны адпачынак у вольны ад палявання час, які б уключаў знаёмства з беларускім фальклорам і, вядома, нацыянальнай кухняй.
Задумваюцца на Валожыншчыне і наконт развіцця ўязнога турызму.
Прычым, задумваюцца ўсур’ёз, ствараючы арыгінальныя прапановы для канкрэтных людзей. Па словах Інгі Малашкевіч, ухіл яны плануюць рабіць на так званым “настальгічным турызме”. Зважаючы на тое, што Валожынскі ешыбот некалі быў цэнтрам яўрэйскай духоўнай асветы сусветнага маштабу, а былы прэм’ер Ізраіля Шыман Перэс родам з вёскі Вішнева, можна цалкам прагназаваць цікавасць да краю турыстаў з Ізраіля. Праўда, на сёння ажыццяўленню гэтай задумы перашкаджае немалаважная акалічнасць — будынак ешыботу па-ранейшаму знаходзіцца ў кепскім стане. Рэлігійнае яўрэйскае таварыства, на баланс якога ён быў перададзены, пакуль не змагло яго адрэстаўраваць.
— Наша унікальная прырода, архітэктура, мясціны, звязаныя са знакамітымі людзьмі, сведчаць за тое, што турыстычны патэнцыял раёна папраўдзе вельмі вялікі, — кажа Інга Малашкевіч. — І нам належыць навучыцца яго выкарыстоўваць...
Безумоўна, гэтыя словы можна дапасаваць не толькі да Валожынскага краю. І цешыць тое, што канкрэтныя захады па захаванні, павелічэнні і, урэшце, выкарыстанні гэтага патэнцыялу ўжо робяцца — вядома ж, не толькі не Валожыншчыне. Імгненнага пераўтварэння беларускіх рэгіёнаў у “турыстычныя Меккі” чакаць не выпадае, аднак...
Прыйдзе час, і зробленыя высілкі абавязкова прынясуць плён.

Ілля СВІРЫНК