Віртуоз і яго эпоха

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Новая выстаўка эстампа, падрыхтаваная Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, прысвечана майстэрству Дзмітрыя Малаткова — друкара з 58-гадовым стажам.

 

/i/content/pi/cult/243/3469/12-2.jpgСёння ў Беларусі ў мастака ёсць тры спосабы надрукаваць свае графічныя працы: ва ўласнай майстэрні, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ў творчай майстэрні пры Мінскім мастацкім камбінаце. Але асноўная колькасць эстампаў у Беларусі была створана менавіта ў майстэрні Мастацкага камбіната. На працягу больш як паўвекавой гісторыі ў майстэрні разам з Дзмітрыем Малатковым працавалі ў розны час усе пакаленні мастакоў-графікаў, пачынаючы з такіх вядомых імён у беларускім мастацтве, як Аляксандра Паслядовіч, Анатоль Тычына, Сямён Герус, Лазар Ран, Іван Раманоўскі, Арлен Кашкурэвіч, Георгій і Наталля Паплаўскія, Алена Лось, Барыс Забораў, Васіль Ткачук, Леанід Марчанка, і заканчваючы зусім маладымі мастакамі - нядаўнімі выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Супрацоўнічаюць з Малатковым і графікі з Расіі, Украіны, Літвы, Казахстана, Германіі, Францыі. У 1999 годзе ўпершыню ў Беларусі ў Мінску была арганізавана праца беларускафранка-нямецкай лабараторыі па літаграфіі.Мастакі з трох краін разам працавалі ў Малаткова. Гэтая сумесная творчасць была падтрымана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным мастацкім музеем, Інстытутам Гётэ і Аддзелам культуры Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Высокай якасці эстампа нельга дасягнуць без творчага падыходу і вялікага вопыту майстра-друкара. Дзмітрый Малаткоў валодае прыроджаным мастацкім чуццём, рэдкім дарам тонка зразумець задуму мастака і адначасова веданнем спецыфікі матэрыялу, уласнымі прафесійнымі сакрэтамі, што дазваляе яму быць не проста рамеснікам, выканаўцам чужой задумы, але і сааўтарам твора графічнага мастацтва. У майстэрні мастацкага камбіната, дзе працуе майстар, захаваліся і знаходзяцца ў добрым стане унікальныя стогадовыя станкі для ручнога друку гравюры, а таксама літаграфскія камяні. Сёння мастакі, абапіраючыся на высокі прафесіяналізм майстра-друкара, прадаўжальніка старых друкарскіх традыцый, ствараюць узоры станковай графікі. "Майстэрня Малаткова" (так кажуць прафесіяналы) дае магчымасць графікам ажыццявіць сваю задуму практычна ва ўсіх тэхніках мастацкага друку, такіх як літаграфія, афорт, ксілаграфія, лінагравюра... Найвышэйшы прафесіяналізм Малаткова даў магчымасць дзесяткам беларускіх графікаў прадставіць культуру Беларусі і за мяжой. Добры майстар незаменны. Дзмітрый Малаткоў - Майстар з вялікай літары, сапраўдны віртуоз графічнага аркуша. Знакаміты мастак Барыс Забораў сцвярджае, што майстроў такога высокага класа - усяго два ў Еўропе: адзін у Італіі, і Малаткоў - у Беларусі. Толькі ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея захоўваюцца каля 4000 эстампаў больш чым 90 аўтараў, з якімі працаваў майстар. Можна толькі выказаць здагадку, колькі твораў мастацтва дзякуючы Дзмітрыю Васільевічу ўпрыгожваюць наша жыццё. Частку гісторыі развіцця і сусветнага прызнання беларускага эстампа другой паловы ХХ стагоддзя можна без перабольшання назваць «эпохай Малаткова».

 Святлана РЖЭУЦКАЯ, Марыя КАРЭЛІНА,

супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь